Між тым па месце віленскім пагудка прабеглася, дзей у адным з хлявоў мяшчанскіх свіння ў прыплодзе прынесла нейкую бэстыю, пачвару заістую. Ніхто не ведаў, што рабіці з вырадкам. Быў ён большым ад іншых парсюкоў ды меў, як казалі кніжнікі, пілігрымы і купцы, голаў малпы, цібо абізяны – звера, што вадзіўся ў старане індыянскай і ў далёкіх крэсах афрыцкіх. Тыя ж знаўцы, што праўда, казалі і пра адрознасць: у абізянаў пыса пакрытая поўсцю, як у сабакі, а ў пачвары з Вільні скура за малай вывалочкаю гладкая, як і слушыць парсючку. Акром гэтага ў вырадка былі вялізныя лыпатыя вочы, а вушы нібы ў кажана, а з лоба звісаў мярзотны атожылак, што нагадваў надцятую кішку. Нораву ён быў злога, бо перагрыз у хлеве ўсіх пабрацімцаў сваіх. Пасадзілі яго на асобнасці, кормячы конскімі ды кароўскімі вантробамі, набыванымі невялікім коштам на гаспадарскай бойні. Уладальнік пачварнага парсюка не мог духам выстарацца на яго забіццё. Пагатоў аб’явілася магчымасць спаганяці з плоймы цікаўнікаў грошы за пагляд у заклець з монструмам. Пра самыя народзіны звыродлівага свінча гукалі размаіта. Адны баялі, дзей тое было ўроджанне ад вядзьмарскіх чараў. Памятаючы аповяды пра малпаў, другія цвердзілі пра якогасьці купца, каторы у Вільню таго звера прывёз, а ён уцёк і ў хляве з свіннёю злучыўся, ад чаго і нашчадзь кепская выйшла. Трэція, маючы на ўвазе справы палітычныя, гаварылі годна, дзей той парсюк не ў Вільні ўзрадзіўся і ўскормлены бязбожжам, а таемна дастаўлены сюды маскавітамі для паняверкі а застрашэння народа ad portus новых учынкаў ваенных на землях колішніх крывічоў.
Покуль люд віленскі аб тыя аказіі на мыслі ўздабываўся, а хтось з мастакоў саматужных бэстыю праклятую для вандроўнага нямчына намаляваў, яна пасля пэўнае ночы прапала. Заклець зламанай была, а па слядох адно бачылася: жывёла ўцякла, а не стала прадметам хцівага крадзежніцтва. Як паказалася, парсюк па дарозе раздзёр мноства псоў і катоў блудзяжных. Але спалохаліся віленчукі праўдзівей толькі тады, калі на тым шляху крывавым знайшлі чалавека лёзнага, звярыным абычаем да смерці змардаванага. Сведкі ступіліся з аблічча, баючыся за ўласныя жыцці. Пачварны парсюк пакінуў Вільню, збегшы ў лясы бліжэйшыя.
Даніла, пачуўшы гісторыю аб крыважэрным свінячым выпладку, усміхнуўся і пасля намарных корпанняў у завучаных колісь лацінскіх словах прамовіў: “Svintus miserus Vilnae. Куслівы і сіла небяспечны”. Але хутка смяшкі аціхлі, бо svintus пару разочкаў з’яўляўся ў бацькавай вёсцы, ладныя шкоды чынячы. “Ото стварэнне шатанскае!” – узлаваўся Драб і ўздумаў, парадзіўшыся з бацькам, упаляваці ненавідную жывёліну. Вось жа і стаў ён збіраці паляўнічую бурсу, абы задуму сваю уцялесніць. Памагаць абяцаліся тамтэйшыя паходжыя сяляне. Аднак мусіў быць і хтось больш спанатраны ў рэчах паляўнічых. Узяўшы гэта на розмысел, Даніла мгненнем адзіным спамянуў прыяцеля свайго Марціна Зімапада. Зімапад, хоць і не спяшаўся кінуці ў бокі падозранні аб Спадобе і Драбу, надзіва борзда указаў згоду на ўдзел у ловах. Яшчэ два месцічы – Юшко Шмарагд і Глеб Дзівісіл – згадзіліся на рызыку лавецкую, бо вельмі прыгоды любілі.
Людвіка Спадоба, даведаўшыся пра паляўнічы хаўрус сваіх мілоснікаў, спачатна ўсцешылася надта, але сумелася потым: “А які толк у тым, што Марцін і Данік не будуць варагаваці а хадзіці крывавусцем міжсобку, калі я так і не даступілася жаднага зведам’я, хто мне з іх наймілейшы?”. Да яе сумення дадалася і вялікая непрыемнасць: у слушны дзень не пачалася болесць месячная. Не было яе і на другі, і на трэці, і на чацверты нават дзень. Маці, што ад першае дачковае крыві сачыла за яе месячніцаю, узрушылася надзвычай. Дачушка ж заспакойвала яе, мовячы хлусліва, дзей усё тое ад турбаванняў і страхаў, пасля чуваных жахотаў аб брыдотным япручку. Матуля суцяшалася троху, але з немінучым недаверам прамаўляла: “Ой, доню, прывяду я бабцю-павітуху, абы спраўдзіла, ці дзевая ты. Ой, прывяду… ”. Палохала тым не ў жарты Людвіку. Мыслячы пра вераемную вагітнасць, яна знала дакладна, што бацькам дзіцяці мог быць толькі Марцін, бо з Данілам нічога