Апроч здарожаных і знямоглых падарожных, што ўласнымі нагамі вымяралі мілі сваёй і чужой зямлі, па дарогах таксама ездзілі на конях, калёсах, вазах, падводах, каваных карэтах, калі выпадаў снег – па гостинцах зимних
на санях. Апошнія, у сувязі з раннімі завеямі, выцягваліся ўжо пры канцы восені, як сведчаць пра тое актавыя запісы. Чалавек імкнуўся ўпрыгожыць гэтыя сродкі руху, як з павагі да самога сабе, так і да дарогі.Так, сані прыгадваюцца малеваные
, воз – нарадный, а што тычыцца конскіх рыштункаў, дык гэта цалкам залежала ад заможнасці падарожніка. Выкарыстоўваліся сёдлы з лямцам, казацкія, гусарскія, турэцкія, крытыя саф’янам, возніцкае, подмалеваны демид роботы острозское, а таксама сядло маляванае з радом мосендзовым.Каля возу мог бегчы сабака, суправаджаючы гаспадара ў далёкую ці не вельмі дарогу. Калматы, шерстю половы, руды
ці кары… – захавалася шмат апісанняў гэтых верных чалавеку спадарожнікаў.Другая дзейная асоба дарогі, чые адбіткі перамежваліся са слядамі чалавека – конь. Конь вороной белокопытный, конь шерстю половый иноходник, конь шерсцею белою, конь мышатый белокопытный, шпаковатый, кары, тисовы, рыжарабы, темно-сивой лысы, стрекаты, кони почтовые турецкие и стадные, езные и робочые, шлехедские, конь дворный возничок панский, коник дрыкгантик рыжый.
Менавіта такі статак мог бачыць падарожны дзе-колечы ўздоўж дарогі на ўзыходзе сонца: …на свитаню стадо свиреп и кони ездные валахи на паши за пастухом ходили…Конь – верны памочнік і спадарожнік, аб’ект куплі й продажу, сведка крадзяжу й злачынства. Неаднойчы ў актах сустракаліся факты гвалту ў дачыненні да коней, калі злодзеі білі іх абухамі й кіямі, ледзь не забіўшы да смерці. …видел… коня шерстю сивого, шаблями зрубаного, а меновите на крыжу видел рану тятую, а на хвосте… две раны тятых крывавых на стегне…
Дарогі крыжаваліся, сыходзіліся і разбягаліся ў розных кірунках, складалі заблытаныя малюнкі на мапе-зямлі, якія, мабыць, былі бачныя адно птаству ў небе. Але ж пачаткам шляху звычайна з’яўлялася вуліца населенага месца, менавіта таму малюнак асноўных вуліц горада практычна не мяняўся на працягу стагоддзяў, бо яны былі звязаныя з кірункам вялікіх дарог і таму мелі адпаведныя назвы. У 1600 г. дарога, што вяла ў бок Магілёва, у Менску пачыналася з вуліцы Вялікай Магілёўскай. Пэўна, што гостинец великий виленский
браў пачатак з Віленскай вуліцы, таксама былі і іншыя кірункі. Існавалі і такія дарогі, якія пачыналіся ля гаспадарскага ганку і вялі да рэчкі, г. зв. дорога выгонная; праціналі наскрозь гай, закручваліся обапол раки. Здаралася і так, што раптам даўняя, звечыстая дарога знікала, яе межы руйнаваліся і тады паступала чарговая скарга ў суд, як, прыкладам, ад каралеўскага ляснічага кн. Івана Палубенскага на зямяніна Яна Гашчоўскага за захоп слонімскай пушчы і псаванне старадаўняй дарогі: доргу старожитную давно от ревизоров господарских до села королевского Ходаков положоную гвалтовне заорал, границы и копцы старые попсовал и ново свои засыпал…