Вечарынка скончылася спакойна. Анатоль зусім не чапляўся да Ганны, хаця сам сабою зрабіўся відавочнаю зоркаю свята, дарма што без лютні. Міхась адно хітаў галавою: “Ну-ну, спадару Лагуцёнак, як жа нам з вамі можна вадзіцца? Вы ж над меру вулканічны, дый жа там, дзе не трэба”. Лютніста не чуў жаўнера, бо ня ўмеў чытаць думак. Абодва яны тады не маглі даўмецца, што досыць шчыльна іх звядзе супраца з Яўменам Кудзенікам. Толкам пра яго ніхто нічагуські не ведаў, як не зналі, ці сапраўды яго так завуць. Зрэшты, ён не надта свяціўся ў беларускіх асяродках Генеральнае акругі Вайсрутэнія, застаючыся заўсягды ў прыцемку. Адны казалі, што ён працуе на гаўляйтара, другія – што на Маскву, трэцім здавалася, што Яўмен – агент брытанскае альбо нат амерыканскае разведкі. Аднак Кудзенік працаваў на незалежную Беларусь, якой літаральна трызніў, не забываючыся пра ўмовы канспірацыі. У Менску пра гэта ведалі ўсяго чалавек сем, сярод каторых не было ніводнага немца. Але ж і ніхто з Рады Мужоў Даверу не меў ані слыху ані прослыху аб тым, што нехта ў іх пад носам, але бяз іх самых, ходаўся за вольную Бацькаўшчыну і нават не ўвайшоў у падпольную (так-так, яшчэ адно падполлле!) Беларускую Незалежніцкую Партыю. Яўмен зарганізоўваў адстароненне найбольш адыёзных ды нахабных дзеячаў акупацыйных уладаў, савецкае партызанкі, месцкага бальшавіцкага падполля і польскага руху. Калі камуністаў і палякаў прыбіралі зазвычай збройна, тарнуючы ўсё магчымае – ад нажа да проціпяхотных мінаў, то немцаў мардавалі ціхутка-спакайнютка, імітуючы сардэчныя прыступы ці якія-кольвек пабытовыя няшчасныя здарэнні. А ўсё дзеля таго, каб немцы не ўзялі пад тыя падзеі закладнікаў ды не расстралялі іх за адсутнасцю ахвотных узяць адказнасць на сябе. Не хацелася Кудзеніку дараўновацца
Блізка пасля праваслаўных Калядаў данеслі добрыя людзі інфармацыю, якая давала рэчаісную магчымасць выявіць і знішчыць аднаго з кіраўнікоў бальшавіцкіх груповак па мянушцы Марат. Кудзенік пастанавіў неадвалочна правесці акцыю знішчэння, пра што найперш загаварыў з Міхасём Лапіцкім, каторага знаў яшчэ з Гомелю.
– Ты, браце, цудоўна цяміш, што і тэўтоны, і саветы, і пагатоў ляхі за сённяшніх часоў не могуць быць нам праўдзівымі прыяцелямі. Дык жа прыходзіцца спадзявацца толькі на самых сябе, а почасту – нават адно на сябе самога, бо элементарнага даверу да людзей мець не можаш. Цябе ж ведаю даўна. Нешта рабілі разам.
– Ну, так, вядома ж. Але чаго ты кажаш такія ясныя рэчы?
– Проста на гэтай сранай вайне мы мусім сабе тое паўтараць якга часцей, накш загібнем, што быдла. Ты знаеш, ё канкрэтная задача.
– Ад часоў вывучэння арыфметыкі ў школе не люблю задачаў.
– Твой гумар – проста з моста, ды не ў рэчку, а ў парэчку. Задача, вядома, у іншым рэчышчы…
– Зразумела.
Кудзенік колькімі словамі абмаляваў кшталт замеркаванай аперацыі. Лапіцкі то слухаў, то ня слухаў, нырцуючы ў хвалях упэўненай інтанацыі і пераканаўчых аргументаў.
– Я згодны, – вымавіў Міхась.
– Але ж гутарка мусіць астацца між намі. Інакш абодвум гамон капітальны сасніцца.
– Крыўдзіш, Яўмене!
– То і ладна… А, чытаў жа кагадзе твой опус у “Беларускай газэце”. Нічога так.
– Ды скуль вы ўсе берацё, што гэта я пісаў? Тамака ж псеўданім.
– Твой стыль, Міхасю, знаеш. А яна хаця ведае?
– Хто? – пуставойтаўскім тонам выдыхнуў жаўнер.
– Я дурэю, як той Халімон на каранацыі! Двох дарослыя людзі, а такім блазноццем маецеся!
– Ну, Яўмене, хто ж вінен, што ўсё так атрымліваецца? Ізноў жа – вайна.
– Так, вайна – поўны мех гаўна. Але ж, як кахаеш, то бяры свае каханне ў рукі, не зважаючы ні на што. I не трэба тут расійскую раманістыку ўдаваць.
– Ды якая там к кадукам сабачым раманістыка?
За пару кварталаў побач загрукаталі аўтаматы, перарваўшы гутарку. Хлопцы хуценька-хуценька развіталіся і разбегліся на розныя бакі.
Падобная, ды не зусім падобная размова адбылася пазней між Кудзенікам і Лагуцёнкам. Лютніста ўвесь час блазнаваў, пра што б змагар ні казаў. Справа вымагала сур’ёзнасці, і Яўмен адно таму вырашыў пагаварыць з Анатолем, бо знаў яго ўжо ў справе, калі бясшумна прыбралі бурмістра аднаго з няблізкіх местаў. Інакш бы з музыкам ні пра што ісціся не магло б. I гэтым разам ён пагадзіўся браць удзел у аперацыі, але ані мізэрнае капулькі не суцішваў свайго смехання.
– Яўмене, як памру, то забяры ты сабе маю жонку. Яна без добрага мужыка засохне, як тая чараціначка. А я ж няверны муж у яе. Помню, быў я ў адным месцейку у вайсковай зоне… О, тамака ў мяне была жанчынка!