У большасцi тэстаментаў таго часу гучыць сапраўдны клопат пра сваiх дзяцей. Шчаслiвыя, мусiць, былi тыя мацi цi бацька, якiя ў сваiм апошнiм наказе выказвалi словы падзякi сваiм улюбёным дзецям: описую и дарую сынам моим двум Стэфану и Федару… побачивши схильность и повинность их ку мне, матце их…
– пiсала перад смерцю зямянка Фядора Рэзанавая i загадвала: мает сын мой Стэфан грешному телу моему слушный а почтивый погреб вчинить, так теж память и вси доходы церковные отправить мает водле обычая хрестиянского… А хто бы кольвек тую остаточную волю мою мел з детей моих нарушить, так сыны яко и дочки мои розсудятся зо мною перед милостивым створителем Богом нашим…Пасля смерцi бацькоў дзецi заставалiся сам-насам са сваiм жыццём. У большасцi з iх былi апекуны, якiя часам выкарыстоўвалi дадзеныя iм правы на сваю карысць, але, зразумела, былi сярод iх i сумленныя людзi. Так, маршалак зямлі валынскае, валадзімерскі староста Петр Кішка пакінуў за апекуна свайму сыну роднага брата, даручыўшы вере а цноте
ягонай далейшы клопат ды догляд пляменніка, каб в добром чвиченю и науце мел и заховал, а вси именя и всю маетност в моцы в справе и в обороне своей до лет его держал и ими шафовал, цыншы, доходы и вси пожитки выбирал и ему на выховане давал.Клопат пра адукацыю сыноў і выхаванне дачок досыць часта гучыць у актах апошняй волі – шляхецкіх ды мяшчанскіх тэстаментах. На науку выправовати, о науце пилное старане мет…
І найперш намагацца выхаваць сыноў з вялікай пільнасцю, абы былі цвічоны перадусім перад боязьню Божай і пабожнасцю хрэсціянскай, абы ва ўсялякіх цнотах памнажалі… Адным словам, атрымалі выхаванне адпаведнае шляхецкаму стану, нават калі заможнасці не ставала і маёмасць зямянская была ўбогай. Так, зямянін Віцебскага ваяводства Шчасны Храноўскі, бацька шасці сыноў: Войцеха, Яна, Юрыя, Пятра, Крыштафа і Амбражэя, паміраючы ў 1595 г. даручыў іх в моцъ, в опеку сваёй жонцы до взросту летъ их зуполъных, которых детеи малжонка… звышречоная с тое ж маетности убогое такъ до школы, яко и до вшелякого твичене ведле пристоиности выправити будеть повинна.Магілёўскі бурмістр Кузьма Есьманавіч, сыходзячы з гэтага свету, дзяцей сваіх у прысутнасці братоў-апекуноў властными усты своими наменил дедичми,
пільна просячы апекуноў аб дзецях сваіх мець працу и старане, абы были выховани в боязни Божои и в цвиченю добрым. Смаленскі ваявода, менскі і пінскі староста Васіль Цішкевіч у 1570 г. пакінуў у сваім тэстаменце спадзеў на тое, што сын ягоны Астафій, атрымаўшы з Божай дапамогай ў дзяцінстве добрую адукацыю, пасталеўшы, стане годным слугой каралю, і апекунам, і ўсёй Рэчы Паспалітай…