— Гэта ён! — кажу я, ужо не крычу, а кажу, майго крыку нібы не чуюць, не разумеюць: —Галоўны іхні. Гэта ён там, у Пераходах…
Неяк дзіўна пазіраюць на мяне партызаны: адчужана i нават здзіўлена. Нібы i сапраўды не разумеюць ці не хочуць разумець сэнсу маіх слоў.
Потым дык i я адчуў, убачыў, што ўласнай нянавісці можна баяцца, як закамянелага ў табе болю: чалавек пачынае аддаляць, стрымліваць яе, сціскаць у сабе, чакаючы i баючыся імгнення, калi ўжо не стрымаць яе будзе. Але спачатку я, як на сцяну, наскочыў на гэту глухату, на непаразуменне, неахвотныя позіркі.
Не, я ведаў, што карнікаў заб'юць, таксама, як ведалі гэта партызаны i самі карнікі. Мяне спалохала, што ім дазволяць памерці, пайсці вось такімі — добранькімі, здзіўлена-сумнымі, рахманымі, нібы пераклаўшы нешта на нас. Нібы падставілі нам некага замест сябе! Не, расплаціцца павінны тыя, іменна тыя!..
З адзінаццаці палонных карнікаў толькі два ці тры з закарэлымі ад крыві валасамі i тварамі, астатнія нават не параненыя. I сярод ix чацвёра не ў касках, a ў фуражках з доўгімі-доўгімі брылямі. Гэтыя, пад доўгімі брылямі, сядзяць хоць i шчыльна каля немцаў, але ўсім выглядам сваім паказваюць, што яны тут — самі па сабе i ix нельга змешваць з астатнімі. Асабліва адчужана i нават пагардліва на суседзяў-немцаў зіркае самы доўгі з усіх, з шыяй, зламанай вялізным кадыком,
— Малады чалавек правільна сказаў,— нечакана вымавіў ён, ловячы позіркам мае вочы, — ён сказаў праўду. Гэта нямецкі камандзір усёй каманды. Ён даваў загад.
I павярнуўся ў бок майго ворага, i тры суседы яго таксама павярнуліся. Немцы, не разумеючы, аб чым гаворыць кадыкасты, з трывогай глядзяць, сцяліся. А брыты нават малпу прытрымаў, нібы ўхапіўся за яе!
Але ці не гэты голас (такі ж пранізлівы, тонкі, з акцэнтам) выкрыкваў каля свірна:
— Э, дык ты па-руску шпрэхаеш! — здзівіўся партызан-
— О так, добра! Немцы ідуць, як на шпацыр, а вы ix — здорава!
— А ты сам — хто?
— Мы не немцы! — кадыкасты нават пакрыўдзіўся.
Тут я ўбачыў Касача. У ваеннай фуражцы i ў сваёй абшытай футрам зялёнай
А Касач, гаворачы з вусатым партызанам камандзірскага выгляду, спыніўся крокаў за сто ад нас. I атрад спыніўся. Не, не ўсе. Абыходзяць, абцякаюць Касача, па два, па тры хутка ідуць сюды. Ім насустрач аднекуль выскачыла, пабегла дзяўчынка, якая са мной ішла з Пераходаў i ўсё плакала, — з той хвіліны, як каля свірна з яе тоненькіх рук вырвалі дзіцятка.
Дзяўчынка адбегла, схапіла за руку, за локаць вялікага, цяжкага i рашучага з выгляду партызана ў нягнуткім брызентавым плашчы, i я пазнаў гэтага партызана — Пераход. Гэта зноў вярнула мяне ад партызанаў да тых, што сядзелі каля нашых ног, — да карнікаў.
— Гэ, суседзі нашы! — усклікнуў партызан, што не стамляецца весці сваю добраахвотную ролю веселуна. — Ну, што выседзелі на той дарозе? А мы, на гравійцы — вось што! Малпу!
(Карнікі звычайна вяртаюцца дадому не той дарогай, якой прыходзяць, з'яўляюцца. Напэўна, таму i падзяліліся засады, i нашы сядзелі на другой дарозе. А партызан ва ўсім ваенным i з біноклем на грудзях — каля яго прыпыніўся, размаўляе Касач, — напэўпа, камандзір вось гэтага, незнаёмага атрада.)
Пераход, вялізны ад мокрага, што стаіць тырчком, плашча, хутка, рэзка падышоў да нас. Стаў здымаць з локця тоненькія рукі павіслай на ім дзяўчынкі, заплаканай i строгай. Пакуль ён няспрытна адрываў па адным яе ўчэпістыя худзенькія пальцы, падбег да немцаў i спыніўся другі Пераход — яго пляменнік. У Перахода-малодшага, вельмі бледнага i танкатварага, вочы нечым падобныя на вялікія вочы нашай заплаканай дзяўчынкі з Пераходаў.
Перад ім расступіліся, нібы адразу зразумелі, хто яны.
I зноў я ўбачыў, як крайняя сіла пачуцця раптам паралізуе чалавека, забірае адразу ўсю энергію, волю, скоўвае, як сутарга. Пераход-малодшы спыніўся за тры крокі ад карнікаў: спацелы лоб, бледныя скулы як заледзянелі, позірк нерухомы, a ўся ніжняя частка яго тонкага твару ўздрыгвае, перакошваецца, з горла вырываюцца гукі, якія здаліся б смехам, калі не бачыць яго твару.