Нягледзячы на тое, што возныя, як і іншыя службовыя асобы, мелі пэўныя правы і абароны, замацаваныя Статутам, яны таксама траплялі ў вір сварак і звадаў, атрымліваючы сваю долю лаянкі і праклёнаў. Злодзеем, фальшером, здрадцою, забойцою и згубцою
абазваў службовага выканаўцу менскі мешчанін, калі апошні паспрабаваў перадаць яму судовыя лісты. “Ты, посланчы, больш того передо мною не стой, иди собе ку дьяблу!” Зямянін Стэцка Петраневіч, пасварыўшыся з возным Шчасным Міхайлавічам перад людзьмі старонными, веры годнымі, учыніў такімі словамі: “Панство его дымом к горе пойти бы мусяло!” Возных абвінавачвалі ў ашуканстве і нават пагражалі: “Ты, потварца, вже по другій раз до меня едиш с фальшивыми листы и минается тое, але гды третий раз приедешь, певне тя кий не мине!” Не пазбегнуў пагрозаў у свой адрас і пісар менскай мытні Васіль Маслянка, якому пагражаў менскі мешчанін: “Буду се старат зо всих мер, яко бым тебе, Василю Масленка, з сего света згладил и о смерть приправил…”Шум і гвалт даносіліся не толькі з рынкаў, але і з прадстаўнічых установаў, як, напрыклад, з канцылярыі гродскага суду ў менскім Замку, дзе ў пачатку XVII ст. захоўваліся судовыя кнігі справы всей Речи Посполитой, Великому князству Литовскому належачые.
Так, менскі земскі суддзя, войскі рэчацкі Пётра Зяновіч, сустрэўшы ў будынку суду зямяніна Міхаіла Ваўка, не здолеў стрымаць сваю гняўлівасць. Нягледзячы на прысутнасць іншых судзейскіх ураднікаў, лаял и соромотил, яко се ему уподобало: “Ты, Михайле, вперед озмеш од мене конечно корбачом, и нехай бых дей цнотливым не был, если того не сполню!”Сцены слонімскага судовага дому, нягледзячы на прысутнасць у ім земскага пісара Станіслава Сакалоўскага, таксама здрыгануліся ад ляманту ды віскату ў бок дварэцкага ўрадніка Грыгорыя Цырулі Сваратоўскага: “Кобельчук, кудла, боярчук, неучстивого ложа матки сын!”
Цалкам верагодна, што разгарлалася раз’юшаная кабета.Cудовыя ўраднікі не заўсёды вылучаліся вытрымкай і прыстойнасцю, якія б мусілі мець паводле сваіх пасадаў. Не заўсёды трымалі слова. Слонімскі земскі судзіч Валерыян Сакалоўскі ашукаў зямяніна Ждана Хоміча з Высоцка пры набыцці зямлі. За што і атрымаў позву ў суд. Паабяцаўшы водле слова своего
заплаціць за грунт, цешыў зямяніна рознымі адгаворкамі, угаворваў быць цярплівым, а сам тым часам пачаў цішком перавозіць да сябе жданавы харомы ды засяваць ягоную землицу, нічога ўвогуле не заплаціўшы.Вялікая колькасць скаргаў у актавых кнігах тычыцца пераважна абвінавачванняў у нешляхецкім паходжанні. – На славе учстивой шляхецкой мажучы ущыпливе и несправедливе. –
Сваркі і сутычкі адбываліся паміж самімі шляхцічамі. Вось дзе закіпала кроў і рукі самі цягнуліся да зброі. Ты не шляхтич – одно холоп! – гучала як вырак, пасля чаго вынік мог быць самы розны. Так, пан Юры Лаўрыновіч, будучы на службе ў старосты рагачоўскага Рамана Валовіча, пачуў, што товарышы ягоныя, Андрэй і Марцін Брэзінскія пры нейкай размове назвалі яго нечыстого ложа сыном і сумняваліся ў ягонай шляхетнасці. Бацька маладога шляхціча быў вымушаны неадкладна паведаміць, иж пан Юри его властный и учстивоею малжонкою его Барбароею Ленартовною спложоный и учстивым есть шляхтичом, што пацвердзілі і выкліканыя на суд прыяцелі, суседзі і іншая шляхта, маўляў, пан Юры есть учстивым шляхтичом з ойца и матки учтивых родичов.Некаторыя здарэнні ішлі далей за словы і судовыя разборы. У справу ішлі кулакі дый непрыхаваны гвалт. Застаўшы шляхціча разам з жонкай за працай на полі, ягоны сусед, таксама шляхціч з паходжання, напаў на абодвух, збіў, згвалціў жонку. Пасля чаго заявіў утаптанаму ў бруд чалавеку: “Естес ты, мужык, смерд, чого и доводит на тебе естем готово!”