…людей добрых, вере годных…
(З актавай кнігі)Зусім не варта ўяўляць старадаўняга чалавека суцэльным гвалтаўніком, рабаўніком і злодзеем. Нават судовыя актавыя кнігі, пераважную большасць персанажаў якіх прыцягваюць да закону за ўчыненыя шкоды, сведчаць і пра светлы бок чалавечае асобы. Чыніць справядлівасць і великое старане,
перапрасіць, біць чалом, дать дабрыдзень, слугаваць, дагаджаць, радзіць і памагаць, ласку зычить, запрашаць у дом хлеб ести ды піва піць пасля талакі ў обычей прыятелски, паяднаць, вітаць пры сустрэчы, руку на одстаню дать, падзякаваць – нармальныя чалавечыя дачыненні на працягу стагоддзяў. Годнасць праяўлялася ў розных жыццёвых сітуацыях – і ў звыклай будзённасці, і перад абліччам смерці, што знайшло адлюстраванне ў шматлікіх тэстаментах.Высакароднасць чалавека бадай што найбольш яскрава праяўлялася ў здольнасці дараваць, адкрыта прызнаваць свае памылкі і з годнасцю іх выпраўляць. Каяліся і мяшчане, і шляхта ўчцівая, у паветах значная
і добра аселая. Паходжанне тут не мела вялікага значэння. Так, пабіліся два браты Тамковічы. Ці то былі п’яныя, ці то не падзялілі маёмасці, а то і праз кабету. Але ж пасля прабачылі адзін аднаго і пастанавілі падчас пристойной размовы, што пан Щастный мает прийти в дом пана Григорев поклонится. Так і адбылося.А ў слонімскага мешчаніна Макара Летуновіча ўначы з панядзелка на аўторак быў скрадзены конь. Знайшоўся і чоловек подозроный – постригачик тутошни
Васка Дземяневіч, пра якога казалі, што у Вильни злодейство вчинил. Нягледзячы на тое, што абвінавачаны пераконваў суд у сваёй невінаватасці, прыводзіў доказы і казаў, што не ест чоловек подозроный, ани шкодник, жем у Вильни и на кожным месцы добре и почстиве служил, заховуючися яко на доброго чоловека, Макар адвёў таго хлопца ў вязніцу. А праз пэўны час прыйшоў да суддзі з просьбай вызваліць невінаватага, бо ўзважыўшы ўсе абставіны, зразумеў, што …посадилом того постригачика з намовы людское, менилом его шкодником своим, с того его тепер вызволям и добрым чоловеком называм, не вем до него ниякого подозреня и не ест ми шкодник, одно добрый, почстивый чоловек, готовем ему бить чолом, за соромоту его досыть чынить. Суддзя, зразумеўшы, што Макар Летуновіч невине чоловека збезчестил, пакараў яго рублём грошай.Па-людску пагадзілі паміж сабой і пан Мікалай Юндзіл з каралеўскім падданым у справе, якая магла дайсці да суду, бо тычылася крадзяжу. Падданы з вёскі Саленікі пазнаў сярод падводаў пана Юндзіла свайго каня, які быў скрадзены ў яго два гады таму. Пакліканаму на месца знаходкі вознаму пан Юндзіл апавёў, што вымяняў тую клячу ў цыгана ў 1575 годзе пасля богатого свята в Волковыйску
і, звяртаючыся да падданага, прасіў, абы подданы Его Королевской Милости клячу свою взял, а его вольным учинил… Падданы ж, панаракаўшы на сваю вялікую шкоду, але памитаючы на Бога, ему то отпустил, а клячу оную, яко свою властную да себя взял.Каб прызнаць сваю віну, ды выбачыцца перад пакрыўджаным, крыўдзіцелю часам даводзілася добра-такі паматацца, шукаючы сустрэчы. Служэбніка слонімскага старосты Грыгорыя Валовіча Шчаснага Талкевіча зняважылі сьмяротна, сказаўшы ў прысутнасьці іншых: “Ты не шляхта – одно холоп!”
Пасля чаго абяцалі перепросит перад судом, адшукаўшы, дзе б той не быў, ці то ў дарозе на Люблінскі сейм, ці то ў самім Любліне. Урэшце пан Шчасны пачуў, што насамрэч з’яўляецца пачцівым шляхцічам і кождому шляхтичу… ест ровный брат.Калі ўжо бакі ядналіся па якой справе, то ўсё, што да той справы належала, – судовыя выпісы, позвы, то бок усё, што толькі магло быць пісьмом напісана, усё гэта было ўмарана, скасавана і ў нівеч абернута на вечныя часы. Здараліся выпадкі, калі нейкі чалавек, нават не чуючы ся да конца винным,
жадаў спрэчную справу яднаннем ускромит, супакоіць і згодай скончыць, ужыўшы на то сваіх прыяцеляў і таварышчаў. А іншаму, які пачуваўся вінаватым, бо насамрэч меў правіну, часам встыд было непорадные справы свои перед другими обяснят, дык даводзілася, мусіць, стаяць, вочы паказераўшы.