– Што рабіць нам, калі ўскіпіць снежнае віно? Чаму ў дарозе мне патрапляецеся вы – такія неадпаведныя, такія няслушныя? Чаго вартае вашае каханне, калі яно няздатнае сагрэць і ўратаваць ад горычы? Адно бяда ў грудзі кволыя запала. Няма ні дзяржавы сваёй, ні жанчыны. Адны эрзацы.
– Ага.
– Вось я і кажу – ка-тар-га. Сібір! Як шмат у слове гэтым для беларусаў месца ёсць!
– Я не хачу ў Сібір, – зарумзала Марыя. – Давай забярэм усе грошы ды драпнем за кардон. Можна і ў Амерыку. А што? Хіба не добрая ідэя? Не мы першыя, не мы і апошнія. Пажывем у раскошы, у свабодзе. Кінем гэты ґмах бурыцца. А калі імперыя, як той дым, знікне, вернемся і дапаможам Беларусі… Ці дзеткі нашы дапамогуць.
– Ганьбу ў Амерыку не звязеш. Я ж не зладзюга які. Я чалавек, каторы мае пэўныя палітычныя перакананні, што размінаюцца з пазіцыяй уладнай бальшыні. Лепш пайсці пад суд і там паспрабаваць адбараніцца, давесці сваю невінаватасць, чымся завочна апляміць сябе і тых людзей, што мне дапамаглі назвацца чалавекам і беларусам. Чаго ўцякаць? Дый паліцыя ўжо мабыць пад дзвярыма.
Дзяўчына тупа зерыла на Шалюту. Яго, ёй здалося, надта далёка занесла ў развагах. Сапраўды паліцыя блізка, але ж нехта важны з іх ужо атрымаў на лапу для таго, каб не вельмі спяшаўся на гукі стрэлаў у Руска-Азіяцкім банку. Яна гэта ведала.
– Ты добры, разумны, прынцыповы, – з сумам прагаварыла каханка. – Але твае прынцыпы, на жаль, замінаюць жыць. Прабач.
Марыя Ламака вінавата ўсміхнулася і, не вымаючы рукі з кішэні, стрэліла ў каханага.
Часу, каб пакінуць Гомель было вобмаль. Жанчынка ўцякала чыгункай. Уцякала, спавітая шлейфам ганьбаў, згрызотаў і сораму. Грошы апякалі рукі. Вочы не прасыхалі ад слёз. Яшчэ заставаўся добры шанец засіліцца ў дамскім пакоі лібаўскага марскога вакзала…
Не руш майго страху
Усе баяліся не столькі правакацыяў, колькі імавернасці на іх паддацца. Дружба з Нямеччынай была надта дзіўнай. Бярэсце яшчэ памятала тупат вайсковых ботаў супольнага параду чырвонаармейцаў і жаўнераў вермахта. У небе, аднак, зачасцілі няпрошаныя госцейкі з захаду. Прычыны тых палётаў сіліліся зразумець толькі адзінкі. Для бальшыні ж самалёты са свастыкамі над Савецкай Беларуссю былі выяўнай правакацыяй. Так бо казала кіраўніцтва дзяржавы і партыі, якое распісалася за сяброўства з немцамі. Адно няясным было, на што нямецкія сябры правакавалі савецкіх таварышаў: хіба на шчыльнейшы кантакт са стварэннем у далейшым адзінай паветранай прасторы? Думкі пра верагоднасць вайны адпадалі як рэч на той час недазволеная. Але ў сейфах шматлікіх армейскіх і цывільных чыноў рознага ўзроню чакалі іншага часу – часу “Х” – якіясьці пакеты з важнай інфармацыяй, а войскі ў памежных раёнах абярняся змянялі дыслакацыю, займаючы выгоднае для нанясення апераджальнага ўдару становішча. Зрэшты пра такія акалічнасці абазнаныя людзі маўчком маўчалі, баючыся сказануць чаго лішняга нават сваім сямейнікам.
У памежную зону нямецкія самалёты ўчашчалі з дзіўнюткай рэгулярнасцю. Ніхто іх не збіваў, дазваляючы вярнуцца на той бок Буга ці Нарэва. Калі чародным разам у небе з’явіўся лятальны апарат, яго па завядзёнцы палічылі за нямецкі. Але праляцеўшы са звычайнай хуткасцю над Жабінкай, ён распусціўся ў паветры і ўзнік увадначас над Баранавічамі. 170 км за паўтары секунды! Гэта выдавала на найноўшую сакрэтную тэхніку, якой нават гітлераўская Нямеччына, не зважаючы на выкарыстанне разнастайных рэсурсаў акупаваных краін, валодаць наўрад ці магла. Хуткасць насамрэч была няподумнаю. Военачальнікі з Жабінкі ніяк не маглі даць веры таму, што лятак нечакана прапаў, а баранавіцкія ледзьве здолелі прызнаць, што апарат завіс у іх над галовамі. Камбрыг адной з вайсковых частак аж заходзіўся ад крыку, аддаючы ў слухаўку загад на зніштажэнне неапазнанага павіслага аб’екта. Аб’ект жа яшчэ да першага гарматнага стрэлу рушыў у бок Ляхавічаў, дзе зноўку знік, каб праз паўімгнення праявіцца над Ганцавічамі. Між тым у Ганцавічах на ўсе застаўкі шчыравала жудасная навальніца, па сярэдзіне якой загадкавы лятак і апынуўся. Крывавая маланка ўдарыла па ім. Апарат захістаўся і стаў хуценька зніжацца, аж покуль не ўдарыўся вобзем. Сяляне, што назіралі за відовішчам натужліва чакалі выбуху, як тое бачылі ў савецкіх фільмах, што пасля уз’яднання з БССР часцяком прывозілі з перасоўнай кінаўстаноўкай. Але выбуху чамусьці не было…