Няспешнасць ды нетаропкасць, чуйнасць ды асцярожнасць суправаджалі людзей у будзённасці. Якія гукі чуліся найчасцей у дзень? А ў начы? Пэўна – маўкліня. Таму, мажліва, прастора праз ўяўленні запаўнялася іншымі “галасамі”. Здаўна існавала павер’е, што перад наступленнем вялікіх бедаў сама зямля стогне перад узыходам сонца. Людзі з чуйным слыхам і чарадзейскай ведай чулі гэты стогн і маглі прадказваць розныя напасці – голад, вайну, паморак. Перад неўраджаем ды голадам да стогну прымешваўся плач дзяцей, перад паморкам – пахавальныя галашэнні, перад вайной – тупат мноства ног і капытоў. Некаторыя пасля апавядалі і пра “моравую панну”, якая час ад часу з’яўляецца ў паветры і махае чорнай хусткай. І пры гэтым людзі
Матэрыяльны бок жыцця тагачасных людзей быў прадстаўлены такой размаітай палітрай, што, пэўна, пісарам часам не ставала сілаў перапісваць тыя рэестры і пералікі рэчаў з дакумента ў дакумент. Нерухомая маёмасць, як бы моцна ні была яна ўгрунтаваная на зямлі і занатаваная правам ў натарыяльных дакументах, усё адно рухалася ды змянялася ў планах, якія зараджаліся ў галовах яе ўладальнікаў, гарэла ды спусташалася, прыходзіла ў заняпад. Рухомасць жа рознага гатунку, высыпаная з уяўнага рогу дастатку ды з торбаў галечы, засыпала б пярэстым кілімам тэрэны Вялікага Княства ўздоўж ды ўпоперак…
Зборнік эсэ – спроба прадставіць тагачасны свет такім, якім я ўбачыла і адчула яго дзякуючы непасрэднай працы ў гістарычным архіве з дакументамі актавых кніг. Унікальная мажлівасць штодня дакранацца да рукапіснай спадчыны калісьці жывых людзей нарадзіла жаданне адгукнуцца сваім уласным голасам.
У тэкстах былі скарыстаныя матэрыялы з актавых кніг Менскага гродскага суда канца XVI – сярэдзіны XVII стст. (НГАБ, ф. 1727), Слонімскага гродскага (НГАБ, ф.1737) і Слонімскага земскага (НГАБ, ф. 1785) судоў, Берасьцейскага (НГАБ, ф. 1741) і Віцебскага (НГАБ, ф. 1751) земскіх судоў другой паловы XVI ст. А таксама кніга У. Васілевіча “Зямля стаіць пасярод свету…” Мн. 1996 і “Пережитки древняго міросозерцанія у белоруссовъ” Этнографическій очеркъ А. Богдановича. Гродна 1895.
Стары Менск