Юшко Шмарагд і Глеб Дзівісіл, марна прабуючы таварышоў сваіх разгаварыці, казалі, дзей парсюк-вырадак неадзіная праява такога раджаю ў Вялікім Княстве Літоўскім. Першы згадаў змія воднага, што нібыта жыў у возеры Лепельскім, і многіх цмокаў, бачаных у ваколіцах далёкага ад сталецы Гомея. Другі прыпомніў яшчаркаў зубатых, якія некаторы час у вады праводзе віленскім вадзіліся, а ў менскай рачулцы Нямізе-крывавай наагул зводу не маюць. Марцін і Даніла маўчалі. Зімапад, узяўшы на ўгоду прапанову Драбаву, не ўзяў да сэрца заспакаення. І намысліў ён рэч грэшную вельмі, маючы “Не ўбій” біблейскае і артыкулы права пісанага вялікакняскага сказіці, бо гарлівасць мілосная вочы і розум заслала габеленамі чорнымі. Між рыштунку паляўнічага меў Зімапад заточаны гостра ікол хіжага звера заморскага, прыдбаны ў чалавека вандроўнага, які перэгрынацыю ў Зямлю Святую ўчыніў. Рахубу Марцін дастаткова простую меў – у часе палявання іклом тым Данілу да смерці ўразіці, а пасля прысведчыці ілжыва, дзей бедачыну кныр паскудны растурзаў. Драб жа чакаў мажлівасці раз’ясніцца з прыяцелем аб рэчах мілосных. Юшко з Глебам пасля ўсіх размоваў узяліся песні карчомныя спяваці, цвелячы сэрцы задуменным бурснікам.
– А дзе ж цяперака той монструм? – спытаўся Зімапад знячэўку.
– Ды кабы ведала мая сарочка, я б яе спаліў, – здзіўлена адказаў Драб.
У вёсцы, наслухаўшыся пра парсюковы напады сялянскіх страхотак, Даніла казаў ахвочым зладзіць вечарам віжаванне. Згодныя да гэтае пары сяляне, цяпер валаводзіць сталі. Адзін сама гаваркі заявіў паляўнічым: “Абы ж тое, паночкі, звярына, як звярына была: дзік, дык дзік, мядзведзь, дык мядзведзь, а не гэтая блудамярзенасць. Тут пойдзеш, то і бяз сракі астанешся. Трасца разбярэ і раструшчыць павадкі ягоныя! Няясна саўсём, хто каго віжуе – мы яго ці ён нас”. Даніла на тое плячыма паціснуў а прамовіў проста: “Змушаці нікога не буду, бо вы людзі вольныя. Покуль…”. За тым павярнуў бурснікаў да дому бацькавага. Прамова сялянская Марціна з маўчання скінула: “Вольныя? Я б паказаў ім вольнасць нашу і вашу! У прыгон! У прыгон усіх чыста без жадных размоваў і пабудак вялікіх”. Ніхто не браўся пярэчыць. Данілаў бацька, усцешаны з гасцёў, усіх да стала запрасіў. На стол стаўлены былі колькі смажаных гусак з грыбамі, пірагі з цыбуляй і ялавічынай, свініна вяленая. А каб патравы тыя весялей спажываліся паставіў бацька мядку гарнец вялікі. Таго дык аж за многа ў сябе кульнулі, што смуга перад вачыма паплыла. А калі Юшко Шмарагд стаў показку чародную пра п’янога манаха, што піўную бочку з блудніцай пераблытаў, ніхто ўжо толкам не чуваў яго. Адзіны толькі Зімапад паўтараў утрапёна: “Я разумею ўсё, Даніле. Я разумею ўсё чыста. Я разумею, Даніле. Я ж разумею”.
Уранні, запіўшы боль галоваў поліўкай з бараніны, рушылі на паляванне. Паляванне без выведкі папярэдняй рабілася рэччу прыдзіўнай. Дый без аблогі звера цяжка было чагось удальскага парабіці. Падзяліліся па два. Разышліся ў бакі розныя. Лішне мовіць будзе, але мовім усё ж, што супоры мілосныя разам пайшлі. Калі за спінамі пакінулі з паўвярсты літоўскае, Марцін выраніў першае слова сваё:
– Слухай, Даніле. Што ў вас з Людвікай Спадобаю?
– У каторым розмысле? – Драб кінуў на яго знічкаваты пагляд.
– У тым самым – ведле літары: хто яна для цябе?
– Калі так, дык скажу шчыра: мілую я яе лепей, ніжлі сам сябе.
Зімапад на яго скоса зірнуў і мовіў злосна:
– І гэта апасля ўсяго любадзейства твайго? Кажа люд віленскі, каторых вы рэчаў з той Альжбэткаю тваёй зажывалі, плюгату а спроснасць цялесную чынячы. Аж і прыпамінаці брыдка…
– Але ж ты пры тым светачам не стаяў, – улегцы раззлаваўся суразмоўца, – то і не трэба на пляткарства ўпадаці і яшчэ з сябе ганца цноты строіць. Што рабілі мы з Узмянкаю, то мой і ейны грэх, і нам за яго бяз сведкаў прад Усявышнім адказ дзяржаці прынагодзіцца. Што табе да маіх грахоў? Свае счысляй.
– Ды на ростанях апаўночы хацеў я бачыць твае грахі! Я Людвісю мілую! Разумееш? І яна мілуе мя. Разумееш? Ні халеры ты не разумееш! Што ж ты лезеш у справы нашы?
– У вашы справы? Прыяцелю, ты прост, яка аўца. У вас даўно з ёй няма ніякіх справаў супольных, – выкалочваў Даніла душу спаборніку.
– Як?! – духам запаўшы, крыкнуў Марцін, а ў сэрцы здань надзеі адшукаўшы, дадаў: – Ты сваім языком папудлівым не кідай занадта. Не трэба меч у шчасце наша пускаці. Мы з ёй пабярэмся скора.