Вінтоўка ў мяне за спіной, я скуты спакойным позіркам гэтага незнаёмага. Не, я не думаю, не хачу думаць, што гэта паліцай, але ўсё адно больш звычна сябе адчуваў бы, каб вінтоўка была ў руках. А зняць, выхапіць яе з-за спіны чамусьці нялёгка пад позіркам гэтага чалавека. Будзеш выдаваць палахліўцам або выйдзе ўсё назнарок, дэманстратыўна.
Незнаемы нешта сказаў, спытаў у Глашы, тая адказала, расказвае яму, абое паглядзелі на мяне, незнаемы з раптоўнай узнепакоенасцю i як бы збянтэжана. Усё ва мне загуло, паслабелі калені. Я амаль зразумеў, пра што яны гавораць i чаму так зірнуў чалавек.
Калі глядзіш на перажытае, яно ўяўляецца адной-адзінай лініяй, наперад зазіраеш — гэтых ліній цэлы пучок, i ўсе яны значаць дарогі, толькі не ведаеш яшчэ, якая з ix адзіная. Пражыў месяц, дзень, мінуту, i тое, што было пучком, абшморгваецца, агаляецца, як галінка, заціснутая ў моцным кулаку, — толькі пацягні яе. Але нават пасля таго, як застаўся толькі гэты голы дубчык, чалавек будзе зноў i зноў азірацца — з безнадзейнай спробай вярнуцца да таго моманту, калі ўсё магло быць па-другому. Калі не было гэтай аголенай, бязлітаснай, адзінай праўды…
Я ўжо ведаў, бачыў праўду — чорны тунель, уваход у яго. Але ўсё яшчэ з надзеяй некага маліў, не ўваходзіў: толькі не гэта, толькі не туды! Я ўжо хаваўся за сваю глухату, якая аддаляла ўсю праўду, аддаляла імгненне, калі больш не застанецца надзеі.
А незнаемы ўжо ішоў наперадзе, паказаўшы нам, каб ішлі за ім. Крывыя ногі яго, абутыя ў скураныя пасталы, клычуць, ірвуць густую асаку, што расце проста з вады. Глаша на хаду зачэрпвае далоншо ваду i змывае з сябе гразь, адламала галінку i хацела сцерці гразь з майго парудзелага мундзіра, але я адхіснуўся, мяне палохае яе раптоўная вінаватая клапатлівасць, яе апушчаны позірк, я ўсё стараюся не ўпускаць у сябе тое, што ўжо ўвайшло, што ўжо ведаю…
На другі
Узброіўшыся доўгімі жардзінамі, якія наш праваднік выцягваў з кустоў, абапіраючыся на ix, мы ступалі ўслед за незнаемым па схаваных у багне слізкіх жэрдках. Ix дзве, а дзе i тры, ногі трэба ставіць упоперак, i таму ідзём мы нязграбна, бокам. Усё гэта неяк памагае хавацца ад самога сябе, пераконваць сябе, што нічога яшчэ не вядома, дойдзем да месца, i тады даведаюся, толькі тады!..
На другім
Ніводнага знаёмага аблічча, людзі не з нашай вёскі, але на мяне глядзяць так, нібы пазнаюць, пазналі. Нібы па металічнай трубе ўдарылі — загуло, заныла ва мне ўсё, у нагах, у руках, адразу набрынялых цяжарам. Я сеў у асаку, Глаша — на кукішкі, нібы даўно чакала таго ад мяне, зняла з маёй галавы мокрую пілотку i выцерла ёю халодны пот з майго твару.
Мяне палохае пакутная рысачка, што торгаецца ля пастарэлага Глашынага рота, ненавіджу гэтую ўпартую i прагавітую жаночую шкадобу, шукаю наўкол сябе нешта другое, але нават у дзіцячых вачах — тое, што бязлітасна вяртае мяне да праўды, асуджае на праўду. З безнадзейнасцю асуджанага я ўсё адно шукаю выратавання, хаваюся ў паспешлівую думку, што я ж во глухі, не чую, а таму ўсё-такі нічога не ведаю напэўна. I раптам з'яўляецца, дурманіць, супакойвае яшчэ адна шалёная думка, што маму, сястрычак, што ўсіх вяскоўцаў ужо не заб'юць, ніколі не заб'юць… Смерць ix схавала ад забойцаў, ад новых забойцаў…