Баліць мая галованька. Кажны дзянёчак баліць, ажно спасу-паратунку ніякага нямашака мне бедненькай. Ніхто не прыгалубіць адзінотніцу хворую. Зімны серпеньскі дзень. Дождж ліецца на змерлае места. Ён не прыйдзе, не загаляне, не прытуліць мяне к сабе – такому гарачаму і міласці поўнаму. Хоць бы мезенцам да мяне крануўся, я шчаслівейшая і здаравейшая сталася б.
Бабруйск. Ездзім. Робім. Спектаклі чужога духу. Як толькі не плёскаюць вонкі, скрынку чарэпную парваўшы, мае гарачыя глуздочкі. Чужы дух. Дзіўнае мястэчка. Дзіўнае даймо мне творыць. Рэч не толькі ў пескавых вуліцах без бруку і тратувараў, не ў нястачы дрэваў, акром маладзенькіх ліпаў ля палігону. Гэта штосьці іншае. Крэпасць цягчыць гэнае мястэчка. Ад яе ўся чарната. Не хочу.
Адыграўшы апошняе, кідаю ўсё і ўсіх, з’яжджаю хуценька ў Менск.
Да эквіпажу ў Пухавічах знячэўку далучыўся Ваяслаў. Ён быў саўсём блізка. Пазнаў мяне, але за бытнасцю іншых паяжджанаў добра разгаварыцца не выйшла. Мужчына красун. Падобны да сокала яснага. Чарнявы. Як воранава крыло колер валос ягоных. Цёмныя вочы. Сурдут чорны. Бас, як у дыякана, аксамітавы. Тады маўчаў. Маўчанне. Адно толькі дзікунскае przepraszam і лютая моўкнасць. Чаму жадаю карыць яго за гэта? Чы многа на ім віны за тое? Хочацца табакі.
Добра, што ёсць яно – цёплае дзівоснае мейсца, пры каторым усенька іншае рашчынаецца, кідаючы мяне сам-на-сам з насалодай. Мой тайны кут! Я тут сама сабе матухна, зязюлюхна, спадарыня. Ёсць тое, што можа адправіць мяне і мае крозы ў вырай. Шкода, што гэта толька я да я, а не я да ён.
Мне проста, проста, проста. Мне светла, светла, светла.
Ён не робіць ніводнага бязглуздага споківа, ніколі не прамовіць ніводнага марнага слоўка… Плаўная плыня маіх мысляў перапыняецца хмарамі, што ўзноў захінулі соўнійка. Незабаўна дождж зачне паліваць морачную раку да людзёў, што не ўцяклі з пабярэжніцы. Неба мяняе колер. Падымаецца віскуцень, праймаючы наскрозь Тарговую вуліцу. Свіслач свінцавее. Дзеравы на беразе торгаюцца ад раптоўнай халадэчы. Як і я.
Я заспяшыла прагнаць жахлівыя думкі, якія займела аб Наталлю Клыкоўскую. Яны браліся мне агіднымі. У думках я раўняла яе і сябе, дай выйшла з таго, што рожныя мы з ёю суздром. Я ўсё-ткі з іншага цеста піражочак. Я чуюся таковай. А цяперака гляджуся яшчэ ляпей, чым колі-хаця глядзелася. Я папышнела і пасвяжэла, стала больш жвавай, здаровай, бо ж запазнала гаючую сілу светлых надзежаў і няўрымслівай радасці, хаця і прымешаных часінкамі суму і самоты. Дай не магу ўзяць да розуму, чаму Наталля мне бачыцца пагрозаю.
Заўчора перад сном я выбрала колькі кніг, каб цімала падтрымаць свой клёк. Аб першай гадзіне, яўне запозна, рушыла закрываць стаўні да ўчула якоесь траскатанне і звон разбітага шкла. Навастрыла вушы: было ціха-ціха, але незабаўна здалела разабраць не надта выразныя згукі, мэрам хтосьцейка слабка стагнаў, а после нягромка паўскрыкнуў да захроп. Гэты хтосьцейка быў Ваяслаў Боўт. Не знаю, што за сіла мне падмагла пра тое здагадацца. Між намі было усяго колькі сажняў. Рынулася да яго. Скрываўлены, але не страціўшы прытомнасці, ён курчыўся на бруку. Пад нагамі хрыпасцелі аскялепкі бутліка, каторым, як думалася, няведамы зладыр удырыў Ваяслава па галаве. Пахла мігдалёўкай, што мабыць была ў бутліку. “Усё добра,” – цвярдзіў ён ці не самому сабе. Я паспрабавала падняць яго на ногі, якія нязграбна падгіналіся. Падняўшыся, ён адно тады змеціў, што помач адзержыў не ад абы-каго, а ад мяне гожай, лепай, прэкраснай. “А гвалтачкі мае! Пані Ірэна Галавацкая, чорна звязда павятовых сцэнаў!” – дзёрзка мовіў ён, і я дапяла, што перада мною п’яны чалавек, які няўдала перамяшчаўся па вулках. Столькі ганьбы з таго зазнала. Але ж кроў цурчэла з яго твару, які мог бы быць вобак майго. Я не кінула яго на дарозе. Завяла ў дом, дзе, абмыўшы і перавязаўшы ўсе <ягоныя> ўразы, палажыла спаці на сваёй караваці. Сама праседзела цэлу ночку за сталом, клёваючы носам. На світанні заснула чы мо’ толькі прыкрозіла, што сплю. У тым няясным стане ўсё і адбылося. Ваяслаў міласціў мяне з усіх мер, і салодкасць уладарыла целам, як ніколі да таго.