Частымі падарожнымі на шляхах да маёнткаў, фальваркаў ды гаспадарскіх двароў былі возныя са шляхтай, якія з судовымі даручэннямі калясілі па наваколлі, намагаючыся за светлы дзень паспець зрабіць усе свае справы. Еще по полудню можа быт година або две, а до нешпору дей далеко ещо было, яко ж мне, возному и той стороне при мне будучой, панове Стецкевичове слонце оказали, или еще было высоко…
Раздзел 4, артыкул 17 Статута наказваў вознаму “з стороною шляхтою” шукаць патрэбнага чалавека, каб уручыць яму позву, паўсюль …при церкви, в суде, на дороге, и на каждом месте, где бы только его застати и найти мог… Амаль 400 гадоў таму, у самым пачатку кастрычніка, мусіць, у самую “восень сярэднявечча”, па дарозе з Незвижа да Менска ехаў самотны вершнік на інаходніку шерстю половой, на прыгожым сядле малеваным. Апрануты ён быў па-шляхецку: у жупан фалюндышавы са шнурамі жолтою каразею падшитый, шлык мармуровы атласам зялёным поволочоный, убранне фалюндышавае бурнатнае, поес едвабный турецкае работы, саф’янавыя боты. Пры ім былі некаторыя рэчы: нажы маскоўскія, хустка турэцкая, шабля оправная золотистая. Няблізкая, ды й недалёкая дарога з Нясьвіжа да Менску. Ёсць час для роздуму, для сузірання. Дарога вядомая й невядомая. Сёння дождж, заўтра – блакіт. Сёння аблокі загрувасцілі небасхіл, а колісь адно дрэвы ратавалі ад бязбожнай спякоты… Хто ён, самотны вершнік? Акты захавалі ягонае імя – Станіслаў Збуйнеўскі, служэбнік віцебскага ваяводзіча Юрыя Паца. Захавалася гэта таму, што да Менску шляхціч Станіслаў не даехаў, і цела ягонае знойдзена не было, бо недоежджаючы корчмы пана Еноха Кавячынского, называемое Кухтич, недоеждаючы мосту… ён быў гвалтоўна спынены, абрабаваны, забіты й немаведама куды схаваны. Нагода забойства паўсюдная – прагнасць да чужога. Падарожны меў пры сабе грошы: уласныя і гаспадаровы.А па дарозе з сяла Матарова да Смілавічскай царквы св. Юрыя ў самыя Велікодныя дні рабаўнікі спынілі і абрабавалі матароўскіх сялянаў, паздымаўшы з іх святочную вопратку убранне новое сукна белого, сермягу сукна белого, кажух новы, колпак лисами подшыты,
а таксама рушник долгий ткацкий дый іншае.Часцей за ўсё здарэнні адбываліся ночным а злодейским обычаем
ці надвячоркам, як, прыкладам, адбылося з Дзмітрыем Закалічам праве на заходе сонца на добровольной дорозе на врочыщу у Сосен радовых, не доеждчаючы Ляховое Луки, неподалеку Менска, ці калі бралася вжо на вечор і дарогу даводзілася асвятляць лучынай ці свечкамі. Ці на малой і невядомай дарозе, ці на гостинцу великом звыклом, ці ўдзень, ці ўначы сыходзіліся шляхі ката і ахвяры, а вынік іх драматычнай сустрэчы рабіўся яшчэ адным радком ў судовых кнігах.Рабаўнікі з’яўляліся перад агаломшанымі падарожнікамі раптоўна, рэдка калі па адным, часцей са слугамі і памагатымі, ці то з лесу, ці знянацку выпадшы з закустовя.
Вось якім чынам апавядае пра такі выпадак зямянін Аляксандр Ляўковіч: …выпадшы з закустовя земенин… Иван Песляк… не маючы до мене ниякое потребы, сам особою своею с кием, а маючы з собою многих помочников с косами, которых он сам лепей знает… учынивши окрык «Бий! Забий!» мене дей невинне сам рукою своею кием збил… и если бым на коню не рушыл, подобно бы мне он смерти приправил… И гонечи за мною, похвалку на здорове мое учынил, мовечы злыми словы, яко се ему подобало: «Иж дей о том собе ведай, што… от мене згинеш и жив не будеш!».