— Давай, Алег, прысаджвайся.— Я схамянуўся, выцягнуў з-пад стала крэсла. Ці не яго, Самсонава, хацеў бачыць тут Сямён? Дык чаму не аказаць чалавеку паслугу? Тым болей што яна шчырая. Я сапраўды рады прыходу Алега.
Алег узбуджаны, нібы паспеў ужо недзе перахапіць чарку. Садзіцца ён чамусьці не спяшаецца. Я запытальна гляджу на яго.
— Ну што ты, зараз паклічу афіцыянтку,— насядаю на хлопца.— Гэта хутка…
— Прабач,— трасе ён барадой.— Там Сэма адна дама прагне. Мы зараз вернемся.
Лебедзеў падхапіўся.
— Пайшлі.
Я застаюся. Не, не з носам, як, можа, думаюць хлопцы. 3 кім там Лебедзеў сустрэнецца і ці сустрэнецца, будзем ведаць. I я, і Пугацэвіч з Акулікам. Хаця самой размовы і не пачуем. Нішто, здагадаемся.
Вярнуліся хлопцы хутка. Алег зноў стаў звычайным, крыху меланхалічным, быццам будзе ён тут адбываць павіннасць. Сямён прыкметна павесялеў. От на гэту акалічнасць я і звярну ўвагу Сяргея Антонавіча, калі заўтра падсумуем здабыткі і назіранні. Дадам таксама, што, на мой погляд, Самсонаў выконваў нейкае даручэнне Лебедзева і, відаць, справіўся. Таму і палепшыўся настрой Сямёна. А мне зрабілася нудна. Гэта ж яшчэ добрых тры гадзіны валаводзіцца з Сэмам і Алегам. Як бы збегчы раней?
Зноў зайграла музыка. Знаходжу вачамі ў глыбіні залы дзяўчат за столікам і звяртаюся да Самсонава:
— Пакуль табе закусь прыбудзе, разамнуся.
Самсонаў быў нахмурыўся, відаць, успомніў, як мы з ягонай Люсяй скакалі ў гэтым рэстаране. А што рабіць, калі я люблю, як казаў адзін камедыйны персанаж, выпісваць нагамі крэндзелі?
Танцую спецыяльна воддаль, а сам раз-пораз паглядваю на іх. Нахіліўшыся адзін да аднаго, яны ажыўлена гамоняць. Аб чым? Не буду гадаць. Цяпер ужо да развязкі недалёка.
Мая партнёрка аказалася з гаваркіх. Яшчэ не скончыўся танец, а я ўжо ведаў, што яна працуе на рэспубліканскім радыё, прыехала па рэпартаж і вельмі шкадуе, што мусіць сёння ехаць дадому. Пры гэтым карэспандэнтка шматзначна ўсміхаецца. Прыняць усмешку на свой кошт? Спакусліва. Толькі да Валі ёй, як да Месяца, а надта смелых жанчын я баюся наогул. Але сёння ў мяне іншага выйсця няма, і я раблю ход, за які заўтра Пётр Пятровіч наўрад ці пахваліць. Прызнаюся дзяўчыне, што хачу збегчы з кампаніі, і прашу яе дапамогі: як збярэцца ісці, каб паклікала мяне. Абяцаю за гэта да поезда праводзіць.
Дзяўчына не верыць, думае, што гэта я выдумаў, каб замацаваць знаёмства. Яна ўважліва глядзіць на мяне, і я кажу:
— Калі не хочаце…
Яна чамусьці ўздыхнула і паабяцала:
— Выручу. Але лаўлю на слове — праведзяце.
Недзе праз паўгадзіны дзяўчына падышла да нас. Ні Сямён, ні Алег не засмуціліся, што пакідаю іх. Я паклаў на стол грошы, дастаткова, каб аплаціць заказанае, і, зрабіўшы выгляд, быццам не заўважаю задаволенасці на іх тварах, вінавата разводжу рукамі: маўляў, мушу. Гэта было не надта сумленна перад дзяўчынай, ды мы з ёю дамовіліся. На развітанне мазнуў мёдам па Сямёнавых вуснах найгранай шчырасцю:
— Перабіраюся ў інтэрнат, на Савецкую. Занатуй каардынаты…
27
3 раніцы Акулік забег да Пугацэвіча. Ён паляпаў па ўспухлым партфелі і сказаў:
— Я ў пракуратуру. Першы допыт Грыгаровіча даручаю правесці табе.
— Сам хацеў прасіць аб гэтым,— адказаў Сяргей Антонавіч.— Маю наметкі.
— От і добра…
Было вырашана, што Лебедзева затрымаюць у канцы дня. Учора Пугацэвічу гэта рашэнне здавалася правільным. Цяпер ён раптам засумняваўся. Ён жа ўпэўнены, што ўкрадзеныя рэчы часткова або нават усе Лебедзеў трымае дома. Пасля паказанняў Шумейка і Макоўчык падставы для вобыску з’явіліся. Але падставы былі і ўчора. Дык чаму ён, Пугацэвіч, прапанаваў адкласці вобыск? Верыў, што з дапамогай Лебедзева-бацькі Сямён добраахвотна выдасць крадзенае? Не хацелася Пугацэвічу вялікага шуму, які абавязкова ўзнікне ў доме, не заслугоўваў гэтага Лебедзеў-старэйшы, пра якога казалі толькі добрае. Нават пры тым, што бацька адказвае за сына, асабліва за сына-злачынца. Праўда, той-сёй мог потым і папракнуць Пугацэвіча, што пабаяўся, маўляў, высокай пасады Лебедзева. Ды справа не ў гэтым. Тут Сяргей Антонавіч не адчуваў пакут сумлення. Бо гэтак жа шкадуе ён у падобных выпадках і іншых бацькоў, незалежна ад іх месца службы. Непакоіла яго, што хітры, вынаходлівы Сямён, атрымаўшы час, мог выкінуць нешта непрадбачанае. Падставы для трывогі былі. Лебедзеў-сын трымаўся спакойна, і гэта насцярожвала…
У дзверы пастукалі. Шульжьж прывёў Грыгаровіча.
Хлопец хаваў трывогу не надта ўмела — абураўся, грубіў. Павел і адносна яго не памыліўся. Федзька сапраўды быў тупаваты, упарты. Такія нават відавочнае адмаўляюць. Таму Пугацэвіч вырашыў спачатку нагадаць Грыгаровічу некаторыя эпізоды. Пачаў як бы з канца:
— У мінулы чацвер па просьбе ці хутчэй па загаду свайго прыяцеля вы, Фёдар Фёдаравіч…
Грыгаровіч, відаць, не прывык, каб да яго звярталіся з такой павагай, недаверліва зірнуў на Пугацэвіча.
— Дык вось,— пасля невялікай паўзы працягваў капітан,— ведаю, што вы паклалі ў аўтаматычную камеру захоўвання невялікі чамаданчык, узяты з дзесятай кватэры дома нумар васемнаццаць на Падлеснай вуліцы.