Сёння Сямён быў не падобны на сябе. Сеў моўчкі і нецярпліва забарабаніў пальцамі па стале. Адно з двух: або добры допінг патрэбны, або мая пстрычка падзейнічала. Ён жа тут прывык адчуваць сябе каралём, а я зняважыў яго ў прысутнасці афіцыянткі.
Аднак знешне было не вельмі прыкметна, што яму не па сабе, што грызе яго скруха. Выглядае як заўсёды. От толькі, здаецца, крывіцца часцей, куточкамі губ з левага боку — нібы ад нервовага ціку. Ды што я хачу? Будзе не па сабе, калі над галавой сабралася навальніца.
— Мы тэт-а-тэт? — ківаю на прыборы перад намі. Трэба ж кінуць яму выратавальны круг, а то прамаўчыць да адбою і я не даведаюся, што ён хацеў ад мяне.— Без зброяносца і Дульсінеі?
— Паэту патрэбна аўдыторыя? — Лебедзеў усміхнуўся.
У мяне зноў з’явілася падазрэнне, што цела яго тут, а душа недзе ў іншым месцы. Калі толькі гэта не дзейнічаюць на маю псіхіку вядомыя мне факты. Бесклапотна абвяшчаю:
— Гуляць — дык у кампаніі!
— Паміж намі дэмакратыя,— на гэты раз ён, бясспрэчна, думкамі ўжо прыбыў сюды,— пра сустрэчы загадзя не дамаўляемся. Кожны прыходзіць, калі адчувае патрэбу бачыць сябра.
Напышліва і хлусліва. Не веру ў іх сяброўства. Ва ўсякім разе, з яго боку. Не тая платформа, што можа забяспечыць шчырасць. Хаця з адным згодзен. Наўрад ці хочацца Ніне зараз кінуцца ў Сямёнавы абдымкі. I Федзька не прыбяжыць. Не толькі таму, што Лебедзеў забараніў.
Працэс адчужэння пачаўся ўжо. 3 таго моманту, як паслаў яго Сямён па крадзеныя рэчы. Не можа быць, каб сумненні не варухнуліся ў прапітай Федзькавай галаве.
Грыгаровіч і Шумейка не прыйдуць. А Самсонаў? Калі Лебедзеў не ўцягнуў яго ў сваю аперацыю «канцы ў ваду», то Алег павінен з’явіцца. Добра, што Акулік пакуль не выклікаў яго. У вачах Лебедзева Самсонаў, напэўна, чысты для нас. Ды і сам Алег, калі Сямён не падзяліўся з ім сваімі апасеннямі, пра небяспеку не надта задумваецца. Дык чаму б Лебедзеву не ўзяць хлопца на дапамогу? Праўда, гэта маё пажаданне, думку Сямёна я не ведаю.
Музыка, ускінуўшыся шалёным усплёскам, раптоўна абрываецца, і ад гэтай неспадзяванай цішыні аж загуло ў вушах. Зірнуў на Сямёна і ўсміхнуўся:
— Уф-фу, нарэшце.
Ён тузануў плячамі, і таму мушу растлумачыць свой погляд на рэстараннае мастацтва:
— Недзе чытаў, што ўсё гучнае любяць дзікуны і дзеці…
— Лічы, ёсць трэцяя катэгорыя: я і вось гэтыя,— ён паказаў наўкола.
Падладжвацца пад яго я не збіраўся, пытанне было непрынцыповае, і я з задавальненнем нанёс новы ўскосны ўдар:
— У наш высокаразвіты век і дзікуны сорам прыкрываюць не павязкамі, а джынсамі.
Сямён адно вачамі бліснуў. Памаўчаўшы, адказаў памяркоўна, паблажліва:
— Няма ў табе, Пабло, далікатнасці, выхаванасці. Расці і расці табе да сапраўднага паэта.
Мудры чалавек, бацька родны. Гатовы мяне зараз па галоўцы спагадліва і клапатліва пагладзіць. Абрыдла мне бачыць ягоную фізіяномію правільнага хлопчыка. Дзе толькі ён памяняў яе на сваё звычайнае аблічча? Вельмі хочацца завесці Сямёна-Сэма, каб вылаяўся на ўсе сем паверхаў і пайшоў бы прэч. Але палку перагінаць наогул не рэкамендуецца, асабліва сёння, калі падзеі ўжо выйшлі на фінішную прамую.
Падышла афіцыянтка з заказанымі напіткамі і закускамі. Сямён наліў у чаркі. А я пахваліў сябе за выбранае месца. У мяне агляд быў добры, а ён сядзеў спіной да дзвярэй і раз-пораз тузаўся, каб ці азірнуцца, ці хаця б скоса паглядзець у той бок. Няйначай чакаў некага, прычым нават з хваляваннем. Хаця ўсё яшчэ не разумею, на якога д’ябла мяне цягнуў сюды? У яго становішчы важныя спатканні на вачах супрацоўніка міліцыі не праводзяць. Разважаю я, відаць, правільна. Аднак не спяшаюся сабе апладзіраваць: на маю логіку нешта накладвалася яшчэ. Хіба не можа, напрыклад, быць так, што Сямёну якраз трэба, каб пры яго сустрэчы прысутнічаў менавіта я?
Я думаў. Аб тым, што мая паэтычная дзейнасць цяпер была Лебедзеву ўжо да лямпачкі, што сёння я спатрэбіўся яму, хоць гэта і гучыць неверагодна, як супрацоўнік міліцыі. Праз мяне ён, напэўна, правяраў сваё становішча. Каб усплыла яго асоба ў сувязі з кражамі, я, спадзяецца ён, ведаў бы пра гэта і, ведаючы, што ён на падазрэнні, знайшоў бы прычыну, каб адмовіцца ад яго запрашэння. Тое, што я не завагаўся, адразу згадзіўся пайсці, па-мойму, прытупіла Сямёнавы апасенні. Сёння ён упершыню за апошнія два дні, можа, уздыхнуў лягчэй. Дык хай актыўнічае. Паварочваю гаворку на іншае:
— Таццяна Макараўна табе перадавала, што я званіў?
— Яшчэ б. Каб мяне папракнуць. Маўляў, пустазвон ты, сынок. Паабяцаў і не памог. От чалавек і мусіў пайсці ў міліцыянеры.
— Апошняе ты выдумаў,— засмяяўся я.— Таццяна Макараўна пра міліцыю лепшай думкі. Павіншавала мяне, пажадала поспехаў.
— Гэта яна ўмее. А ты ў палітаддзеле?
— Спадзяюся некалі ў вышук...— Падумаўшы, сказаў, хаця Сямён пра гэта не пытаўся: — Але і цяпер мы зводкі здарэнняў чытаем.
Ні я, ні Лебедзеў не заўважылі, як побач узнік Самсонаў.
— Ты-ы?! — усклікнуў Лебедзеў.