У тым калейдаскопе рухомасці сустракаліся арфа і кнігі, смарагдавы крыжык
1578 г. Відаць, пакідаючы на пэўны час родныя мясціны, зямянін Матфей Зянковіч вырашыў пакінуць свае рэчы на захаванне слонімскаму баярыну Васілю Кіянінавічу. Усё лепш, чым без нагляду ў пустым двары. Далейшыя падзеі выглядаюць досыць цьмяна. За час адсутнасці гаспадара ці то злодзей, ці то сам захавальнік добра такі апалавініў маёмасць зямяніна, пакінуўшы з усяго дабра адно ўбогую рэшту, якая рабаўнікам ужо і не спатрэбілася, а мо не ўлезла ў іх мяхі. Нам жа цікава даведацца, што не ўяўляла першачарговай цікавасці злодзеяў, на што яны не паквапіліся?
Пакінутыя па-за ўвагай рэчы сапраўды выглядалі вартымі жалю. Паламаны лук, два сагайдакі – у аднаго 23 стралы, а ў другога – 12, сядло са зламанай галоўкай, пара парэпаных ермакоў, старыя паўшкорні, шышак, дзве тарчы, клумак з простага чорнага сукна,
Ператрэс разгублены гаспадар і тое, што засталося ад пакінутага на схарон адзення: падраную чорную жупіцу з атласу, зношаны зялёны жупан, стары парэпаны кажух, рукавы ад кажуха ды жупіцу з валовай замшы, дарэшты з’едзеную мышамі. Слонімскі мешчанін разводзіць рукамі, маўляў, я тут пры чым…
Здаецца, шляхціцу Зянковічу толькі і засталося, што шукаць сведкаў, клікаць возных ды падаць у Слонімскі гродскі суд скаргу… на мыш.
…Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.
Лаянка. Абразы. Ліхадзейства
Цяжка ўявіць такі свет і лад, пры якім існуюць адно лагодныя людзі. Лагодныя і задаволеныя адно адным. Мроі пра “залатыя часы” ў гісторыі нацыі ці дзяржавы – толькі мроі. Культурныя здабыткі і адкрыцці, што апярэджвалі час, – вынік дзейнасці розных людзей, у тым ліку і тых, якіх уперад несла ліха. Падобна да таго, што чалавек з аднолькавай гатоўнасцю прымаў і прымае дасюль як светлыя вяршыні, так і змрочныя глыбіні сваёй натуры. Складаныя выбар і змаганне ці кампраміс паміж імі – патаемная справа асобы. Змяняюцца краявіды і ўмовы існавання, руйнуецца старое і будуецца новае жыццё па новых планах і мерках, але ж не сканчаецца барацьба ўнутры чалавека, усё не зацягваецца тая славутая расколіна, прымушаючы нябячаыя сілы ладзіць шалёныя скокі з аднаго берага на іншы.
Тагачаснае мястэчка (вёска ці места) рэдка калі абуджалася пасля ночы ва ўрачыстай маўклівасці надыходзячага ранку. Часам цішыню прарэзваў немы лямант ці то на суседнім падворку, ці то на вуліцы. Распачынаўся новы дзень…
Жонка менскага залатара Раіна Людвікавая, выходзячы зранку на свой двор, і думаць не думала, што яе, кабету спакойную, забяспечаную правам паспалітым і нікому нічога не вінную, напаткае такое ліха ў асобе маладога чалядніка злотнічка Юрыя Геся. Падбегшы да брамкі, ля якой стаяла пані Людвікавая, ды натхніўшыся крыўдай, вытокі якой, мусіць, трэба было б шукаць у цэхавай канфрантацыі ды канкурэнцыі, злотнічак абразіў кабету апошнімі словамі,