— Папрасіў заадно старую даставіць у скупку. Баяўся, што без мяне ў яго не возьмуць, цяпер такога дабра хапае. Пагрузілі, ён сеў у кузаў. Я ў скупцы памог. Адразу грошы выплацілі. Вось і усё.
— Пайшоў Лебедзеў пры вас? Што ў яго руках было?
— Як ехалі, нічога…
— Лебедзеў прасіў не казаць? Дык што ўсё-такі было?
— Баул,— выдавіў з сябе Самсонаў і тады раптам уздыхнуў, з палёгкай, як вызваліўшыся ад нечага цяжкага.— Са старой тахты выняў.
— Шафёр пацвярджае,— дадаў Пугацэвіч.
— Бачыце, Алег Мікалаевіч, мы гэта маглі і без вас устанавіць. Аднак далі вам шанц. Выкарыстайце яго да канца. Дзе можа быць Лебедзеў зараз?
— Думаю, паехаў у Мінск.
— Думаеце ці ведаеце?
— Здагадваюся! — Самсонаў гаварыў ужо, не віхляючы, лёгка.— На Мінскую шашу падаўся.
— Дапусцім. А ў Мінску? 3 Сарвірам вам дамовіцца не ўдалося, мы гэта ўстанавілі. То, можа, паехаў да жанчыны з «Юбілейнага»? Яе каардынаты? Хутчэй,— цяпер следчы заспяшаўся.
— Дзе жыве — не ведаю. Працуе ў камісіёнцы. У цэнтры,— Самсонаў міжволі прыняў тэмп следчага.— Калі Сэм званіў, бачыў дзве першыя лічбы тэлефона.
Ён, напэўна, сёе-тое ўтойваў, адводзячы небяспеку ад сябе. Акулік не ўдакладняў, з дэталямі і падрабязнасцямі яго ўдзелу ў кражах можна было пачакаць.
— Узрост?
— Гадоў трыццаць пяць.
— Няўжо не праводзілі пасля рэстарана?
— Лебедзеў з ёю паехаў на таксі. Вярнуўся раніцай…
Калі верыць Самсонаву, яны з Лебедзевым жылі ў розных жанчын, і ведаць, што Сямён вярнуўся пад раніцу, Алег не павінен быў. Ды гэта зараз значэння яшчэ не мела. Акулік зірнуў на Пугацэвіча.
Сяргей Антонавіч зразумеў усё і ўстаў.
28
Машына імчалася па мокрай і бліскучай пасля дажджу шашы. Стрэлка спідометра набліжалася да лічбы сто.
Седзячы ззаду, я раз-пораз паглядаў на Пугацэвіча, спрабуючы адгадаць ход ягоных думак. Ён сядзеў маўклівы, засяроджаны, спакойны. Моцны чалавек! Я на яго месцы не стрымаў бы эмоцый. Гэта ж да завяршэння аперацыі, якой было аддадзена столькі нерваў і намаганняў, заставалася, можа, зусім нічога, якіх некалькі гадзін.
Пра тое, што і мне адпраўляцца з капітанам у Мінск, я даведаўся перад самым ад’ездам. Сяргей Антонавіч, загадаўшы збірацца, сказаў:
— Могуць узнікнуць абставіны, калі мы з табой мусім раздзяліцца. У сваёй групе ты паможаш мінскім таварышам апазнаць Лебедзева.
— Раскрываеце?
Шчыра кажучы, мне ўжо абрыдла не зусім сваё аблічча. Які я паэт? Выглядаць хвалько мне не хацелася нават у вачах Лебедзева. І наогул, мне заўсёды будзе лягчай дзейнічаць у якасці оперупаўнаважанага вышуку, чым маскіравацца пад каго іншага. Вакол злачынца шмат неблагіх людзей, і менавіта іх крыўдна вадзіць за нос.
Вядома, я не выказаў сваіх думак капітану Пугацэвічу, не да таго было. Ды маіх праблем для яго, бадай, не існавала даўно. Пытанне ён успрыняў больш канкрэтна:
— Што ты, Павел, служыш у міліцыі, для Лебедзева не навіна. Як і тое, што мы не выбіраем сабе заданняў.
Як заўсёды, Сяргей Антонавіч выказаўся коратка і ясна. I я пераключыўся на больш істотнае.
Мы яшчэ не ведаем, дзе і як будзем шукаць Лебедзева. Няма нават поўнай перакананасці, што ён у Мінску. Таму Акулік з Шульжыкам таксама не будуць сядзець склаўшы рукі. А ў сталіцы нам памогуць нашы калегі.
Усё гэта так. А на душы шчымліва. Можа, таму, што ўпершыню ўдзельнічаю ў затрыманні злачынца. Хаця якое там затрыманне! Старонні чалавек хутчэй за ўсё не здагадаецца, што адбываецца. Лебедзеў не з тых, хто зробіць нешта такое, што пагоршыла б яго становішча. Магу пабіцца аб заклад, што ён даўно намеціў, як паводзіць сябе пры арышце. Не здзіўляюся, калі, напрыклад, скажа: «Прашу засведчыць, што я не аказаў супраціўлення».
На мой погляд, злачынцы, якія, крадучы, лічаць сябе пры гэтым інтэлектуаламі, самыя агідныя. У мяне яшчэ мізэрны стаж службы ў міліцыі, і сёй-той, напэўна, прыме маю думку іранічна. Аднак і тое, што я чытаў, і тое, што чуў ад таварышаў, назіраў сам, сведчыць пра адно: такіх, як Лебедзеў, турма не выхавае, не выправіць. Вызваліцца і за сваё зноў возьмецца. Бо гэта ў іх не выпадак, а, калі хочаце, пазіцыя: «На нашу долю дурняў хопіць». Інакш не было б рэцыдывістаў. Я далёкі ад думкі, што рэцыдывістаў трэба толькі караць, а не выхоўваць. Нават калі адзін з дзесяці зажыве потым сумленна, то цэлы гэты дзесятак варты клопатаў. Ды, як кажуць, з песні слоў не выкінеш.