1600 г. Кажуць жа людзі: бяда па бядзе як па нітачцы ідзе. Двойчы запар прыйшла яна да зямянкі маёнтку Ярашэвічы Янавай Захарэўскай. Спачатку памёр муж Ян, ды не паспелі шчэ цела ягонае вынесці са сталовае святліцы на клады, як родныя браты нябожчыка Станіслаў і Жыгімонт Захарэўскія каршунамі накінуліся на ягоную маёмасць, выбраўшы ды вынесшы са двара ўсё да апошняе драбніцы. Нябожчык жа быў, відаць, чалавек заможны ды адукаваны, бо сярод хатняе маёмасці бачнае месца займалі розныя кнігі лацінскіх, грэцкіх, польскіх, нямецкіх аўтараў, тры Бібліі, кросники чотыры
, тры гербоўнікі, пастыля новая Пятра Скаргі, два Тэстаменты, багата іншых кнігаў розных аўтараў, ажно на 300 коп гр., а асабліва шмат кніг было пазычаных нябожчыкам Янам у пана Яна Лісоўскага з ягоным уласнаручным подпісам. Разам з кнігамі зніклі і музычныя інструменты: італьянская скрыпка ды кобза з матицею перловою.Астатняя ж маёмасць уражвае сваёй размаітасцю ды выкшталцонасцю, асабліва жаночае адзенне: брамка с пунталы
срэбнымі залацістымі, брамка чорная аксамітная з пунталамі дробнымі залацістымі, паясы аксамітныя з срэбнымі цатками, на якіх цатак сорак сем без зангля, жупан люндышовы лазуравы, зялёным киром падшыты, дылея бурнатная, куніцавым футрам падшытая, з дробнымі срэбнымі дротавымі гузікамі, другая – з гузікамі ядвабнымі. Жоўтая куртка са скуры лася, зялёным кірам падшытая, з устаўкамі чырвонага аксаміту, куртка пурпуровая з чырвоным аксамітам ад падолу да пасу з двума тузінамі залатых гузікаў. Два жупаны аксамітныя – чорны ды вішнёвы, па-гусарску ўшытыя, а другі жупан – зялёны, ушыты па-казацку. Пояс срэбны панцаравы, адліваны ўшыркі на два пальцы, нямецкая шпага, ручніца шведская кароткая, шкатула з фляшкамі, баброў самародных два, адзін чорны праве добры, другі кары…Усе гэтыя рэчы захоўваліся ў скарбном свирне
, што стаяў пасярод двара ды быў за дзвюма дзвярыма. Маёмасць склалі на вазы і вазкі ды вывезлі праз браму прэч.Яшчэ людзі казалі: калі злодзеі пакрадуць, але пакінуць вароты адчыненымі, дык ёсць спадзеў, што пакража знойдзецца. Але калі злодзеі за сабой зачыняюць вароты, дык няма надзеі ў адшуканні пакрадзенага. Пытанне пра тое, як жа было насамрэч у тым маёнтку Ярашэвічы, дасюль застаецца адкрытым.
1575 г. Ночы ў сакавіку цёмныя ды глыбокія, як студня. Куды рукой у цемры ні падаць – паўсюль пустка. Калі ноч напаткала ў дарозе, а побач у вазку жонка-баягузка, за лепшае будзе шукаць прытулку ў блізкім сяле, каб чаго не здарылася, ды каб чорт кабыле хвост не накруціў, каб не давялося пасля навобмацак масціць шлях па якім балоце… Так і зрабіў зямянін Наваградскай зямлі Пётр Вярыга, калі з пятницы против суботы
вырашыў у мястэчку Міжэрыцкім праз тую ноч спыніцца разам з жонкай у доме тамтэйшага мешчаніна Міхайлы Строка. Вялікую жоўтую скрынку, акаваную жалезам, перанеслі агульнымі намаганнямі ў ізбу, дзе чэлядзь была, перамовіліся з гаспадаром і палеглі спаць. А нараніцу недалічыліся ў той падарожнай скрыні багата рэчаў. Найперш шасці срэбных лыжак з гербам “Панна на мядзведзі” и виршами. Кожная лыжка каштавала па 1 капе 40 грошаў. (Даволі часта згадваюцца рэчы, упрыгожаныя гербамі ці ініцыяламі, гэтак у пана Станіслава Ляпкоўскага са свірна зніклі куфаль срэбны ўзорысты пад гербам п. Кабылінскага, чарка пад літарамі польскімі SB ды пяць срэбных лыжак пад літарамі JO). Зніклі таксама флянскія кашулькі, вышываныя шоўкам, шытыя фартушкі, каленскае палатно, хустка каленская вышываная, пярсцёнак залаты з дыяментам за 20 талераў, пярсцёнак-табличка, ядвабныя шнур і тасьма, килька штучек ламанага срэбра, пярсцёнак срэбны, тканица аксамітная, двое чаравікаў, пара ляшчоў вялых, пяць ключыкаў ад скрынак, замок ад корабу, кашулька служэбнай дзеўкі, беллю вышываная, грэбень касцяны ды малыя жалезныя ножыкі…Усе гэтыя размаітыя транты зніклі, на думку Пятра Вярыгі, з дапамогай самога гаспадара, а таксама ягонай чэлядзі: Міхалкі Сянковіча, Марціна Мікуцевіча, Ганны Клазеўны ды Зафеі – бабы старой – і дзеўкі Ганны…
1643 г. Рэчы, якія служаць чалавеку, шмат чаго могуць апавесці пра свайго гаспадара, бо жыццё некаторых з іх бывае вельмі трывалым. Так, які-небудзь масянжовы ліхтар, сем разоў перароблены, будзе працягваць асвятляць новыя сцены і твары, у той час як з параднага партрэта ягонага гаспадара даўно сыдзе фарба.
Скончыўся доўгі век упіцкага старосты Ежы Горскага. Засталіся пусты дом, зламаны звыклы ўклад ды поўная скарбніца ў маёнтку Палессе Аршанскага павета. Перапісчыкі рэчаў нябожчыка склалі рэестр ягонай маёмасці, праседзеўшы ў той скарбніцы сярод скрыняў ды шкатулаў, пэўна, не адзін дзень.