Читаем Хатынская аповесць полностью

Старэйшы Пераход нечым падобны на Касача, але больш вуглаваты, гламаздкі, ён, як у ваду, увайшоў у самую сярэдзіну карнікаў, што сядзяць на зямлі, распіхваючы ix каленьмі. Стаў над галовамі немцаў.

Здаецца, само набрынялае неба цяжка спусцілася, знізілася. Зрабілася душна. Зараз чуваць толькі дыханне, нібы мы сарваліся з месца i моўчкі, страшна некуды бяжым, імчымся.

— Ну, — ціха спытаў Пераход. — Дык гэта вы?

— Мы — не немцы, — паправіў яго кадыкасты перакладчык.

— Вось ты мне i патрэбны… Ану ўставай! Усе ўставайце!

Наўрад ці ведаў чалавек, што ён збіраецца рабіць. Як абпалены мітусіцца, кідаецца ў пошуках холаду, каб не так нясцерпна балела, кідаўся, біўся i гэты вялізны, моцны чалавек.

I ў іншых гэта прарвалася.

— Гані ix на паляну! Што тут глядзець!..

— Ану, вы!..

— Канчаць ix!..

— Сядзяць, як хрыстосікі!

Хутка, спяшаючы на крык, падышлі Касач i вусаты камандзір. Ix убачылі карнікі i, здаецца, зразумелі крыкі i штурхялі як патрабаванне выказаць воінскую павагу партызанскім камандзірам. Спалох адразу змяніўся стараннасцю, рукі выцягнуліся па швах. Толькі немец з малпай пакутуе ад нязручнасці, няўпэўненасці: ён не адважваецца скінуць з пляча, пакрыўдзіць малпу, якая спадабалася партызанам, а з ёй выцягвацца — нібы непавага, не па форме атрымліваецца. Як стараецца ён паказаць, прадэманстраваць камандзірам воінскую павагу! Тым больш што яны апрануты па форме. Як i ён. Яны заўважаць, успомняць, што на ім ваенная форма» Але малпа!.. I скінуць яе боязна: як з хованкі выйсці. А з малпай — якая ж форма, якая павага? Фюрэр карнікаў i выцягваецца, i сутуліцца, i дысцыплінавана, падцягнута глядзіць, i нясмела, нібы пытаючыся, схіляе голеную галаву: можа, партызанскія камандзіры якраз малпай, а не ім зацікавяцца?

Касач разглядвае карнікаў з такой знаёмай жорстка-іранічнай усмешкай, але як яна зараз дарэчы! Як я разумею i люблю яе ў гэту хвіліну! Я таксама павінен быў не крычаць, а вось так падысці i глядзець на ix!

Вусаты камандзір стаяў побач з Касачом i любаваўся сваім трафеем — палоннымі — з прыкметнай задаволенасцю. Але Касач раптам убачыў мяне і, зусім нечакана, пазнаў. (Цяжка было не пазнаць, калі ўсё на мне крычала, што гэта я, што мне трэба яму сказаць, расказаць пра Глашу!)

— Ты? Ты што?

— Таварыш камандзір, яны на «востраве», — я праціскаюся да Касача з-за спін, — там параненыя, мы з Рубяжом хадзілі на гаспадарчую аперацыю, яго забілі, i Скарахода, i каменданта «вострава» забілі…

Я ўсё не кажу: «Глаша», не называю гэта імя, сам не ведаю чаму.

— Ты як тут апынуўся? Што ў цябе з вачамі? Ідзі да Філіпава.

Філіпаў — наш атрадны медык.

Мне ўсё здаецца, што Касач ведае пра тое, што я быў з Глашай, але таксама не хоча называць яе імя, таму што пры ўсiх…

— Камандзір, хочаце на памяць? — партызан-«весялун» падае вусачу пачку фатаграфій. — Знайшлі вось у гэтых.

З рук дабрадушнага вусатага камандзіра фатаграфіі пайшлі па крузе (толькі Касач не бярэ). Мне трапілася салдацкая, адзіночная. Нехта з гэтых: у чорным плашчы, рукі на аўтамаце, а ствол скіраваны проста ў аб'ектыў, у твар таму, хто будзе глядзець. Я разглядваю жывых карнікаў, каб угадаць, чыя фатаграфія. Але ні ў кога няма такога твару, такога позірку. На фатаграфіі спыніўся міг, калі не было нават думкі, нават намёку на думку, што можа быць становішча, калі ён сам будзе не разумець, не будзе помніць, як яму магло хацецца нечага іншага, а не гэтага: каб не было настаўленага яму ў галаву аўтамата, каб не забівалі яго, каб жыць, жыць!..

— Што з імі рабіць будзем? — пытае пажылы партызан, мусіць, з тых, каго прызначылі ахоўваць палонных карнікаў.— Хутка на забеспячэнне папросяцца. Гляджу я, нібы i людзі, калі не ведаеш.

— Самі ведаюць, чаго яны заслужылі,— спакойна сказаў вусаты камандзір. — Па-руску… тут ёсць хто?

— Во гэты, доўгі.

— Ну дык што? Навошта здаваліся? Няўжо спадзяваліся, што пасля ўсяго зямля вас насіць будзе? — вусаты гаворыць цвёрда i ўсё гэтак жа спакойна. Напэўна, усё вельмі проста каля такога камандзіра. Да яго партызаны звяртаюцца з абавязковай усмешкай, i гэта ўсмешка міжвольная.

— Мы — не немцы. Немцы — вось, — упарта паўтарыў кадыкасты перакладчык.

— Больш нічога ў сваё апраўданне?

— Што? Забіць?! — раптам усклікнуў Пераход-старэйшы. З пратэстам, з нязгодай усклікнуў: — Ды ix трэба! Ды ix!..

У гэтым амаль бяссэнсавым, але адразу зразумелым намі пратэсце супраць таго, што яны знікнуць, схаваюцца ў смерць, а вёска Пераходы, а тое, што там адбылося, застанецца з намі — у гэтым, мабыць, тлумачэнне, чаму мы ix пагналі далей, павялі з сабою жывых. Яны для нашай нянавісці былі замест таго холаду, які я некалі шукаў, хапаў на хаду, нёс у пачырванелай, апухлай далоні…

…Ужо праз дзве гадзіны нас цяснілі браневікі, ланцугі аўтаматчыкаў. Над узлессем праносіліся самалёты. Мы адыходзілі на балоты — на Чортава Калена, ведучы з сабой злоўленых карнікаў.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Генерал без армии
Генерал без армии

Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков. Поединок силы и духа, когда до переднего края врага всего несколько шагов. Подробности жестоких боев, о которых не рассказывают даже ветераны-участники тех событий. Лето 1942 года. Советское наступление на Любань заглохло. Вторая Ударная армия оказалась в котле. На поиски ее командира генерала Власова направляется группа разведчиков старшего лейтенанта Глеба Шубина. Нужно во что бы то ни стало спасти генерала и его штаб. Вся надежда на партизан, которые хорошо знают местность. Но в назначенное время партизаны на связь не вышли: отряд попал в засаду и погиб. Шубин понимает, что теперь, в глухих незнакомых лесах, под непрерывным огнем противника, им придется действовать самостоятельно… Новая книга А. Тамоникова. Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков во время Великой Отечественной войны.

Александр Александрович Тамоников

Детективы / Проза о войне / Боевики