Палеалітычныя людзі каня малявалі. Цэлы статак старажытных коней адлюстраваны ў пячоры Ласка ў Іспаніі (20000 год таму). Ростам тыя коні былі невысокія, каратканогія, цёмна-гнядыя, з невялікай галавой і магутнай шыяй. Усе іх сучаснікі — маманты, пячорныя мядзведзі, шарсцістыя насарогі — даўно зніклі з твару Зямлі. А вось коні захаваліся. Калі параўналі знойдзеныя ў шахце астанкі старажытнага каня з сучаснай якуцкай пародай, аказалася, што яны нічым не адрозніваюцца адна ад другой. Тоўстая скура, доўгая поўсць, уменне капаць (капыціць снег) дазволілі сучасніку мамантаў дажыць да ХХІ стагоддзя [2, 10–11].
Асабліва звяртае на сябе ўвагу тое, што коні якуцкай пароды — лясныя, жывуць у тайзе, хоць звычайна лічыцца, што біялогія каня найлепш прыстасаваная да стэпу. Якраз стэпавы дзікі конь тарпан сустракаўся яшчэ ў ХІХ ст. на тэрыторыі Украіны: гэта была жывёла папялова-шэрага колеру, з цёмнай паласой па хрыбту, а на нагах — з папярэчнымі палоскамі, як у зебры. Гэта навяло нас на думку, што ад нейкіх лясных коней (тыпу якуцкіх) і ад тарпанаў паходзіць тая старажытная беларуская парода, пра якую нагадаў шырокай публіцы незабыўны Уладзімір Караткевіч у сваёй знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха»: «Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачамі, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай, мышыстай інаходдзю і падчас намёту імчыць вялізарнымі скачкамі, як алень» [49, 183]. Магчыма, менавіта на такіх конях заваявалі нашы продкі індаеўрапейцы каласальныя прасторы Еўразіі. Але захаваліся легендарныя коні толькі ў нас, у палескіх балотах, бо Палессе — увогуле як бы «кансервы» усяго прыроднага і культурнага еўрапейскага свету — ад раслінных формаў да абрадавага фальклору.
Прыручэнне дзікага каня было справай надзвычай цяжкай, на яе спатрэбіліся стагоддзі. Вучоныя мяркуюць, што спачатку прыручылі асла, затым вярблюда, а толькі потым — каня. Аднак калі і дзе гэта адбылося — цяжка сказаць. І ўсё ж важкі доказ — самыя старажытныя (ІV тыс. да н. э.) рытуальныя магільнікі з канём на правым беразе Дняпра — указваюць на Украіну як на месца ўтаймавання тарпана. Сёння ўжо не аспрэчваецца той гістарычны факт, што тэрыторыя Малдовы і Украіны — адна з прарадзім індаеўрапейцаў, адкуль яны рассляліліся як на захад, так (у ІІ тыс. да н. э.) і на паўднёвы ўсход — у Іран, Індыю, прычым ужо рухаліся на конях і гналі іх перад сабою: у статках, што належылі арыйцам (так называлі сябе плямёны будучых індаіранцаў), коні складалі да 80 %. Гэта гаворыць пра каласальную важнасць жывёлы для тагачаснага чалавека. Але даследчыкі катэгарычна сцвярджаюць: прыручэнне каня могло адбыцца толькі ў аселых народаў. Значыць, не качэўнік асядлаў каня, а конь прывучыў чалавека качаваць, падарожнічаць, засяляць усё новыя і новыя тэрыторыі.
Вядома, што арыйцы прынеслі з сабою ў Індыю сістэму кастаў. Асноўных кастаў (саслоўяў) было тры (ужо ў Індыі дадалася чацвёртая). Яны адрозніваліся паводле колеру адзення і масці коней. Брахманы (жрацы) ездзілі на сівых конях, кшатрыі (ваяры) на бурых, а вайшы (пастухі, рамеснікі) на каурых (тыпу нашых дрыкгантаў). Адсюль робіцца зразумелай вядомая формула рускіх народных казак, якую выкарыстоўвалі героі для выклікання чароўнага каня: «Сіўка-бурка, вешчы каурка!» Адзін казачны персанаж — цудоўны конь — увасабляў моц усіх трох кастаў, інакш кажучы, сілу ўсёй грамады! Можа, таму ён так шмат і ўмее ў казках?