Вароты турэмнага двара расчыніліся і калона рушыла ў дарогу. Мястэчку дасталася ад бомбаў. Шмат дзе шугала полымя. Куцапалаў скеміў, што ідуць на ўсход, у бок сталіцы. Начканвой, едучы на машыне, час ад часу даваў каманду пераходзіць на бег. Чаргаванне бегу і хады знясільвала не толькі вязняў, але і канваіраў. Канваіры яшчэ больш люцелі і зброю ўжывалі без залішніх цырымоніяў. Косцік і Васіль-Мар’ян уцякаць з калоны не спяшаліся, бо “калегі” ўраз распачалі б страляць і ў іхныя спіны.
Ззаду, здавалася зусім недалёка, грукаталі танкі. Нешта незразумелае адбывалася наперадзе. Знячэўку калона матлянулася ў бок. Увадначассе застракаталі кулямёты. “Дзясант сперадзі!” – імгненна ў натоўпе пракаціўся перагук, і арыштанты сталі разбягацца, хаваючыся, хто ў жыце, хто ў ляску. Гарэй ад цэрбераў рычалі канваіры, стараліся не абмінуць нікога з уцекачоў куляю, а то і дзвюма-трыма адразу. Калона прыкметна парадзела. Спераду не супынялася стралянеча. Колькі разоў прагучалі выбухі. Машына начканвоя гарэла. Канваіры перастрэльваліся з жаўнерамі ў невядомай форме. Ля скроняў пачынала пагрозліва свістаць. Косцік надта спадзяваўся на іншапланетніка і ягоныя штукі, але той пасля мінулае ночы кеміў неяк марудна. “Ну што рабіць будзем?” – спытаўся Куцапалаў. Як толькі ён вымавіў “бу…”, куля трапіла Васілю-Мар’яну ў плячо. Калі ж прагучала “…дзем?”, тое ж насягнула яго самога. Не ўгаворваючыся, яны ўдвох упалі долу, нібы раненні мелі смяртэльныя.
Яшчэ хвілін з пятнаццаць цягнуўся бой. Пасля усё заціхла, прынамсі ў блізіні, бо ў далечы грымоты змяняліся грымотамі. Спадзельнікі не рызыкавалі ўставаць. Па дарозе хадзілі пераможцы, міжсобку размаўляючы па-беларуску. Адзін з іх чамусьці нахіліўся над Васілём-Мар’янам, і той адразу ж стрэліў цікаўніку ў твар. “Маць пройбу з кліннем!” – вылаяўся Косцік, усведамляючы фатальнасць адбыванага.
– А ну ляжаць, сукі таптаныя! – прагучала над імі. – Рукі ў бокі! Не шаволькацца, падлы бальшавіцкія!
Колькі чалавек абступіла іх.
– А цяпер устаць! – загадваў той самы жаўнер, Косцікаў раўналетак. – Устаць, я сказаў!!!
– Устаем, устаем, сакаліна сям’я… – мармытаў іншапланетнік.
– Маўчаць, гіцаль недацяты!
Ён пераехаў Васілю-Мар’яну па твары аўтаматам.
– Міхась, не гарачкуйся, – спрабаваў паўстрымаць яго таварыш, але тады ж іншапланетнік стаў пераўвасабляцца.
Дэсантаваныя адразу ж націснулі цынгелі сваіх “вальтэраў”. “Пакарыцель высот” вычварна заторгаўся ў аўтаматных чэргах, сцякаючы блякларужоваю сліззю.
– Жывучы, курва, – адцеміў Міхась. – Бэнзіну сюды! Шпарчэй!
Гарэў Мар’ян добра і доўга. Куцапалаў, з узнятымі ўгору самлелымі рукамі, стаяў побач. Думка была толькі адна: “Толькі б забілі адразу бяз здзекаў”. Пераканаўшыся, што “бальшавік” больш ужо ніколі не падымецца, дэсантаваныя пайшлі прэч.
– А я? – нясмела нагадаў Косцік.
– Ідзі, малец, дахаты. Ды пачні ўжо думаць пра новую йі лепшую краіну – Беларусь! – сказалі яму.
Праз хвілю жаўнеры голасна і гожа запяялі:
Косцік Куцапалаў паволі апусціў рукі. Было ясна, што вайна. Але вайна якая?
Смерць лютністы
Немцы не дазволілі нармальна справіць навагоднія святы. Не зважаючы на вялікі спадзеў многіх ахвотнікнў, феерверкі былі катэгарычна забароненыя пад пагрозаю карных захадаў ажно да расстрэлу. Як папраўдзе, расстрэлы дужа нервавалі менскі люд. Неяк цяжка было сцяміць, чаму немцы, калі што не так, хапаліся за зброю. Амаль як бальшавікі тыя. Хаця апошнія чынілі практычна ўсё ўпотайкі без нямецкае схілкі да паказальнасці, але хто ж у Менску не знаў мясціны, дзе НКВД мардаваў людзей?! Хто-ніхто, аднак, быў гатовы зразумець немцаў, бо ў менскіх ваколіцах шнырылі