Невядома, з якіх прычынаў уцёк з дому жонкі крэўскага войта слуга Крыштаф, але пярэпалаху нарабіў значнага, бо захапіў з сабой вялізныя грошы, каштоўнасці ды найлепшага каня са стайні. Тыдзень пагоні за збегом
нарэшце даў вынікі. Але ж марнымі аказаліся гаспадаровыя спадзевы вярнуць страчанае дабро. Калі пан Яхім Грэбінскі за помочю Божою і з дапамогай людзей затрымаў уцекача, дык высветліў, што ягоны слуга по дорозе едучы на розных местцах и господах маетность покраденую, марне тратечы, многим людем пороздовал… Пра тое, што і дзе страціў, і хто былі тыя людзі, добраахвотна паведаміў у Слонімскім замку сам ліхі ўцякач: Я служил пану Яхиму… и недослуживши року змовеного, пана своего зрадившы и окравшы з места Кревского утек проч, а меновите, взялом речей его милости, то ест: готовых грошей сто шестьдесят и полторы копы грошей личбы литовское, а при тых пенезях ланцух золотый, у котором ланцуху пан Гребинский поведил быть золотых чирвоных шестьдесят шесть, сребра ламаного – пол грывны, перстенков золотых з каменьем розным – чотыри, а тые перстенки пан Гребинский шацовал золотых польских шестьдесят, коня з седлом гусарским и з радом, ручницу короткую з ольстром, лядунки и пороховницою, што собе пан Гребинский шацовал золотых польских семдесят… А таксама ўзяў чугу брунатную, падшытую чорным узорыстым аксамітам, якая каштавала 24 капы літоўскіх грошаў, чырвоную чугу, падшытую ядвабам за 18 коп літоўскіх грошай, брунатны і чырвоны жупаны, зялёны копеняк з вялікімі срэбнымі кнафлями, а таксама адзенне брунатнае, коштам у тры талеры.Уцякаючы на скрадзеным кані, абвешаным торбамі з нарабаванымі рэчамі, з каштоўнасцямі, рассунутымі па кішэнях, былы слуга надумаў заехаць да падданых погорелого
касцёла Святога Духа, непадалёк ад Ашмян. Заехаў і напаткаў плябанскага ўрадніка з тамтэйшымі людзмі, якія ўцекача затрымалі і паведамілі: Иж дей ты, пане молодый, втекаеш от пана своего, а меновите, от пана Яхима Кгребинского, о чом маем от него вжо заказ, абыхмо тебе задержали, а так, если дей хочеш, жебыхмо тебе пустили, тогда нам дай тых пенезей половицу… Што Крыштаф Тулоўскі і зрабіў. Аддаў ім, абы адпусцілі, семдзесят коп грошаў, манетамі Вялікага Княства Літоўскага, паміж якімі быў і залаты ланцуг. Не адмовіліся таксама “дабрадзеі” і ад кароткай ручніцы з ольстрам, лядункамі і парахаўніцай… А пасля вызвалення, апынуўшыся ўжо ў мястэчку Кгровшишках, напаткаў новае ліха ў асобе тутэйшых мяшчан, якія адабралі і завялі да сябе яго каня. А тут яшчэ пан Сасноўскі, субоценскі зямянін князя Альбрэхта Радзівіла, нагнаўшы на дарозе, до дому своего взял, дзе згінула яшчэ грошай коп дванаццаць залатых польскіх разам з торбай, а сем залатых давялося таму пану Сасноўскаму падараваць. Набыўшы новага каня, уцякач прыехаў да сяла паней Цыпрезское, але ж вестка пра ягоныя ўцёкі ізноў апярэдзіла, бо мясцовыя мужыкі абвясцілі, што маюць загад затрымаць уцекача. Тым не менш, сяляне схавалі вандроўніка, даўшы прытулак на дзве ночы. Праўда, за гэта ўзялі дзесяць коп грошаў і два залатых пярсцёнкі, адзін з туркусом, а другі з дыяментам. А за гэта праводзілі ажно да Слоніму. У Слоніме ўцякач спыніўся ў доме бальвера Яна Случаніна, за што і падараваў яму, як знаёмаму свайму, каня-ступачка паловай масці.