Поўную драматызму гісторыю, якая здарылася з ім па дарозе з мястэчка Палонка да Слоніма, падрабязна расказаў пасля выздараўлення палонскі ўраднік Матыс Хатылеўскі. Аднаго разу, едучы на кані, спаткаў ён на дарозе карэту пана віленскага Яна Хадкевіча ў суправаджэнні пана Фёдара Загароўскага на кані. Палонскі ўраднік, запрыкмеціўшы карэту, хутка саскочыў з каня, каб паводле прыстойнасці вітаць шаноўнага пана, спадзеючыся, скарыстаўшы момант, паскардзіцца пану на ягонага суправажальніка пана Загароўскага, маўляў, для чога такие збытки над паддаными чынит… потехи и знуты, оболженье и образы.
На што пан Фёдар Загароўскі, отвернувшы от кареты пана виленского, прыпал до мене на кони… тял мя бичом през твар и на помочников своих крыкнул: “Ну ж, пры в того гордого здрайцу нагайками и чим хто може, приобуште го добре, бо дей то нам пан виленски казал…” І білі яго і за мёртвага на дарозе пакінулі.Калі ліхі чалавек, забыўшыся на боязь Божую, людскі сорам і хрысціянскую павіннасць, а зажываючы в том неякое мысли своее невстыдливое, взявшы перед себе злый умысл…
сустракаў на сваім шляху ахвяру, то ўжо не спыняўся ні перад чым. Хай то спячага ў санках служэбніка з саняў вывернуць, ці гвалтам паненства взять маладой дзяўчыны, што жала жыта, ці то людзей на полі косамі пакасіць, ці парубаць на капусту (ці ў пень порубать), пасля чаго пісар запіша: …на обеюх локтях чаши костей проч отсеченые, ухо левое утято, аж на твары зависло, на плечы кость-праслица напол переломаная… А таксама маглі за лоб рвать, псамі щвать у сваіх дварах, прычыняючы шкадлівыя раны.Артыкулы Статута, якія постерегалі того, абы се таковая злость межи людми не множила
не былі здольныя выправіць чалавечае нутро, скіраванае на зло. У гэтым сэнсе ахвяру перад тварам раз’юшанага злодзея мала што магло выратаваць. Нават калі злодзеем была кабета, нават калі пані. …и коли там перед нее, панею своею, того подданого Ивана Бобика прывели, тогды дей она, пани Волчковая, без боязни Божое и без встыду белым головам звыклого, казала его перед собою разобрат до нагого тела, окрутне бить и мордовать, по которым морде и тепер дей нет ведомости где его поддела.Цярпелі ад ліхадзеяў і бажніцы. Апавядала пані Марына Солтанавая з Жыровіч: у стене в церкви Светое Пречистое две кульки з ручниц устреленых, а в церкви мурованой… в стене знаки, знать же з гаковниц кули были, але от муру отскакивали…
Учынілі ж гэтае ліха слугі князя Гаўрылы Пяцігорскага на чале з самім князем.Часам злосць людская абарочвалася нейкім дзіўным чынам на самога сябе ці то на сваю ўласную маёмасць, чым выклікала здзіўленне і абурэнне грамады. Каторы ўжо раз мужыкі вёскі Яскельда, будучы на талацэ ў зямяніна Яна Міневіча пасля тушэння пажару ў ягоным гумне пераконвалі гаспадара, абы больш не палил.
Але ўнураны ў сваю змрочную задуму дзівак, беручы агонь у суседа, падпальваў сваё гумно ўжо чацверты раз запар. Прыбеглых на пажар людзей, якія запалене гасіць хацелі, раз’юшаны падпальшчык сустрэў ашчэпам са словамі: Я свае запалил, а не чужое, до чего нехай нихто ничого не мает.Аналіз учыненых вычварэнняў, інфармацыя пра якія патрапіла на старонкі судовых кніг, – голыя падданыя ўзімку, загнаныя панам на дрэвы, распрануты чаляднік перад тварам сваёй гаспадыні, неаднаразовае спаленне ўласнай маёмасці – сведчанне сімптомаў пэўнай паталогіі, праяваў нейкіх унутранных парушэнняў, глыбінных пакутаў, невырашаных праблемаў….
Крыўда адно на аднаго, нянавісць, прага помсты – пачуцці, што вярэдзяць душу і ўдзень і ўночы. У гэтым жыцці. Але чалавек усё ж такі ўяўляў марнасць гэтага імгнення, згадкі пра што можна знайсці ў шматлікіх тагачасных тэстаментах: всякие речи на свете, справы, мысли людские с сего света сходят и сплывают…
Дабрадзейства