Дзеля чаго збiралiся людзi ў карчме? Адпачыць, пазбыцца турботаў, павесялiцца. “Толькi i балю, што ў карчме”. У карчме гулялі асабліва падчас ярмарак, на хрысціянскія святы. Пiва, мёд, квас, гарэлка аквавита
– традыцыйныя напоi беларускiх корчмаў дый шынкоў. Мёд згадваецца прэсны, кiслы, сычоны, стары з карэннем. Пiва – насення пшанiчнага, ячменнага (дзевяць ушаткаў піва каштавалі пяцьдзесят чатыры грошы), квас яблычны. У Статуце прыгадваюцца яшчэ i некаторыя гатункi вiнаў: “мушкатэла”, “малмазея”. У карчме можна было згуляць у карты, бiркi, паслухаць музыкаў дый паскакаць. Сярод наведвальнiкаў карчмы згадваецца скамарох Iвашка з масянжовай трубой. Сярод музычных iнструментаў – кобза, дуда, скрыпка.Будавалiся корчмы ля скрыжаванняў дарог, пры ўездзе ў сяло, на кiрмашовых пляцах, ля ракi, маста, поплава, возера, млына, на ростанях дарог, на гостинцу великом
, на рагу вулiцы… У сутоннi карчмар палiў ля будынку вогнiшча, каб гэты своеасаблiвы маяк не абмiналi выпадковыя падарожныя. Удзень жа карчма мала чым рознiлася са звычайнымі сялянскiмі хатамі. Традыцыйнае жытло з хаты i сеняў, часам з заездам для коней, з калодзежам, з агароджай. Захавалася больш позняе апісанне карчмы ў вёсцы Макавчыцы, што належала да фальварку Койданава, але, відаць, мала што змянілася ў яе выглядзе за пару сотняў гадоў. Была пабудавана з круглага яловага дрэва, крытая саломай, з трыма вокнамі са шклом, з двума жылымі пакоямі. Трое дзвераў на завесах і жалезных круках. Простая цагляная печ для гатавання ежы і выпечкі хлеба. Адна з комінам, які быў выведзены пад дах. З глінянай падлогай, столлю з дошак. Да карчмы належалі стадола для жывёлы і два моргі зямлі пад агарод.Найбольш уражвала ўнутранае змесцiва карчмы. Вось ужо, пэўна, стаяў бы гармiдар ад звону ды ляскату карчомнага начыння, надумай апошняе, як той млын, узняцца ўгору ды пакруцiцца над хмызнячкамi. Катлы пiўныя з меднымі вушамі i гарэлачныя, ночвы, каўшы, вёдры, цэбры, кадкi, фляшкi, бочкi, кварты з носаткою
, кацялкi мосяжовыя, мiсы драўляныя, талеры цыновыя, куфлi, чаркi, шкленiцы вялiкiя i малыя, трыногi медныя, накiўкi, чарапкi, бязмены, сіта, меднiцы, лаханкi, кавдопы ліпавыя, кадушкі, біклагі, пейныя дзежы, сечкі да капусты, жалезныя палонікі, церліцы для мака або перца, дый, мусiць, безлiч яшчэ якога посудка былi пад рукой гаспадара карчмы i ягоных памочнiкаў.Карчмар звычайна трымаў карчму арэндай ў заможнага пана, бо Статут сувора забараняў шляхце займацца гандлем цi мець у доме шынок) i быў досыць заўважнай постаццю сярод мясцовага люду. Яго ведалi таксама як i млынара, i каваля, а пэўна, i болей, бо на старонках актавых кнiгаў гэты тыпаж – адметны герой свайго часу. Рэдка калi карчмару даводзiлася цiха рабiць сваю штодзённую працу. Часцей быў бiты цi бiў сам, краў цi быў абрабаваны.
Як выглядаў карчмар? Вядома, па-рознаму. Але ж поес ременный з мошною
дый на том же поясе нож, крэсіва былi, мусiць, шмат у каго, бо як жа без гэтага?Хто толькi ні наведваў карчму! Казалi ж: “Шынок пры дарозе цягне што ў возе”. Шматлiкi люд цяснiўся на грубачэсаных лавах, тулiўся да печкi, тупатаў на ганку, гаманiў… Найчасцей тое былi тутэйшыя людзi, абываталі Вялікага Княства Літоўскага, збольшага знаёмыя адно аднаму: баяры, мужыкi, голота, возницы, курвы, волочник з шнуром
(той, хто мераў валокi зямлi), а то i чоловек народу простого, в сермязе и лаптях, бородою и усами зарослый. Усе былi навiдавоку. Варта было аднаму хлопцу трапiць пад падазрэнне ў крадзяжы грошай, як тут жа прыгадалi, што апошнiм часам…Пилип перед тым пенези никоторых не мевал, а тых прошлых часов… в корчмах мало не каждый день по двадцати грошей и больш на мёд пропивает… пироги куповал.