– Хіба я не так казаў?! – чмыхнуў Косцік.
– Доранай кабыле пад хвост не глядзяць, – патэтычна адказаў іншапланетнік.
Дзень быў суботні, але калгасны старшыня знаходзіўся на працоўным месцы. Што праўда, займаўся ён не працаю, голасна хліпаючы і цярэбячы за валасы пульхнавусную бухгалтарку, што шчыравала пад ягоным сталом. Акурат таму на замкнёных дзвярах вісела настойлівае: “Без доклада на входить”. Мар’ян адным толькі позіркам раскалупнуў замок. Косцік хуценька зайшоў у будынак і, убачыўшы за сталом прымружанага мардатага мужычыну, крыкнуў:
– Імем працоўнага народу вы арыштаваныя!
– Як? – няўцямна рохкнуў старшыня, ужо гатовы пусціць гарачы струмень падзякі стараннай бухгалтарцы, і зрабіў борзды рух рукой. Куцапалаву здалося, што той палез за прыхаванай зброяй. Таму дэзерцір два разы стрэліў, намаляваўшы на лобе старшыні ахайную чырвоную васьмёрачку.
– У самую ігрушку! – хвалебна прамовіў іншапланетнік.
– У яблычак, – паправіў яго Косцік. – Халерна да нашага камбрыга падобны.
Пераляканая дзяўчына румзала пад сталом.
– Не бойся, я з табой, – звярнуўся да яе Мар’ян, а калі тая вылезла, набыў сваё сапраўднае аблічча. Дзеўка ў момантт знепрытомнела. Загадаўшы спадарожніку шукаць
– Апарат тут! – гукнуў Куцапалаў з якогась закутка.
– Іду, мой дружа. Толькі не пужайся.
Мар’ян з’явіўся пераўвасоблены ў старшыню, узяў слухаўку і набраў нумар. Калі на тым канцы дрота азваліся, ён з неймавернай зямною іроніяй прамовіў: “Над Савецкай Беларуссю самае сіняе яснае неба. Але сёння к апоўначы чакай, Фердынандзе, дажджу”.
Новая іншапланетнікава пыса аблудліва ўсміхнулася:
– Што ж ты, беларусе, пэцкала павесіў. Не журыся, хлопча. Хочаш, паляцім да нас? У нас там хораша. А як сады цвітуць!
– Ды ідзі ты ў дупу, – прашаптаў хлапец. – Я хачу жэрці. Хачу нармальна па-чалавечы з’есці кавалачак сала.
– Усе вашыя беды ад таго, што шмат едзіцё і багата кладзіцё. Гэтак і жыццё прамінаеце, нібы ваду ўрэшце носіце…
– У рэшаце, – паправіў агаладалы.
– Так-так. То ваду ў рэшаце, то крыжы на плячах. А ў галаве – сала. Вы ж і мысліце не мазгамі, а салам.
– Ды прастуй ты, збяёдак, пад халеру! Пра каго такое гаворыш? Ты беларусаў не аскарбляй. Мы ўсе добрыя, рахманыя і працавітыя. Нам проста з гісторыяй не пашэнціла.
– Ну сядайце на квэку і чакайце. Можа калі-кольвек і пашанцуе… – досыць сувора мовіў Мар’ян і адразу ж зусім лагодна дадаў, – там у гэтага гайдамакі было, чым падсілкавацца. Праўду кажаце, чэрці, голад не цюцька.
– Не цётка, – выправіў Куцапалаў.
Елі моўчкі. Пасля іншапланетнік падсунуў спадзельніку ружовую пігулку:
– Каўтай хутчэй!
Той не ўзяўся чыніць супраціву. Прышэльнік дастаў цёмны пуздэрак (хлапец на секунду задумаўся: “Адкуль ён усе свае штукенцыі выцягвае?”) ды ўватнуў у яго свой чароўны аловак. Узніклы прамень ударыў Косціка па вачах, і ўжо праз міг ён расшупіў, што з целам адбыліся значныя перамены. Куцапалаў задыхаўся дзівотнымі адчуваннямі ад вялічыні грудзей, адсутнасці належнай мужчынскай атрыбутыкі ды раптоўна паўсталай жаночай вопраткі.
– Што ты ўчыніў, пустадомак?!
– Маем вілы, мае граблі, – матлянуў Мар’ян галавою. – Калі ё магчымасць трансфармавацца, то лепш яе з рук не выпускаць, бо…
– …лепей сініца ў руках, чым Гаўрыла ў Полацку!
– Нішто сабе таварышы беларусы жарты дазваляюць!
Аўтамабіль адшукалі хутка. Іншапланетнік усеўся за стырно і з паскудным смакаваннем прамовіў:
– Чым жа, дзеванька, твая галоўка занята? Эх, пакатаю.
– Паехалі, – з пэўнаю какетлівасцю бзымкнула новаўз’яўленая Канстанцыя.
Ездзіны выявіліся досыць лёгкімі. Ніхто за ўсю дарогу да Ракава іх не спыняў. Супольнікі перамаўлялі пра далейшыя свае дзеянні. У мястэчка прыбылі апоўначы, але патрэбную вуліцу і дом адшукалі хутка. Канстанцыя пастукала ў дзверы. Яны ўвадначас расчыніліся, і заплаканая жанчына, з секунду бліснуўшы якойсьці надзеяй у вачах, спытала:
– Чаго вам трэба?
– Вашага мужа.
– Здзеквацца прыцёглася, курва валачашчая?! – раптоўна зайшлася плачам кабета. – Забралі яго хвілін трыццаць таму… Я ж думала яны разабраліся і адпусцілі яго. А тут ты на парозе паскуда цыцкастая! Пайшла вон!
Здавалася, яна папросту не хацела нікога ўпускаць усярэдзіну. Ейныя слёзы прыпыніў Мар’ян, вярнуўшы сябе і Косціка да нармальнага стану. Жанку не схапіў ляк, яна толькі са стомленым расчараваннем прашаптала: “А, гэта ты… Прывет”. Настаўніка разам з усёй ягонай апаратурай, якую майстраваў гадоў пятнаццаць за палякамі, забраў НКВД. Куцапалаў упершыню бачыў іншапланетніка збянтэжаным. Ён цяжка дыхаў і глуха булькатаў, а потым без поспеху вылаяўся. Без поспеху, бо нешта важкае маланкава выцяла яго па твары. Што менавіта яго ўдарыла, Косцік разгледзець не паспеў, бо сам дастаў ладнага кухталя ў патыліцу. Гэтым разам высніў ён сябе на мосце з дзяўчынай, цалуючыся. Але раптам іхную ідылію парушыў нейкі трагладыт, што кульнуў дзяўчыну за парэнчы ў ваду, а за ёю і кавалера. Як толькі ў сне пачалося захлынанне, Куцапалаў прачнуўся.