— Мы ж з вамі дамовіліся, што я сам напішу пра ўсё,— нагадаў яму дамоўленасць Міхась.
— Так, так, правільна, мы дамаўляліся,— згадзіўся Фамін.— Вось табе ўсе канцылярскія прылады, ідзі садзіся вунь за той столік і пішы. Толькі глядзі, пішы праўду, без падману.
— Няпраўды я пісаць не збіраюся.
— Малайчына, так і трэба,— пахваліў яго следчы Фамін.
І Міхась пачаў пісаць: дзе нарадзіўся, хрысціўся, вучыўся, працаваў, жаніўся. Адным словам, пісаў сваю аўтабіяграфію з дня нараджэння і да арышту.
3 паўгадзіны Міхась расказваў на паперы аб пражытых і перажытых гадах. Расказваў па парадку, нічога не ўтойваючы і не прыбаўляючы. І калі ўжо заставалася дапісаць не больш як паўстаронкі, да яго падышоў Фамін і пацікавіўся яго пісанінай:
— Пакажы-тка, што ты тут накрэмзаў?
— Не накрэмзаў, а напісаў,— адказаў Міхась.
— Ну, няхай сабе напісаў,— пагадзіўся той.
— Пачакайце, я зараз закончу,— не згаджаўся Міхась.
— І ўсё ж я хачу паглядзець, што ты тут строчыш,— сказаў Фамін і самавольна ўзяў спісаныя лісткі. Ён бегла прачытаў іх і спытаў, не ўнікаючы ў сэнс:
— Дык гэта і ўсё?
— Не, засталося яшчэ расказаць аб тым, як мяне схапілі вашы сябры і прывялі ў гэту цытадэль.
— І ўсё? — паўтарыў следчы.— Ты ж яшчэ нічога не сказаў.
— Усё. Больш я нічога не ведаю.
— Ты ж не напісаў аб самым галоўным — шкодніцтве.
— Па-мойму, мы дамовіліся з вамі пісаць толькі праўду. Вось я і стрымаў сваё слова — пісаў толькі пра тое, што добра ведаю. Не так, як гэта робяць некаторыя.
— Устаць! — зароў Фамін.— Падпішы тое, што я прапаную!
— Я толькі пад сваім падпішуся, а пад гэтым няхай падпісваецца той, хто яго аўтар.
— У кут, гадзюка! — загадаў ён сваёй ахвяры.
Міхась пакорліва стаў у кут і сказаў:
— Па-першае, я не дазваляю вам крычаць на мяне, бо я — не школьнік, а настаўнік. Па-другое, я ўсіх, у тым ліку і вас, называю на «вы». Так да вас і мяне ўсюды называлі. А вось вы мне «тыкаеце». Хопіць такога хамства!
— Э-э, гадзюка, чаго захацеў! Называць яго на «вы»! Гэтага трэба заслужыць, контра!
На крык следчага ў пакой уляцелі яшчэ тры чалавекі, тыя, што і ўчора.
— У чым справа? — спыталі яны ў адзін голас.
— Падмануў, падлюка! Адмаўляецца ад сваіх слоў! — тлумачыў Фамін.
— Не падпісваецца?
— У тым-то і справа, што не падпісваецца.
— Зараз мы яму паможам,— сказаў адзін з іх.— А не, дык пусцім на распыл,— і выняў з кабура пісталет.
За ім тое ж самае зрабілі і астатнія. І цяпер дулы пяці пісталетаў былі скіраваны проста ў твар Міхасю. Толькі ён не спалохаўся, а, наадварот, засмяяўся.
— Што, думаеш, слабо? — не вытрымаў адзін з энкавэдыстаў.
— Слабо, страляць не будзеце.
— Чаму ты так лічыш? — вышчарыўся Фамін.
— А таму, што калі вы мяне застрэліце, то і вам будзе тое ж самае. Па-другое, для таго, каб адабраць у мяне жыццё, не трэба пяць куль, дастаткова і адной. І апошняе, што я хацеў сказаць вам: смерці я не баюся. Усё роўна жыцця мне ўжо не будзе. Я цяпер і сам бы застрэліўся, каб было з чаго.
— На, вазьмі мой пісталет, страляйся,— сказаў Фамін.
— Давай,— не спалохаўся Міхась.
— Э-э, які хітры! Дай яму пісталет, дык ён і цябе ўхлопае,— здзекаваўся следчы.
— Прызнаюся, што так бы яно і было: спачатку цябе, а потым ужо і сябе.
Прайшоў першы пал, ці напал, і трое з гасцей паразыходзіліся па сваіх кабінетах, а двое засталіся — даводзіць пачатае да канца.
— Я ж па тваіх вачах бачу, што ты сапраўдная контра! — не адставаў ад яго Фамін.
І Міхась адказаў яму рускім выслоўем, бо тут якраз тычылася менавіта рускай мовы:
— Уж больно ты грамотен, а корову через ять пишешь!
Гэтымі словамі ён нагадаў Фаміну той момант, калі следчы прасіў праверыць памылкі ў яго пратаколах допытаў.
— Ты знаеш сібірскіх кулачнікаў?! — пагрозліва спытаў той і тут жа пачаў закасваць рукавы гімнасцёркі. Тое ж самае пачаў рабіць і яго памочнік Румін.
— Не знаў і знаць не жадаю, асабліва такога гада, як ты! — гучна прамовіў Міхась і ў той жа час пачаў маленькімі крокамі адыходзіць ад кутка, дзе ён стаяў, каб мець месца для манеўра. Бо ён бачыў, што яго збіраюцца біць, а таму і вырашыў не здавацца без бою. Смерці Міхась не баяўся, лічыў, што ўсё роўна рана ці позна, а яго гэтыя садысты загубяць, жывога з турмы не выпусцяць.
Як толькі каты наблізіліся да яго і нанеслі першыя ўдары — як бы для пробы — адзін у правае, другі ў левае плячо, у Міхася пацямнела ў вачах, але не так ад болю, як ад крыўды і гневу. І ён, не чакаючы, пакуль яго зваляць з ног новымі ўдарамі, колькі было сілы стукнуў кулаком у твар Фаміну, і калі той адляцеў ад яго, тут жа даў нагою другому праціўніку — Руміну, які адразу скурчыўся і апусціўся на падлогу. І ў той жа самы момант Міхась закрычаў на ўвесь голас:
— Каравул! Забіваюць!
Рашэнне такое, хоць і імгненнае, было правільным: праз лічаныя секунды ў кабінет уварваўся маёр Байцоў, начальнік следчага аддзялення. Абвёўшы вачыма пакой, тут жа спытаў:
— Хто крычаў?
— Я,— адказаў Міхась.
— А што здарылася?
— Забіваюць!..
— Хто?
— Вось гэтыя каблы,— паказаў ён на следчых.