Я сам бачу свой твар, урачыста-зларадны, ведаю, што я перасольваю, i не магу стрымацца. Здалёку, з-за п'яна апушчаных каровіных галоў, вочы нашы, мае i нізенькага немца, сустрэліся, счапіліся: ён спрабуе прабіцца да мяне, я ведаю, што ён стрэліў бы, каб не баяўся падняць трывогу, мне б адвесці вочы, але я нічога не магу з сабою зрабіць. Зараз, куды б мяне ні адносіла, я адчуваю злоснага карантыша: ён, стукаючы аўтаматам па рагах кароў, усё прабіваецца да мяне бліжэй, а я адступаю ад яго па рыклівым, бадлівым крузе. Кінуцца ў лес? Ці дачакацца першага стрэлу, панікі? Нават дзіўна, наколькі я ўпэўнены, што засада чакае, нібы i на самай справе бачу яе. I зусім не думаю пра тое, што кулі разбірацца не будуць, хто які i чый. Але для мяне мала, каб гэта здарылася, мне трэба быць пры гэтым, у гэтым — толькі так i можа завяршыцца такі дзень, a іначай яно i не скончыцца для мяне ніколі…
Што такое? Лес канчаецца? Hiбы самую зямлю з-пад мяне выхапілі.
А злы карантыш пад гаршком-каскай ужо вырваўся са статка, ужо адступіў на паляну, заходзіць збоку, шукае мяне вачамі. Не, гэта ўсяго толькі вялікая паляна, якая з аднаго боку пераходзіць у поле, а наперадзе зноў лес. Той самы, дзе чакаюць, адкуль удараць? Карантыш зноў хаваецца ў статак, усё-ткі няўтульна, зябка яму там, на адкрытым. Затое я зараз магу выбрацца вонкі, ісці збоку, ведаючы, што ён да мяне не выйдзе.
Статак ашалелых, здзічэлых ад дыму i паху крыві кароў, як рачны вір, нясе на сабе плечы, галовы, каскі, пілоткі немцаў i паліцаяў, ужо вырваўся на паляну, ужо распаўзаецца па ёй. Я i некалькі мужчын з Пераходаў ды паліцаі палкамі, крыкамі гонім кароў на дарогу зноў у лес. Ужо i машыны з'явіліся, паўзуць па паляне, я бачу адкрытую легкавушку i нават мітуслівую малпу…
Я ведаю, помню, як бачыцца з засады вось такая калона (двойчы сам ляжаў у засадзе), i я зараз гляджу на паляну нібы ўздоўж ствала вінтоўкі, лаўлю мушкай, вяду на сябе голеную галаву, над якой носіцца малпа. (Я ўсё азіраюся на легкавую машыну, нават забываюся сачыць, дзе зараз небяспечны карантыш.)
Машыны i немцы ўжо на паляне, статак i дазорныя паліцаі зусім блізка да вузкай пашчы лясной дарогі, што чакае нас, — зараз, зараз! Я паклікаў да сябе хлапчанё з Пераходаў, трымаю яго за плячо, каб у час штурхнуць на зямлю… Я не іду далей, прапускаю мiмa сябе статак i чакаю легкавушкі, каб быць бліжэй да яе, калі пачнецца. Падганяю палкай кароў, гатоў i карнікаў i машыны падганяць — хутчэй, хутчэй, зараз, зараз!..
— Адразу падай! — шапчу я хлопцу, які нічога не разумее, але таксама ўздрыгвае. — Дзе тая дзяўчынка, трэба яе сюды.
Але нічога не адбылося. Рыклівы, бадлівы статак занёс на сабе вартавых паліцаяў, немцаў у лес, заглыбіўся, уцягваецца, i нічога не здарылася. Лясная цішыня не пераламалася з громам, не расчынілася гучнай прорвай пад нагамі ў карнікаў.
Не, адбылося! Самае страшнае адбылося! Hiхто не бег, не спяшаўся сюды, калі пад сцяну свірна, у палаючую салому падалі з рук матак дзеці i звар'яцелыя рукі гэтыя цягнуліся, крычалі, малілі, клікалі… О, як я ненавідзеў сябе за тое, што нікога няма, ніхто не бег, не прыбег хаця б зараз, каб сцерці з твару зямлі гэтых, гэтых, гэтых!.. Я луплю палкай па спінах быццам вінаватых у чымсьці кароў, ганю ix на дарогу, нейкую лаянку абрынаю на самога сябе, зусім не думаючы ўжо i пра злога немчыка, які, напэўна, зноў падпільноўвае мяне…
— Aгa, aгa вам!
Помсліва, аглушальна завылі раптам кулямёты — не наперадзе, а ззаду калоны. Вогненныя посвісты куль густа, шырока прашываюць паляну. Там, дзе машыны, ужо бухае, гарыць, а над лесам (ці гэта ва мне?) крычыць, рагоча, плача ад злога, помслівага шчасця шырокае, як цэлы свет, рэха. Ага, ага вам! Вось вам, вось вам! Я налятаю на бакі, на рогі, на морды, на кароў, на карнікаў, якім непаваротлівыя каровы перашкаджаюць залегчы i страляць. Я бачу, як бягуць у лес паліцаі. Дзе ж мой хлопец i тая строгая, заплаканая дзяўчынка з Пераходаў?.. I дзе легкавушка?
I тут я ўбачыў яе. Легкавушка імчалася проста на мяне, спалохана падскоквала на купінах i калдобінах. Не разумеючы яшчэ, што я магу, што збіраюся рабіць, я кінуўся ёй насустрач. Яшчэ паспеў разгледзець, як трэслася, нібы адрывалася, лялечная цёмна-глянцавая галава майго ворага, вялікія, на ўсё шкло залатых акуляраў, яго вочы, убачыў i жах на белай мордачцы малпы. Машына амаль наляцела на выбух.
I я таксама… Лес, як крылы вялізнай птушкі, аглушальным чорным узмахам разламаўся над дарогай, над падпаленымі машынамі, падняў i нанёс з сабою ўсё. Ba ўсім свеце засталося вельмі простае i вельмі спакойнае здзіўленне: