У банку Аляксандра сустрэлі спакойна, калі не лічыць насупленых ахоўнікаў. Намеснік дырэктара, пан Спрынгель, быў праз лад ласкавы і спапярэдлівы. Гаварыў, што так гэтай рэвалюцыйнай пошасці і трэба; што кожны праўдзівы падданы яго імператарскае вялікасці зрабіў бы тое самае, баронячы суграмадзян ад гвалту; што нарэшце ён – Аляксандр Шалюта – давёў прыкладам сваю баявую здольнасць, а значыць поўніцай апраўдаў ускладзены давер, за што заслугоўвае пашаны і грашовае ўзнагароды. Пан Спрынгель вомільгам дастаў квітаруснік і выпісаў агаломшанаму работніку аграмадны прэміум у 150 рублёў. Аддаючы квіту, начальнік па-змоўніцку заўсміхаўся і звонкім шэпатам прамовіў:
– Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі.
– Дадзіцё колькі дзён для адпачынку? – троху нахабна, без падзякі за грошы запытаўся Шалюта.
– Дамо.
Спачынку папраўдзе хлапец і не планаваў. Хацелася пацвердзіць або спраставаць свае запасочанні наконт долі каханае дзяўчыны. У Варшаву паляцела тэлеграма. Яўхім Карскі ветліва адказаў, што ніякіх спабораў кафедра апошнім часам не абвяшчала, і Марыя Ламака, такім чынам, ва ўніверсітэце не з’яўлялася. Шалюта спахмурнеў – насцярогі спраўджваліся. Якое ж кепскае таварыства звабіла каханку? Шукаць адказу не было дзе. Бацькі Марыі змерлі колькі гадоў перад тым. Кватэра на рагу Мільённай і Баярскай была замкнутай, а замок – іржавым. Аляксандр, заняты сваімі думкамі, валэндаўся па горадзе быццам цень, рызыкуючы патрапіць пад цяжкую фурманку. Чарнасоценцы нервова сціскалі кулакі ці паплёўвалі ўбок ад собскай бездапаможнасці: “великая Россия” хавалася на задні план перад заклапочаным беларусам.
Беларуса ж ногі давялі да вуліцы Ветранай, слаўнай сваімі фрывольнымі мадамамі. Тамака ж жыхарыла таксама і баба Нінэль Альтэншулер, знаная варажбітка. Ён няўклюдна ступіў у прыцемлены пакой, дзе валадарыў паўнюткі гармідар: кнігі, слоікі, бутэлечкі, гадзіннікі ды іншая трасца суцэльным вэрхалам размеркавалася на мізэрнай плашчыні.
– За пляшку не турбуйся, – азвалася на ягонае прыйсцё варажбітка.
– Га? – сумеўся Аляксандр, а за спінаю ўчуўся звон разбіванага шкла – бутэлькі, якую ён няўрокам зачапіў.
– Усё адбылося. Добрых навінаў табе няма. Яна памерла. Хто цябе не любіць? Сам ведаеш. За ўсё сплацілі смерцю ейнай.
– Як? – знібеў ад пачутага хлопец. – Як гэта было?
– Што было, то было… – ліла свае слоўкі баба Ніна. – Нічога не зменіш. У Любенскім возеры. На дне. Русалкаю халоднаю. Ляжыць. Ну?
– Хто? – слёзы, як казачны жалезны боб, каціліся па яго шчаках.
– Сам ведаеш, – ухіліста адказала варажбітка. – Ідзі. Грашэй мне ад цябе не трэба.
“Сам ведаеш” – яшчэ сто, а то і болей разоў гэтыя словы грымелі ў глуздах. Думкі ніяк не хацелі парадкавацца на патрэбны капыл. Галавы ўвачавідкі было замала, каб залучыць у сабе ўсю масу перажыванага і вышукаць у гэтым нейкія адказы. “Сам ведаеш”. Адкуль было што ведаць? Марыя ніколі не скардзілася. “Сам ведаеш”. Гэта мог зрабіць хто-заўгодна. Няпрыяцеляў Аляксандр нажыў сабе нашмат болей, чым сяброў. Два вазы і цэбар – ворагаў і зайздроснікаў, абабеглых працмыгаў і обершэльмаў, выкшталцоных падлюкаў і спрыродных мярзотнікаў. Два вазы і цэбар тых, хто не прамінуў бы адпомсціць, бачачы ягоныя шчаслівошчы. Але якое ўпалае падступства забіваць невінаватую дзяўчыну! Усіх не перастраляеш…
Ні сцяты ні павешаны, папіраючы брук, Шалюта крочыў да Любнаў. Злева, на Басавай гары, паныла маўчала стараабрадскае кладзішча. У драўляных дамках праварауч, здавалася, таксама ўсе ўмёрлі. Водная гладзізна ля самых берагоў была акрыта танюткаю ледзяною коркаю. Сівер штомоцы хапаў бядотнага за шлунне, дарэшты пляжачы астачу надзеяў на цуд. Які мог быць цуд? Марыя мусіла спачываць сном векавым дзесьці там пад халоднаю чорнаю вадой, падобная да Афеліі, каторая, дзякуй Богу, не паспела звар’яцець ад гомельскай штодзёншчыны. Кінуцца да яе туды было самым простым з усіх імаверных выйсцяў. “Але мы ўсё ж баімся паміраць, – неўпрыкмет ачомаўся Аляксандр. – Таемны край, адкуль няма звароту, лякае… Прабач, Марысю, сінічка мая. За кожнае пёрка тваё ляжа чыясьці злая галава. Тут квет адвагі не памеркне”. Ён стаў на кукішкі, набраў у далонь вады і ціхутка сёрбнуў, нібыта раз астатні каштуючы іх супольны любосны мёд. Адклаўшы да заўтра заяву ў паліцыю ўзглядна Марыі, з жахліваю палёгкай Аляксандр вяртаўся да сябе на Румянцаўскую.
Каля банка было наўздзіў шматлюдна. Прычына шматлюднасці вельмі хутка высветлілася і ўвадначас уразіла да захвіцэння: у левым – па вуліцы барона Нолькена – крыле банка адбыўся пажар, у полымі каторага са свету збавіўся шаноўны пан Спрынгель. У вачах Шалюты застракацелі фіёлкі – занадта выйшла ўжо ўзрушэнняў. Пажар відочна не зрабіўся без дай прычыны. “Няўжо ж перагрызкі сабачыя з чорнай сотні ўзапраўду помсцяцца за спушчаную па лёгкай калейцы справу аб забойстве ў «Мядзведзі»?” – карнаў свой глузд хлапец. Вельмі ж лёгка ўсё ў стос складалася – каханка, начальнік-спрыяльнік… Наступным мог быць кожны, хто шчыра ўсміхаўся і спагадаў яму ўчора і сёння. Марудзіць з заяваю падалося злачынствам.