У паліцыі з увагаю выслухалі Аляксандра, але спяшацца не сталі: надта дарагая ўцеха шукаць з вадалазам меркаваную тапеліцу ў сцюдзёнай лістападаўскай вадзе. “Пачакай троху, сынку. Мо’ яна сама ўсплыве,” – з бацькоўскаю чуласцю мовіў паліцэйскі чын.
Ноч выдалася бяссоннаю. Аляксандру ніяк не ўдавалася ўтаймаваць злы мысленчы цуг. Думкі так ды гэтак паўтараліся і блыталіся ў галаве, наліпаючы адна на адну, шоргаючы па чарапной каробцы. Вочы ўвесь час былі заплюшчанымі. І толькі. Ладная розніца між тым, каб спаць і ляжаць з заплюшчанымі вачыма! Да таго ж даваўся ў знакі холад, які па-гаспадарску разаслаўся па ненацепленым як след паддашку. Дзве коўдры не ратавалі. Ні ад холаду, ні ад прыходу новага дня.
Уранні пасыльны прынес паведамленне з паліцыі: неадкладна з’явіцца да Любенскага возера. Шалюта вомільгам, не паснедаўшы, паляцеў да злашчаснага вадаёма. Паліцыянты адганялі дакучлівых разявакаў, а заразом адпужвалі не менш дакучлівых птушак.
– Будзьце гатовы да любых паваротаў, – адразу папярэдзіў хлапца ўчорашні спагаднік. – Можа гэта і не яна зусім… Але глядзіце пільна.
Памагатыя адгарнулі радзюжку, якой была акрыта тапеліца.
– А каб жа ця’ смуткі ўзялі! – незразумела да каго звярнуўшыся, прашаптаў Аляксандр.
Апазнаць Марыю ў тым, што было пад радзюжкаю выдавала на няпростую задачу. Прысутны доктар паясніў, што труп нядаўнішні – два-тры тыдні, але ж надта знявечаны людзьмі і азёрнай жыўнасцю. На доктаравы запыты пра асаблівыя прыкметы Марыі Ламакі Шалюта троху збянтэжыўся, але потым стаў называць. Аднак, што б ён ні называў, усё выяўлялася дарэмным, немагчымым для праверкі. Нельга было спраўдзіць наяву шнара на мезенцы левае рукі, бо не было ні мезенца, ні самае рукі па локаць. Няможна было спраўдзіць бытнасць радзімкі з тыльнага боку мочкі правага вуха – вуха паспела абгрызці ліхая выдра. Пра іншае наогул і казаць не выпадае, адно толькі маўчаць хвіліну і болей. Аляксандра апанавала млосць, і ён адхіснуўся ўбок. Паліцыянт папрасіў памочніка паказаць усё знойдзенае пры парэштках дзяўчыны. Сярод жаночай драбязы Шалюта вельмі хутка абачыў кагадзе падораны каханцы срэбны пярсцёначак з маленечкім смарагдзікам. Быццам неба апусцілася на ягоныя плечы, а ногі па калена праваліліся ў зямлю. Прыхаваная ў глыбі свядомасці яскарка надзеі на лепшае загасла. Хлапец завагаўся. У вачах зрабілася цьмяна-цьмяна. З носа зацурчэла кроў.
Тым самым днём паліцыя ўчыніла перашуку на кватэры Марыі. Але нічога гэткага, што б дапамагло дапасці слядоў забойцаў не знайшлі. Інтэр’ер маўчаў. Сэрца скуголела, як абяздзетненая ваўчыца. Злосць і крыўда білі Аляксандра па абедзвюх шчаках. Яму не дазволілі ўшанаваць памяць аб каханай – не далі пахаваць Марыю. Фармальнасці ўзялі гару над чуласцю і чалавечнасцю: як не родзіч, дык і не маеш права. І што ж далей? Безыменная магілка немавед дзе? Анатамічны тэатр? Пытанні завісалі ў паветры. Не прыдумлялася нічога лепшага, як пацягнуцца ў забягайлаўку Фларэнціны Сабалеўскай, каб піць горкую з чыгуншчыкамі. Піць і не п’янець – трэба ўмець. Шалюта такіх здольнасцяў не меў, але ап’янець чамусьці не змог. Змрочны, нібы чэрава Гарэлага балота, ён прыклэпаў у банк. Падняўшыся да сябе, ён проста ў вопратцы бэхнуўся на ложак. Сон змарыў за імгненне.
Снілася родная Несцераўка. У доме было прыбрана. Мама, усміхаючыся, працягнула вышываны рушнік: “На, сынку, узвесь”. Аляксандр доўга шукаў у хаце цвічка, а не знайшоўшы, выйшаў на двор. На дварэ быў вялізны горад. Аўтамабілі, ні на што не падобныя, аб’яжджалі небараку з палатном у руках. Стала страшнавата. Паліцыянт, не разяўляючы рота, крычаў на яго, цвердзіў, што з такімі рушнікамі хадзіць строга запрэшчэно. “А лётаць можна?” – няголасна папытаў хлапец і ўзняўся ў паветра. Паветра не ставала. Горад долу быў морачным і вусцішным. Шэрая руіна вабіла сябе чырвонай плямкай. Трэба было туды спусціцца. Пурпуровы балахон акрываў постаць, што стаяла сярод бруднай цэглы. “Ты хто?” – пацікавіўся Шалюта. Балахон апаў. Перад маладзёнам была аголеная каханка. Марыя маўчала, раз-пораз узнімаючы на яго вочы. Кінуцца да яе ніяк не атрымлівалася – цела зрабілася цяжкім, рухі вялымі, словы парожнімі. Казаў бы, нябачная заслона паўстала перад імі. Як яе разбіць? Хлапец паспрабаваў махнуць рушніком, што выйшла зусім няўклюдна, бо той вываліўся з рук і, ўпаўшы далавах, нарабіў грукату…