Сустрэлася ў тагачасных запісах і цікавая разрозненасьць тэрмінаў “дарога” і “шлях”: а на том месцу, где тых подданных побито и кони побрано, виделом
шлях немалый, што люди и кони потоптали обапол дороги….Сярод вялікай колькасці шляхецкіх тэстаментаў, якія занатаваныя ў актавых кнігах, сустрэўся адзіны выпадак, калі зямянін Берасцейскага ваяводства Ян Лазавіцкі ў 1591 г. прасіў быць пахаваным каля дарогі, хаця традыцыя гэтая, паўсталая з часоў антычнасці, тут, на нашых землях, была цалкам іншай. Ля дарог маглі быць хаваныя адно чараўнікі. Тело мое грешное, абы яко земля, земли отдано, и было поховано водлуг обычаю хрестянского на полю моем властном под грушою, подле дороги, которая идет с Кобрыня до Городца, а негде индеи.
На ростанях дорог
, апроч люду подорожного, спрацаваного, ці такіх, якія былі з краю далекого… сустракалася безліч іншых, што скіроўваліся ў розныя бакі тагачаснага свету. Хто ў свае маёнткі на Падляшша ку Короне Польской, хто на Валынь, хто на Русь, хто на вайсковую паслугу ў Інфлянты, хто ў Жамойцію, а хто ў Менскі край до тутошнего места Менского до Литвы, ці да земли Новгородское, а хто яшчэ далей… Геаграфія купецкіх таварў, што траплялі ў Княства, была наступнай: Венецыя, Турцыя, Швецыя, Польшча, Персія, а мясціны, куды часцяком наведваліся купцы ды студэнты, – Познань, Крулявец, Кракаў, Торунь, Люблін, Велянова.Чалавеку вандроўнаму, які блукаў па дарогах ды шукаў прытулку на ноч, даводзілася вырашаць, где бы похотел мешкати и пожывене собе обмышляти,
каб не застацца сам-насам з начной невядомасцю і верагодным ліхам. Быў час вандроўным у падарожжы падумаць пра далекость дороги ды пра короткость часу… З улікам усіх мажлівых тагачасных сродкаў руху дарога, напрыклад, з Валыні да Слоніма лічылася далёкай. І некаторыя тэстатары, пакідаючы ў актах апошняй волі свае наказы ды пажаданні, часам прасілі блізкіх, каб пахавалі іх цела без прамаруджвання, не чакаючы сваякоў з іншых паветаў, якія за одлеглости не маглі так борздо… прыбыть..Усе гэтыя езные и пешые
– драбы, жакі, віжы, пахолкі ў чырвонай барве, людзі службовыя, найміты, купцы, текуны, бакаляры, збегі, галота – былі добра ўзброеныя. Сама дарога вымагала гэтага. Асабліва ўначы, хаця не ўсе насмельваліся ехаць у гэты няпэўны час на злодейскую смелость. Супраць чоловека подозроного напагатове былі розныя брони войне належачые: шаблі булатныя, корды, мячы, бардышы, сагайдакі, кіі, секиры полские, ощепы казацкие, пулгакі, ручніцы шведскія кароткія ці доўгія, лук са стрэламі, аркебузы, нажы маскоўскія і вугорскія, а то й проста кісцені, мачука, косы, рагаціны, калы, пугі ды камяні. Нездарма ў дакументах сустрэлася амаль вершаванае тлумачэнне зямяніна з гэтай самай нагоды: …а з ручницою завжды хожу, веджо хто похочеть бить, тому ся буду боронить. Зброя ўжывалася і для нападу, і для абароны, і для пагоні.Так, слонімскі врад
паслаў быў у пагоню за кобрынскім жыдам Файшам, з мэтай затрымаць яго, каб спагнаць належнае. Бо хітры Файш, вяртаючыся са шматлікімі каштовными таварамі і речами косматыми, гэта значыць з пушнінай ды футрамі, ад маскоўскіх паслоў, якія былі на вальным сойме ў Варшаве ў 1585 г., все коморы и прикоморки, а меновите комору новогродскую и прикоморок Слонимский, не оповедавшисе мыта старого и нового не заплативши, проехат мел…