У той няшчасны вечар, у лютым, жонка Гаўрылы Настасся выйшла была звыкла на свой двор, дзе раптам у прыцемках пабачыла свінню, якая з’явілася немаведама адкуль ды почала на ней кидати и за нею гоняти, которая дей свини не мела чем боронитися, оганялася руками и крык пустила..
. Калі ж нарэшце муж выбег на паратунак сваёй зляканай ды зняможанай жонкі, суседка вокны ў сваім доме пазачыняла, і свіння дзівосным чынам з таго двара знікла… Нібы распусцілася ў паўзмроку. З той ліхой гадзіны жонка Настася ад страшэннага сполаху апухла, убрусянела ды на смертельной постели лежыть. Нараніцу, даведаўшыся аб прысутнасці ў суседкі дзіўнай госці, сямейнікі Настассі пайшлі да яе, разумеючы, што которое хворобы не од кого… не стало, одно од тое суседки и тое бабы-чаровницы. Аднак з таямнічай бабай не сустрэліся, бо суседзі ее за печу ховали и ее таили, а самім лезці за печ ды сустрэцца там сам-насам з ліхам, відаць, духу не хапіла. Таму на наступны дзень стасункі працягваліся ўжо ў судзе, куды прыйшоў з тлумачэннямі суседчын муж Іван ды апавёў усім, што захварел был скулою и казал тую бабу одыскати, ведаючи, што оной хворобе помогае, иж бы мне скулу вмовила. А никоторых… чаров не чынили. Суд пастанавіў, абы той невесте зась помогали, иж бы с тое хворобы выйти могла. Праз тры дні Гаўрыла зноў звярнуўся ў суд, маўляў, тот сусед и с жоною своею оную жонку чаровницу од себе одпустили и неведать где ее дели. Сама ж суседка тройчы прыходзіла ў дом да хворай Настассі, абяцаючы дапамагчы, але болей не прыйшла і прызналася: Вжо той хворобе помачы не могу…Ад чарадзейных праяваў не ратавала нават шумная шматлюдная кампанія. Так, далгініцкі войт Несцер, вярнуўшыся з п’яной бяседы, знайшоў ў сябе ў торбе нешта такое, што прымусіла яго стрымгалоў кінуцца са скаргай у судовую ізбу: Жаловал войт долгиницки Нестер на жонку подданого Зофею об тым, иж дей седел… на беседе у Ждановой, то пак она, седечи озле мене, и уложила зелле (…) нити суровые и чоснык…
Там, на бяседзе, у п’яным тлуме дый гармідары, пільны войт, адчуўшы няладнае, толькі ащупал, негледечы в калиту, нешта ў хустцы. Зафеіны дарункі войт разгледзеў пазней, ужо ў сваёй хаце. Дый, пэўна, рукі ягоныя трэсліся ў той момант зусім не ад гневу… Суд не прыняў заявы зляканага войта да разгляду, бо з моманту, калі ён памацаў каліту на бяседзе, калі прыбег у суд, ужо прайшоў пэўны час. На пытанне судовага ўрадніка: Чому на той час не поймал ее, кали клала в калиту? войт паведаміў: Иж былам у той час пьяны. Суд можа і распачаў бы дослед гэтай загадкавай гісторыі, калі б тая справа з горачего учинку не зышла и не переночевала…Заўсёды былі ў вёсках і мястэчках кабеты, з якімі за лепшае было б не сутыкацца на адной сцяжыне, каб потым гумно на корень не згарело, реч не замкнула, всему в порох не пойти
, каб сам, жонка и дети ходили и з всим домом своим не загинул. Тады застанецца адно – зафіксаваць праз пісараў ў судовыя кнігі свае скаргу і спалох і чакаць у трымценні, што будзе з табой надалей. Бо ведалі цвёрда здавен-давён, што жаданне “счараваць” можа зьявіцца ў чалавека, схільнага да чарадзейства, раптоўна, нават міма ягонай волі. Калі “кроў яму вочы залье”, калі “нячыстая сіла да галавы падступіць, у галаву ўдарыць”. То бок, калі “заварушацца мухі ў носе” чалавека з таемным дарам. Тады лепш на вочы не трапляць – нізавошта прападзеш.Цар Гардзей,агнём не ўладзей,жаркіх іскраў не раскідай,пустога дыму не пускай.Цур – Амін, стаўбом дым.Сустрэўся на адным шляху з падобнай кабетай і зямянін Васіль Карэвіч, а судовыя кнігі далі мажлівасць уявіць тую сустрэчу ды пачуць колькі ўзаемных словаў:…У тым часе земянка з Высоцка… Дорота Рамейковна с тылу нас поганивши, мовила до нас, абыхма стали, а гды ся застановили, пачала мовить: