Марцін і Людвіка употайкі ад бацькоў, кроўнікаў ды знаёмых усіх сустрачаліся ўжо трэці рок. Перш то былі ціхія і чысцюткія, нібы сляза святой Еўфрасінні, патканні пад месяцам за гарадскімі мурамі. Ды памалу маладыя так размілаваліся, што справа да мядовых цалаваннў абярнулася, за якімі неўвамнозе яны сталі любы між сабою меці. Сія-тыя, праўда, у Вялікім княстве назвалі б тое
Як падумаці важка, дык крыўды таковыя былі не самымі цяжкімі ў часе, калі мноства раўналеткаў Марціна, званага Зімападам, леглі галавою ў землях інфлянцкіх, ваюючы маскавітаў. Нямала ваяроў, якіх вадзіў князь Мікола Рыжы з Радзівілаў, вярнуліся да родных гасподаў скалечанымі. Было з чаго ўмываці твары слязьмі іх бацьком і малжонкам. Масква ж, наброіўшы ў Інфлянтах, узялася шыбункаваці ў Белай Русі. Мала не штотыдзень у Вільню прыходзілі стуль навіны грозныя. А ягамосць кароль і вялікі князь ніяк не мог аправіцца ад смерці сваёй любаснай жонкі і вельмі мала стаяў аб гаспадарстве, ападаючы ў крэўкасць надмерную. Мноства абываталяў, маючы на бачнасці гаспадара, бралі ад яго не лепшы ўзор. Шляхта працягвала ладзіць банкеты. Тое ж, хоць і незаўжды з такой раскошаю, рабілі і мяшчане. У п’яным клуме інколі знаходзіўся такі, хто прамаўляў падобныя да наступных словы: “Трэба нам аддаці маскве і Полацкую, і Віцебскую землі. Яны бо спакон вякоў рускімі ёсць. Мы ж, літвіны – слаўныя рымскія нашчадкі, не будучы русічамі, мусім кінуці гэтую мову ды загаварыці сапраўдным языком літоўскім”. Зазвычай падобным прамоўцам завіралі вусны, асцерагаючы, дзей не толькі ўстыд такія ганебныя глаголы ўнасіці, але ж і горлам за іх прыплаціцца можна, бо кат віленскі напалохае добра. Марцін жа на словы аб рымлянах адказваў ледзьве не з захаджэннем у галаву: “Ну што ты за мярзенасць вярзеш, змышляч?! Прыкра слухаці цябе. Тое – аддай. Гэта – аддай. А самым тут на лайно ўласнае ўпасці а зубамі ляскаці, як смярдзючы сабака каторы? Трасцы!”. Прыяцелі ўчасна паўздзержвалі яго ад рэзкіх рухаў ды вярталі бяседу ў абыклае рэчышча. Зімапад занікаў, сам у сабе гаворачы, дзей добра, што Людвіка не бачыла яго ў гарачцы безгаловых спярэчак.