— Лепіш, начальнік,— ён паглядваў панура, раз-пораз папраўляючы звіслую грыўку. Словы цадзіў скрозь зубы, яўна працуючы пад бачанага, можа, у кіно рэцыдывіста. Сказанае старшым оперупаўнаважаным уражання на яго не зрабіла. Ведаў, што Шумейка перахавала чамаданчык,— дакажы цяпер, што гэта ён занёс яго туды.
— Не судзіліся, не прыцягваліся,— паківаў галавой Пугацэвіч,— а мова закончанага крымінальніка. Да вашага ведама, мы нічога не «лепім», толькі — факты. Дапускаю, схованку ў дзесятай кватэры рабілі не вы. Хто? Не адводзьце вочы, кралі ж з ім разам. Толькі ён потым затрымаўся ў доме, а вы пабеглі да машыны, да «Жыгулёў», паміж іншым.
Грыгаровіч нахабна ўсміхнуўся:
— Я на працы быў, праверце!
— А ўжо ж. Па чужым пропуску выходзілі. Тут,— Сяргей Антонавіч паклаў руку на папку,пратакол з паказаннямі майстра і рабочых.— А паколькі гаворка наогул зайшла пра доказы, каб не цягнуць марна час, скажу і пра іншае,— ён ужо не сумняваўся, што Падлесную Грыгаровіч прызнае не надта ўпарцячыся. Падрыхтаваны.— 3 рэчамі вы заходзілі да Папроцкага. Пакінуць іх там не ўдалося. Мусілі несці на вакзал. А на чамаданчыку ёсць адбіткі і вашых пальчыкаў.
Грыгаровіч доўга соп, утаропіўшыся ў падлогу, потым нехаця выціснуў:
— Ну было, дык што?
— Адказваць будзеце.
— Ну і адкажу. Запісвайце. Узяў я тую кватэру.
Пугацэвіч запісаў паказанні, даў Грыгаровічу падпісаць, а тады сказаў:
— Значыць, пра напарніка вырашылі не гаварыць?
— Сам быў, сам! — павысіў голас хлопец.
— Не крычыце,— абарваў яго Сяргей Антонавіч.— Не я пасылаў вас па крадзенае. Аднак гэта яшчэ не ўсё. Трэцяга жніўня, назаўтра пасля кражы на Падлеснай вуліцы, з кім вы ехалі раніцай у тралейбусе на працу?
— Адзін! — на гэты раз ён паспяшаўся адказаць — гэта пытанне ні ён, ні Лебедзеў не прадбачылі.
— Фёдар Фёдаравіч, мне што, зноў паўтарыць, што тут не выдумляюць?
— Адчапіцеся! — зноў сарваўся на крык Грыгаровіч.— Вы ўсё роўна не верыце!
Можна было, вядома, перапыніць допыт, даць хлопцу падумаць, зразумець сваё становішча. Ды ў Пугацэвіча не было часу. Калі не ўдасца знайсці рэчы Канапацкіх, Лебедзеў ад паказанняў Шумейка, не падмацаваных Грыгаровічам, таксама будзе адмаўляцца. Трэба было выбіць з-пад Федзькавых ног яго ўяўную платформу. Сяргей Антонавіч насмешліва сказаў:
— Цябе, хлопец, за прасцячка трымаюць, а ты і вушы развесіў. Друга выручаеш? Дудкі. Сябе топіш,— ён адсунуў пратакол.— Будзеш гаварыць, не будзеш — групавая забяспечана. На чамаданчыку і іншыя пальчыкі засталіся. Так што сабе горш робіш. Бо я табе ноч з другога на трэцяе жніўня таксама магу ў дэталях апісаць. Хочаш?
Грыгаровіч падазрона ўставіўся на Сяргея Антонавіча, як бы спрабуючы адгадаць, хлусіць той або кажа праўду.
— Дык з кім вы ехалі? — падштурхнуў яго пытаннем Пугацэвіч.
— А што, забаронена, ці, можа, вы мне будзеце дзевак падбіраць? — Ён і гатовы быў у нечым здацца, і баяўся, каб не ляпнуць лішняга. Не разумеў, дзе тут тоіцца небяспека.
Сяргей Антонавіч прапусціў грубасць, як не пачуў, Грыгаровіч — не Шумейка, інфантыльная, бяздумная, хаця Ў сэнсе бяздумнасці яны абое роўныя. Толькі ў яго, бадай, наогул не было патрэбы задумвацца. Над навакольным, над сваім лёсам. Жыў ён адным днём. Разам з тым Пугацэвіч не браўся б сцвярджаць, нібыта зараз Грыгаровіч не разумеў, што рабіў і чым гэта можа для яго скончыцца. За Лебедзевым ішоў слепа, не ўяўляючы, чым пахнуць турма і калонія. Ён, што не абышлося без унушэння таго ж Лебедзева, быў гатовы да ўсяго. Зняволенне не палохала яго. I, што яшчэ горш, наўрад ці напалохае. Вернецца і не адмовіцца, калі пацягне хто на старую крывую дарожку.
Паназіраўшы за Грыгаровічам, які не надта нерваваўся, Сяргей Антонавіч удакладніў:
— Дзяўчына, дапусцім, была не ваша.
— Ну і што, магу я сябрам ложак даць?
— Выгнаўшы маці? Можаце, вядома. Але вы не назвалі іх, гэтых сяброў. Тайна?
— Падумаеш, усе ведаюць, што я з Сэмам дружу, а каго ён прывядзе… У яго выбар багаты…
— Так, аднаго ўстанавілі. Цяпер другую.
Хлопец маўчаў, як бы намагаючыся нешта ўспомніць, і нарэшце выдыхнуў:
— Што з таго… Ну, Вялеська…
— Сэм — Лебедзеў, Вялеська — Шумейка,— Пугацэвіч вярнуў на ранейшае месца пратакол і зафіксаваў сказанае Грыгаровічам.— Распішыцеся.
Нешта буркнуўшы, Грыгаровіч паставіў подпіс — пра паказанні Шумейка не здагадваўся, таму сам гэты факт яму не паказаўся важным.
Допыт цяпер можна было і прыпыніць. Сяргей Антонавіч дапускаў, што насцярожаны хлопец гаваркім не будзе. Хай заспакоіцца, упэўніцца, нібы вытрымаў намечаную лінію паводзін. А потым жа, не падрыхтаваны да абароны, хутчэй разгубіцца.
Адправіўшы Грыгаровіча, Пугацэвіч па тэлефоне адшукаў у пракуратуры Акуліка і сказаў яму пра вынікі допыту. I неўзабаве следчы прыйшоў з санкцыяй пракурора на вобыск і арышт Сямёна Лебедзева.
— Давай усё-такі спачатку звернемся да бацькі Сямёна,— прапанаваў Сяргей Антонавіч.