У двор брата менскага гродскага суддзі Крыштафа Рэкуця Мікалая аднаго разу заблукала чалядніца пані Стужынскай, што жыла па суседстве. Пакуль уцякачку шукалі, хтосьці паказаў на двор Рэкуця, бо вочы некаторых суседзяў бачаць нават уначы. Зямянка пасылала да суседа свайго сына і прыяцеляў, просячы, абы тую чалядніцу Устинью выдал, яко добры прыятель а сусед,
але пан Рэкуць адказаў праз пасланцаў наступнае: ниякое жонки пане Стужынское в дому своем не мел, ани маю. Прышла дей была до дому моего жонка, не ведаю чыя, але дей опять з дому моего проч пошла… Пані Стужынская, не супакоіўшыся, звярнулася да менскага гродзкага суьдзі Крыштафа Рэкуця з просьбай паўплываць на свайго брата, каб не ўпарціўся і выдаў чалядніцу без прамаруджвання. Тады Мікалай Рэкуць, відаць, ужо ў прысутнасці афіцыйных асобаў, адказаў па шчырасці: Правда… иж тая жонка была у мене в дому моем, але дей яком побачыл на ней пута, зрозумялем с повести ее, иж у великой неволи была. Казал ей з дому моего проч пойти, бо ми се дей того годило, яко чоловеку хрестияньтскому учынить чоловеку, неволею утрапеного, не гамовать. То бок брат суддзі не стаў затрымліваць уцякачку, даўшы ёй магчымасць як мага далей пайсці ад дому, дзе ставіліся да яе бязлітасна.Зычлівасць, схільнасць спачуваць чужой бядзе і нядолі – з такімі пачуццямі ставіліся не толькі да сваякоў, сямейнікаў, але і да зусім незнаёмых людзей, хто б яны ні былі і дзе б ні сустракаліся. Староста трэйданскі Пётр Стаброўскі, каб не прыходзіць да далейшых страт паміж сабой і сваім крыўдзіцелем Крыштафам Мікалавічам, дараваў таму ганебны ўчынак, разгледзеўшы ў ім чалавека упадлого,
зразумеўшы, што чыніў свае справы па злой парадзе і з дапамогай пэўных людзей, ды пастанавіўшы, што Бог вшэхмогонцы того потребуе, жебысь мы близним нашим выступок их одпущали, абы теж нам одпущоно было. Пасля чаго справа пана Крыштафа была ў судзе скасаваная і з кніг па просьбе трэйданскага старосты выкрасленая.Кождый ест завжды близшый смерти
, і, сыходзячы з гэтага мизернага света, чалавек разумеў сваю адказнасць перад тымі, каму яшчэ наканавана было тут заставацца, аддаючы ім справедливость свайго серца.У тэстаменце, як у перадсмяротным дакумэнце, цалкам адсутнічае жах смерці, радкі з тэстаментаў самі сабою сведчаць пра разуменне чалавекам таго, што з ім адбываецца ці мусіць неўзабаве адбыцца. Ознаймую то на сей духовницы моей, што если кому на сим свете винен – напервей винен есми на небо – Богу милостивому душою моею, а телом грешным до земли
, – пісаў перад смерцю возны Марка Клімовіч. Найважнейшай справай чалавека на парозе нябыту, было тое, каб на душы ніякая рэч не засталася і не шкодзіла, таму трэ было сплаціць усе свае зямныя пазыкі, – жонку і дзяцей бараніць ад крыўдаў, падзяліць маёмасць кожнаму па заслугах, прыгадаць усіх крэўных, абы між імі замешанья не было, не забыцца нават на драбязу. Так, шляхціц Ян Голас, вызнаючы сябе як чалавека грэшнага, раба Божага, адпісаў узлавецкаму святару Лаўрыну Касцюковічу пасля свайго пахавання пры Ільлінскай царкве пярэстую карову. А зямянін Берасцейскага ваяв. Андрэй Жыценскі, паміраючы ў 1590 годзе ды перабраўшы ў думках усіх сваіх сваякоў, спыніўся на ўнучцы Гальжбэце, бо толькі ёй доверных рук насмеліўся перадаць свій скарб – скрынку з прывілеем.Шляхціц Ждан Словік, сыходзячы з гэтага свету, жонцы Тацяне Сапежанцы і сынам Фёдару, Грыгорыю, Васілю, Багдану і Льву покой вечны зоставил, абы се потэм по смерти… межи ними якие розницы и ростырки не деяли…
а таксама перадаў лісты, па якіх яны мусілі б вярнуць тыя даўгі, якія пры жыцці бацькі бралі ў яго розныя людзі. Апроч грошай гэта былі розныя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Так, Дземень Дзюка мусіў вярнуць срэбныя лыжкі, Крыштаф Баба – шаблю, шышак і панцыр, а татарын Ях’я Сабака – каня і жыта. Гаспадар мусіў яшчэ пры жыцці быць пэўны ў тым, што і пасьля смерці зможа паўплываць на побыт сямейнікаў.Княгіня Мар’я Палубенская сваёй апошняй воляй загадала адпусціць усіх сваіх падданых – челяд невольную… на волю выпущаю и вызволяю, нехай за душу мою Бога просят
.