Кіёў нам не далі, мы рукамі, далоньмі, кулакамі б'ём кароў па баках, па клубах, хапаем за рогі. Штурхаем, прапіхваем ашалелую скаціну скрозь вогненны калідор.
А за намі ідуць карнікі з кіямі i прыкладамі. Некаторыя з ix у дзіўным, незнаёмым адзенні: жоўта-зялёныя мундзіры, а на галовах круглыя зялёныя фуражкі з вельмі доўгімі брылямі. Крычаць на нас i на скаціну не па-нямецку, хаця таксама незразумела.
Цяпер i я пайду па той клятай гравійцы — на яе мы выходзім. Палаючая веска нема i жудасна варушыцца ў нас за спіной, як нешта жывое ў шэрым мяшку дыму, што цягнецца пад неба шырокім слупам.
Я прагна гляджу на лес наперадзе: там гэта здарыцца. Нават дзіўна, што немцы i гэтыя пад доўгімі брылямі ўсё такія ж упэўненыя, злыя, крыклівыя, заклапочаныя тым, каб не адстала якая-небудзь карова i не звалілася з калёс сялянская барана, плуг, мяшок з зернем — гэтым заклапочаны, а не тым, што ў тым вунь лесе яны памруць, захлынуцца сваёю крывёю! Я так добра бачу тое, што робіцца зараз у лесе: як бягуць людзі да гравійкі, як ставяць кулямёты i глядзяць з-за пнёў i дрэваў на лясную паляну, на якую выедуць нямецкія машыны, абоз, выйдуць карнікі. Немцы ўсё не рассаджваюцца па машынах, кожная група, каманда ідзе за сваёй машынай расцягнутым строем. Гэта дрэнна. Але, значыць, баіцёся, ведаеце, што так гэта не абыдзецца вам, ведаеце! Я ўсё азіраюся, гляджу, дзе зараз легкавая машына з маім галоўным ворагам. Я так гэта бачу, усё, што зараз адбудзецца! Нават вочы ix бачу, партызанаў. I я малю ix, я патрабую, каб яны былі, каб з'явіліся. Пасля ўсяго, што здарылася, яны не маюць права не быць, яны павінны быць! Я хаваю вочы ад паліцаяў, каб не выдаць таго, што ведаю, бегаю больш за ўсіх за каровамі, падняў сцябло ад ссечанага сланечніку i ганю кароў на дарогу, моцна крычу на ix. За мной бегае хлопчык, якога жаночыя рукі выпіхнулі ў акенца. Я яму сказаў:
У мужчын, мужыкоў, якія выратаваліся (ix не больш як пяць-шэсць), у вачах, у руках бяссэнсавая паспешлівасць i нейкае агульнае непаразуменне: навошта яны, куды яны, як апынуліся тут?..
Карнікі раптам занепакоіліся, загучалі нямецкія каманды, ад машын бягуць да нас. Я нават спалохаўся, што здагадаліся, даведаліся пра тое, што вядома мне. Але самую ix трывогу, непакой бачыць хочацца: ага, баіцёся, значыць, гэта сапраўды будзе!
Зараз немцы таксама памагаюць нам i паліцаям збіраць статак на дарогу. Мін баяцца, рашылі нагамі кароў дарогу правяраць? Я непрыкметна азіраюся, шукаю вачамі: дзе там адкрытая легкавушка?
Нарэшце на хаду перастроіліся, як хацелася немцам: наперадзе статак кароў, потым мы, паганятыя, за намі паліцаі i тыя, з доўгімі брылямі, a ўжо за імі немцы — пешыя, потым на машынах, абоз. Паліцаі ўсё азіраюцца на немцаў, як на гаспадара сабака, што пачуў мядзведзя. А, бобікі! Зараз вам, зараз!.. Лес ужо зусім побач. Зноў убачыў маладога паліцая, які так сярдзіта гнаў мяне i старую ў вёску. Я раптам гукнуў яму:
Нас зноў бягом даганяюць немцы. Паліцаі адразу пасмялелі, падбадзёрыліся.
Але я ўжо бачу, я ўжо гавару з тымі, хто ix чакае, хто наперадзе — хвілін на дзесяць, на дваццаць наперадзе…
Дарога звузілася, сціснутая з двух бакоў лесам, глыбокія канавы па абодва бакі забіты алешнікам. Каровы надыхаліся дыму, крыві, усё збіваюцца ў кучу, рыкаюць, нюхаюць зямлю, бадуцца. Немцы, падасланыя на падмогу паліцаям, рашылі, здаецца, хавацца ад партызанскіх куль сярод статка, за спіны, бакі кароў. I ix зараз круціць, носіць гэты рыклівы, бадлівы вір кароў.
Нас усіх ён засмактаў, кідае аднаго да другога i адразу раскідвае. Нават весела робіцца ад такой бязглуздай бездапаможнасці. Аднаму немцу мой твар здаўся нейкім абразлівым.
— Бандыт? — пытае ён. Немец вельмі нізенькі, нават гаршчок-каска не дадае яму росту. — Партызан?
— Швайн? — памог яму паліцай. У гэтым каровіным віры яны, здаецца, не заўважылі, як памяняліся языкамі, галовамі, сваімі кароценькімі ідэйкамі.
— Нікс! — крычу я, адцёрты ў другі бок. — Я ёсць шуле. Бандыты — там. (Я паказваю на блізкі алешнік.) Мы ёсць баўэр. Ну, ты, падла, пайшла!.. Шуле, баўэр-калектыў!..