Вось жа Аляксандр Шалюта, цэлячыся ў бутэлькі, не быў надта пэўным у тым, што перад сабою бачыць: шкляную пасудзіну ці твар кагосьці з тутэйшых чарнасоценцаў. “Бах!”. Ён добра памятаў гімназічныя гады і тыя выпелегаваныя вечнарумяныя морды прыродных расійчыкаў, змяіныя вочы ды юдавы ўсмешкі спанатраных у лізаблюдстве дзетачак тутэйшых іванькаў нічога-не-помню. Памятаў добра, хаця гэтыя згадкі і блізенька не ляжалі ля прыемных. Поўхі і кухталі за “не тыя” гукі і словы. Расстрэл снежкамі па той жа прычыне і дзеля своеасаблівай пацехі. Ён памятаў добра. Не забываў і собскага “геройства”, што выйшла найперш з перамогі над сабою, а ўжо пасля з наймацнейшага ўдару тынінай па пысе адному з крыўдзіцеляў спаміж начной цемры. Адзіна толькі неба ведала, як удалося ўнікнуць лапаў шматлікіх разбіральнікаў, што сталі мітусіцца наўкруг таго здарэння… Многіх ён сустракаў ужо ў гэтым – новым і заможным – жыцці. Хтось бязмерна занядбаў сябе ў п’янстве, блудзе і нюханні какаіну. А нехта, тарнуючы тых самых грахоў памяркоўна, працягваў цвісці зласлівымі краскамі. І тыя, і гэныя пры сустрэчы пыхалі полымем нянавісці, адно што не аднолькава адкрыта. “Бах!”. Пляваць ён на іх зараз хацеў з вежы цукровага завода Паскевічаў. Але ж так мліла ад іхніх забавак “русским великодержавным шовинизмом”, як выславіўся адзін з недазволеных цэнзураю аўтараў…
Усе бутэлькі былі пастраляныя. Аляксандр схаваў гарачы яшчэ рэвальвер у кішэню сурдута і павольна рушыў у бок Гомеля, дзе чарнелі змрочныя хаціны Каўказа. Гэтыя гомельскія празыванкі розных гарадскіх частак яго надта смяшылі. Каўказ, Амерыка, Свісток… Па Каўказе хадзіць адному было нядужа бяспечна, меў ён кепскую рэпутацыю: піяцтва і буяцтва упоравень з усялякімі немачамі цвілі тут пышным кветам. Зброя надавала смеласці і пэўнасці, але толькі не зручнасці для хады па вуліцах. Здавалася, рука чалавека ніколі пасля збудавання не дакраналася да іх. Былі яны абсалютова непрыстасаваныя для прагулянак пешшу. У іншых месцах горада хаця б драўляныя ходнікі (дый яны не чысціліся!) ратавлі тутэйшую грамаду ад мусовасці круглы год не развітвацца з паляўнічымі ботамі і адпаведным адзеннем. На Каўказе не было і гэтага. За тое ўсюдых было накідана ці абы-як складзена размаітага драўлянага хлуду, цэглы і камення, швэндаліся з напалеонаўскай годнасцю гавяда ды свінні. Шалюта стаічна трываў кожны свой “транскаўказскі пераход”, завяршаючы яго каля гарадское вязніцы. Там ён іншым разам супыняўся, углядаўся ледзьве не да амарокі ў ейныя муры ды паўтараў паўшэптам няўцямныя словы-насланнё: “Будуйце самі сваё рабства!”. Па тым заставалася трошку прайсціся да Румянцаўскае вуліцы, каб адчуць пад здарожанымі нагамі плітку ці асфальт, каб займець навідавоку збольшага прыстойныя будынкі. Румянцаўская, лепшаю часткаю сваёй, была застаўлена каменнымі будынкамі з гаўбцамі, вежамі, шпілямі. Тут месціліся раскошныя магазіны з вітрынамі і сажневым люстраным шклом, рознага кшталту крэдытныя ўстановы, канторы, бюро, гатэлі, рэстарацыі. Усё гэта з нядаўніх часоў для Аляксандра сталася, калі не сваім, дык прынамсі не такім чужым, як раней. Зрэшты ідэалагічна ён не падабаў нікога, пачынаючы ад гаспадара гатэля “Масква” пана Івіцкага і трымальніка гадзіннікавай крамы пана Марынбаха, сканчаючы ананімнымі наглядчыкамі цэнтральных публічных прыбіральняў. За гэтымі раскошай і бляскам бачылася змізарненне беларускага народа, з чыёй цяжкай працы жывіліся ўладныя людзі гэтага краю Расійскай імпэрыі. Думкі былі занадта крамольнымі, каб вымаўляць іх голасна. Гэта штурхала яго за крэс раўнавагі, але аднога пісталета на ўсю каланіяльную “брацію” было зусім недастаткова.
Аляксандр колькі разоў націснуў кнопачку званка, заклікаючы ўмоўным сігналам ахову адчыніць дзверы банка. Кашчавы начальнік аховы падпрапаршчык Цюрменка праз хвілю ўпусціў яго ўнутро будыніны. На пытанне ахоўніка пра shot training Шалюта абыякава махнуў рукой і падняўся на паддашак. Трэба было памыцца, пагаліцца і пераапрануцца, бо ўвечары мелася адбыцца сустрэча з каханай дзяўчынай. Аляксандр запаліў газніцу, паставіў грэцца ваду і падыйшоў да вакна. На вуліцы паволі пачынала вечарэць. Будынкі насупраць – двухпавярховы дом і навюткі гатэль “Савой” – былі бачныя яшчэ досыць выразна, а вось званніца Траецкае царквы ўжо губляла спакваля ўстойлівасць сваіх абрысаў. Маладзён заплюшчыў вочы. З хвіліну ў зацямрэчаным зроку стаяла тая самая заваконная карцінка, дзе найясней адлюстраваўся тэлеграфны слуп з неімавернай колькасцю бэляк для дратоў. Не любіў яго Шалюта з часу ўлазін, калі, паддаўшыся шалапутліваму настрою, стаў варажыць на тых слуповых бэльках, нібы краса-дзяўчына на рамонку: “Кахае. Не кахае”. На бэльках атрымалася “кахае”, а насампраўдзе – здрада і паспешлівыя ўцёкі каханкі ў Кіеў на пару з прышчыкаватым махляром-картыжнікам. Аляксандр дужа перажываў і прыкрасці паспытаў на ўвесь рот. Аб каханні Марыі, каторую спаткаў трохі паслей ён варажыць зарокся. Сама дзяўчына падстваў для турботаў не давала, хаця і цалавалася з жарсцю сама мала Клеапатры Егіпецкай.