ІІ.
1578 г. Падобная гісторыя здарылася з іншаю ўдавою, Даротаю Юндзіл, у іншым маёнтку – Бусяжы Мальхераўскім. Родны брат былога гаспадара Яна Юндзіла, Крыштаф, учыніў наезд на двор сваячніцы. Яго цікавілі выключна лісты ды дакументы. Трапіўшы ў двор, гвалтаўнік зачыніў у ізбе чэлядзь дворную, адняў ключы ў ключніка Валентыя Рудзінскага, ды адамкнуўшы высокі свіран на падклеці, у якім захоўвалася ўся маёмасць гаспадыні, напервей разбивши скриню великую белую, в которой дей была скрынка малая чырвоная, железом окованая, пачаў ламаць яе. У той малой чырвонай схованцы ляжалі стосам лісты ды каралеўскія прывілеі, а таксама ўсялякія квіты, рэестры ды прывілей віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла на маёнтак Волму, іншыя – на Крамяніцу, на землі на Валыні. Сярод розных каштоўных папераў з пячаткамі ляжала ў чырвонай скрынцы і кніга Бібліі. Паперам было наканавана ўцалець ад мышыных зубоў ды агню, але ж не ад рук швагра. Пажар жа палаў у іншым месцы і ў іншы час.
ІІІ.
1600 г. Невядома, чым угнявіла шляхцянка з маёнтку Грыневічы Марына Мамонічаўна ўрадніка Яна Халяву і зямяніна Дзмітрыя Чарнаруцкага, але за тры дні да бяды яны пагражалі кабеце, похвалки чынілі і ўрэшце спраўдзілі свой намер – спалілі дом. Людзі, якія збегліся на пажар, здолелі адно ўратаваць малых дзетак. Маёмасць жа, якая збіралася гадамі ды хавалася ў доме ў каморы, а не ў якіх іншых месцах, ўся пайшла дымам. Усё од мала до велика погорело. У гарачцы ды роспачы гаспадыня прыгадала толькі тое, што першым прыйшло на розум.Такім чынам, усе рэчы пані Марыны захоўваліся ў каморы ў скрынях, то бок шаты, палотны, хусты белыя, футра ўсялякае, цын, медзь, начынне. З адзення шляхцянка прыгадала чорны ядвабны плашчык, козкамі падшыты, два летнікі мухаеру турэцкага, сукню фалюндышу чорнага з аксамітным каўнерам, шубку мухаеру турэцкага, сібіркамі падшытую з бабром, дзве аксамітныя бабровыя шапкі. Чатыры новых турэцкіх дываны, восем паставаў суконнага аббіцця чорнага і зялёнага колераў, адзін пастаў чорнага мураўскага сукна. А таксама пуховую пасцель з чырвонымі ядвабнымі навалачкамі ды прасцінай, яшчэ адну пуховую пасцель, але чорнага ядвабу. Сярод сваіх галаўных убораў узгадала наміткі: ядвабную ды белую сетковую
ды яшчэ хусты белыя.Згарэлі ўшчэнт Марыніны абрусы, ручнікі, сурвэты, тканыя палотны, якіх было столькі, што здолелі б захутаць усю яе сядзібу ад прызбы да самога канька.
1577 г. Сярод лясоў Слонімшчыны стаяў маёнтак Белае, а ў ім двор, а па тым двары выступалі ўрачыста тры паўліны, чатыры павы, тры цыбатых жоравы ды дзве круговых
качкі. А ў сенцах насупраць грыдні чакалі гаспадара внашоны ястраб ды тры хорты поўсцю паловы ды маругаватыя. Былі яшчэ ў гаспадарцы жарабцы стадныя, каровы рыжыя, авечкі чорныя ды пес ланцужный брахун чорны ля свірна. Не ставала толькі чорнай коткі ды чорнага пеўня, каб быць пэўным, што не зачэпіць дом ані Пярун, ані злодзей. Вось і прывялі ліхія шляхі зямяніна Станіслава Падэйку з памагатымі ў той вясёлы двор. Усчалася ў ім беганіна людзей ды птушак уперамешку з сабачым брэхам. Цівун Ян Каленіковіч, уцякаючы, у свірне зачыніўся, якраз там, дзе было захаванне рэчаў гаспадара маёнтку Валерыяна Сакалоўскага. Цівуна са свірна, моцна гвалтом дверы выбивши, выцягнулі на двор, білі ды за волосы ирвали, сабаку чорнага забілі. Са свірна ж выцягнулі два тузіны вялікіх талерак, конваў, квартаў – усе з цыну, тры жалезных палонікі, дзве медныя вялікія патэльні, медныя трубы гарэлачныя, катлы піўныя ды кухонныя, а таксама дзве ручніцы в ложах чорных з кросами. Залезлі злодзеі і ў падклець, адкуль узялі палатна кужэльнага ды зрэбнага агулам на 200 локцяў, а таксама мяса, сала, масла ды сыроў. Там жа стаяла і скрыня, у якой ляжалі гаспадаровыя грошы, пакінутыя ўрадніку на скуповане валоў, ды і рэчы самога ўрадніка: срэбны пазалочаны сыгнет, чорны каўпак, лісой падшыты, саф’янавыя боты, новы шары ермяк са шнурамі і стракою чорнага шоўку, жупіца ласіная, бавоўнаю падшытая, ды ашчэп звярыны лоўчы, для паляваньня годны.