Бляск скарбаў шмат каму засціў вочы ды замінаў спаць спакойна. Хтосьці за кляйнот лічыў сваю душу, а хтосьці трызніў кляйнотамі заможнага суседа. То сям, то там выкопваліся з зямлі гаршчкі ды казаны з золатам, вымываліся рачной вадой манеты ды ўпрыгожванні. Раптоўнае багацце магло стацца такім мажлівым, каб толькі аберуч з жаданнем крочылі ўдача ды шанцаванне. Пра гэта ж трактаваў і артыкул Статута 1588 г.:
Павысыпаная ды павытрасаная з цёмных закануркаў рухомая маёмасць магла б засцяліць стракатым дываном абшары Вялікага Княства, падстаўляючы сонцу то аксамітныя бакі жупаноў, то бліскучыя грані рубінаў ды дыяментаў, дазваляючы ветру гартаць старонкі старых гербоўнікаў ды псалтырак.
Рэчы, схаваныя ад чужых вачэй у прысень сьвірнаў, клецяў, камораў ды святліц, часам вымаліся з цемры да патрэбы і ўжывання ці гвалтам выцягваліся з затхлай цямрэчы, каб быць скінутымі ў гармідары на чужыя вазы.
Вывучаючы актавыя кнігі Слонімшчыны і Меншчыны ХVI–XVII стагодздзяў ды звяртаючы ўвагу на свет рэчаў тагачаснай шляхты, узнікла жаданне наўздагон пісару скласьці
І
. 1575 г. Няблізкі свет ад Берасця да маёнтку Узлы, калі мераць дарогу конскімі капытамі, хутчэй сягаюць па ёй сюды-туды думкі, асабліва думкі раз’юшанага чалавека.Рахуючы фамільнае майно пасля смерці бацькі берасцейскага ваяводы Юрыя Тышкевіча, ваяводзіч Федар недалічыўся маёнтку Узлы. Сядзіба тая сталася сапраўдным вузлом у сямейных стасунках, які гняўлівы Федар Тышкевіч вырашыў разрубіць па жывым. Справа ў тым, што берасцейскі ваявода яшчэ пры жыцці падараваў гэты маёнтак свайму пасынку Яну Абрамовічу, дзе той і жыў з жонкай Зафеяй Агінскай ды малым сынам Адамам ажно да свайго скону. Цяпер жа ўдава з сынам засталіся адзінымі ўладальнікамі двара. Але хто ёсць цяпер тая Багданавая Агінская для ваяводзіча Федара Тышкевіча? Жонка зводнага брата? Гарбузовая сваячка! А вось зямля з пабудовамі мусіць належыць іх роду, і рухомая маёмасць удавы ніколі ім лішняй не будзе. Таму ў нядзелю, у самым пачатку восені, Федар Тышкевіч са шматлікімі памагатымі
Рухомая маёмасць Зафеі-ўдавы захоўвалася ў трох скрынях. У першай вялікай скрыні было 400 коп грошаў гатовых (яе ўласных), 100 чырвоных залатых, залаты ланцуг, шабля, апраўленая срэбрам (у ёй срэбра – 4 грыўны), пазалацісты корд, срэбны пояс, а таксама срэбныя шпоры. У другой скрыні ляжалі два срэбных бранзалеты, па тузіне срэбных каўшоў і кубкаў, пятнаццаць залатых пярсцёнкаў з каменнем, вялікі залаты сыгнет мужанябожчыка, а трохі меншы яе, Зафеі. Тры тузіны лыжак срэбных, два тузіны з іх – з пазалотаю. Дзве перлавыя брамкі, мураўскія каптуры, чырвоная газука з італьянскага сукна, падшытая куніцамі, чорны аксамітны жупан, шубка чырвонага адамашку, падшытая сібіркамі, а другая шубка сукна фалюндышу чорнага з лісамі, чорны саян з аксамітнымі каўнерам і рукавамі, ядвабная коўдра ды аксамітная сабаліная шапка. Была яшчэ і трэцяя скрыня з бялізнай ды фламандскімі карункамі. Поруч з гэтым ляжалі місы ды талеркі з цыну, катлы, ушаты ды трыногі… Маёмасць засталася на сваіх месцах, адно даставаць яе са скрыняў ды ўжываць цяпер будуць іншыя.