У іншым выпадку ад чарговага “героя” ізноў пацярпела кабета шляхецкага стану, жонка арандатара маёнтка Восцікавічы пана Івана Калантая. Бо прыйшоўшы ў адсутнасць гаспадара да святліцы, нахаба доўгі час волал, фукал, грозил
, па двары як хацеў хадзіў, а кабету абзываў машкарою и неучстивою. А апроч таго, набунтаваў да непаслушэнства і вялікага супраціву падданых, якія пасля ягоных візітаў у іх халупы адмовіліся выходзіць на працу.Кабетам сапраўды выпадала на долю шмат неймаверных страхаў ды лякаў. Бо баяліся найперш за мужоў ды дзяцей. Шмат у каго ў горадзе ўздрыганулася сэрца ад крыку менскай удавы-мяшчанкі ў той момант, калі яна, зірнуўшы ў акно, пабачыла ў двары безліч людзей і труну з целам мужа, якую прыхадні цягнулі немаведама куды. Выбегшы на двор, няшчасная кабета з плачам прасіла: …на Бог жывы, абы тело небожсковского з двора ее не провадили и тым бы ее в роспач не приводил… ниж бы ей для погребу тое тело мели вернути.
Але ж ліхія людзі, бязбожна паздзекаваўшыся з цела і беднай удавы, способом тиранским того тела налаявшы и насоромотившы с просными словы проч его попхнели. Выпадкі помсты даўжнікам ці крыўдзіцелям часцяком адбываліся нават і пасля іх смерці.Інакш паводзілася зямянка Слонімскага павету ўдава Зафея Абрамовічавая, калі да яе ў дом прыехаў служэбнік князя Васіля Сакалінскага патрабаваць мужаў доўг за застаўныя рэчы. Пані ж не хацела ў тыя дні бачыць анікога, але той гвалтам прарваўся да святліцы. Спаткаўшы гаспадыню ўсярэдзіне дому, пачуў: “Для чого от вас покою меть не могу?”.
А пасля, ідучы праз сені да каморы голосом мовила сваёй падданай: “Дурная, чому до мене пущаеш, вдарить его было по виденью, а до мене не пустить…” Сутычкі паміж суседзямі, крэўнымі і чужымі адбываліся часта і даволі галосна. Словы карчомные, злые, шкаредные, перхливые, ущыпливые, соромотные, заражоные можна было пачуць ва ўсіх месцах, дзе збіраліся па розных патрэбах тагачасныя людзі. Найчасцей злое серце праяўляла сябе пасля гарэлкі. Седзячы разам на бяседзе, двоен зямянаў Слонімскага павету Абрамовіч і Зубцэвіч усхапіліся адзін на аднаго, лаючыся і махаючы кулакамі: “Зубы я табе стресну, жи ничого не будеш меть!”. Другі зямянін падаў скаргу судоваму пісару на свайго непрыяцеля, які пасля “сяброўскай” размовы абяцаўся з яго жылы волочити.У мястэчку Дамашэвічы возны Вацлаў Замаскі пасварыўся з зямянінам Іванам Голубам, пасля чаго той, упіўшыся, почал… словы неучстивыми лаять, соромотить, которыми словы доткливыми невиннее… обельжыл… на руку… по килька разов до бою вызывал, отповед и похвалку на убойство, на здоровее… а на маетность пожогою у очы учынил.
Найбольш крыўдлівымі былі абразы, якія тычыліся паходжання і закраналі гонар маці, што і адбылося ў выпадку з возным Вацлавам Замаскім. Нячыстага ложа сын, неучстивое матки сыном — абразы, якія найчасцей сустракаюцца на старонках актавых кнігаў. Тыповы выраз “Соромотне у матку налаял” — ці не з’яўляецца сведчаннем таго, што трываласцю лаянкі мы абавязаныя далёка не толькі геаграфічным суседзям.