Галасы партызан, паўтарыўшых гэтыя словы, змоўклі і на момант на плошчы запанавала цішыня. Шамацеў у паветры сцяг і грымелі далёкія стрэлы. Страшная здань голаду і жабрацтва ішла цяжкімі крокамі, каб стаць на парогі іхных хат.
— А цяпер вітаю вас, таварышы, з ганаровым і вялікім званнем байцоў за пролетарскую рэволюцыю,—сказаў Каленік.
У адказ яму партызаны няўзгоднена, але ўсе крыкнулі сваё першае ўра.
— Ваяваць нам трэба будзе,— гаварыў Каленік далей,— а ваяваць голымі рукамі нельга. Шмат у каго з вас дома завалялася яшчэ з часоў старой вайны вінтоўка. Дастаньце яе, пачысціце. Штук дваццаць вінтовак запасных ёсць і ў нас. Спадзяюся, што і горад нас не пакіне без дапамогі. Гэта адна наша справа, а другая яшчэ больш важная. Калі мы толькі каля свайго сяла сядзем у акопы, то гэтым рэспублікі не абаронім. Сёння-ж, хлопцы, і ў суседнія вёскі збіраць людзей у партызанскія групы, каб скрозь стаць уздоўж рэчкі аж да самай Старой Рудні такімі во радамі — Рукою ён паказаў на партызан.— Жытко Міхаль пойдзе ў самыя далёкія вёскі, у Старую Рудню, а бліжэй сюды Сімкавец Антон і Прорвіч Арцём. Раён кожнаму вызначым у штабе...
Калі зусім змерклася і крапілаўцы разышліся па хатах, з двара выканкома выйшла чалавек шесць узброеных партызан. За сялом яны падзяліліся па тры чалавекі і пашлі трое да Галлеравага млына, а трое да мосту. Гэта была першая варта, выстаўленая на ноч партызанскім атрадам.
Хутка пасля таго, як вярнуўся Каленік гэтай ноччу дадому, да яго прышоў Віняцкі. Ён быў празмерна ўсхваляваны. Гэта адгадаў Каленік па тым, як ён адразу ўсхапіўся з месца пасля таго, як сеў быў на лаўцы і як загаварыў, перасыпаючы гаворку польскімі словамі.
— То можа і таварыш Каленік не верыць мне? — пытаў ён.— Вядома, я быў легіянерам, гэтага я не магу не сказаць пра сябе. Я думаў, легіянеры пойдуць у Польшчу. Я думаў, легіянеры будуць браць панскую зямлю. Выйшла не так, як думаў, і я кінуў свой полк і пашоў сюды. Мой дом тут. Мая радзіма тут. Я хочу бараніць сваю радзіму разам з усімі. Сімкавец не верыць мне, бо я паляк. Але-ж не ўсе палякі легіянеры. Не ўсе палякі служаць панам.
Ён гаварыў доўга, паўтараючыся, часам не ўмеючы знайсці словы, каб вытлумачыць, што хоча сказаць. І то садзіўся крыху супакоіўшыся, то хапаўся з месца, прыпомніўшы яшчэ нешта, пра што меркаваў сказаць.
Каленік супакойваў яго, апраўдваючы Сімкаўца.
— Ведаеш, яго білі легіянеры. Калі ён думае, што і ты можа гэтак-жа біў каго, ён не верыць табе. Над ім доўга здзекваліся...
— Я нікога не крануў пальцам,— глуха адказваў Віняцкі.— Я другім не даваў біць...
Віняцкі прасядзеў з Каленікам далёка за поўнач. Потым яны яшчэ пастаялі на дварэ, бо пачулі за сялом галасы. Яшчэ чуваць было тарахцелі калёсы па дарозе ад рэчкі. Ехаў абоз.
Няўжо Чырвоная армія?
Каленік не вярнуўся ў хату, а пашоў да выканкома. Там на плошчы размяшчаўся абоз. На самым выканкомаўскім дварэ уладжваліся на мураве чырвонаармейцы. Каленік пашоў у пакой, дзе змяшчаўся штаб партызанскага атрада. У пакоі быў Гайшынскі, каравульны начальнік і некалькі чалавек камандзіраў. Сярод іх камандзір палка, які прышоў у Крапілаўку.
— Я ад мясцовага партызанскага атрада,— сказаў да камандзіра палка Каленік.— Я хацеў-бы пагаварыць з вамі.
Яны ўдваіх зайшлі ў асобны пакой.
— Заўтра мы пойдзем далей,— сказаў камандзір палка, выслухаўшы Каленіка.— Да гэтага трэба вырашыць, як быць з вашым атрадам. Колькі ў вас чалавек?
— Комуністаў і комсамольцаў семнаццаць і сто семдзесят шэсць сялян, беспартыйных.
— Амаль столькі, як у мяне ў палку асталося. Што-ж, заўтра збярэмся і пойдзем за Бярэзіну. Як вы мяркуеце, існаваць асобна ці ўвайсці ў рэгулярныя часці арміі?
Каленік маўчаў. Здавалася, вось-вось усё разбурыцца, аб чым ён марыў, ствараючы атрад. Задрыжэлі рукі і ён узяўся рукамі за край стала, каб не выказаць усхваляванасці.
— Мы спадзяваліся, што вы застанецеся ў нас,— сказаў ён.
— Такія меркаванні раней былі і ў камандавання, але людзі нашы вельмі стаміліся і іх задужа мала, каб утрымацца,— сказаў камандзір палка.— Фронт скрозь адыходзіць за Бярэзіну, там мы здолеем умацавацца.
— Вам трэба застацца,— нясмела запярэчыў Каленік.— Мы будзем несці ўсю службу, а чырвонаармейцы адпачнуць. Дазоры, варту, усё на сябе бярэм, толькі ў бой разам, вядома.
— А хіба мы здолеем з такімі сіламі, як у мяне і ў вас утрымаць участак фронта ў пятнаццаць вёрст? — Камандзір разгарнуў на стале карту, адшукаў на ёй крапілаўскую воласць і правёў алоўкам па лініі фронта. — Не, гэта задужа багата для такой колькасці людзей,— сказаў ён.
— Гэта яшчэ не ўсе людзі,—сказаў Каленік.— Такія-ж атрады мы маем у Старой Рудні, у Зубарэвічах і ў Рожанцы.— Ён у сваю чаргу нахіліўся над картай і пачаў шукаць названыя вёскі.
— Але людзей-жа мала?
— Тры атрады. Я не скажу, колькі дакладна людзей у тых атрадах, але...
— Калі вы арганізавалі свой атрад?
— Учора прынялі клятву.
— Значыць, учора толькі паслалі людзей у іншыя вёскі?
Каленік замяўся.
— Гэта нічога, што толькі ўчора. Удзень будзем мець весткі.
— Мала людзей,— ціха сказаў камандзір палка.