Сапраўды, біблейская традыцыя наклала прыкметны адбітак на сімволіку змяі ў шматлікіх народаў Еўразіі. Змей робіцца безумоўнай персаніфікацыяй зла, у барацьбе з якім Дабро і можа праявіцца ў свеце. Слова «зло», відаць, роднаснае са словам «сіла». Можа быць, нашы продкі, стваральнікі мовы, хацелі падкрэсліць непажадальнасць залішняга праяўлення энергіі, якую і ўвасабляла змяя? Д’ябал, які спакусіў у выглядзе Змея Еву, аддзяліў ад Бога сябе і чалавека, паклаў пачатак нябеснаму бою Дабра са злом і барацьбе чалавека за сваё існаванне: аддзеленыя ад Бога, выгнаныя з рая, Адам і Ева з таго часу выжываюць з дапамогай уласных рэсурсаў. Але рэсурсы гэтыя ўрэшце будуць вычарпаны (ужо канчаюцца), таму д’ябал прайграе вайну з Богам, а людзі — барацьбу за зямное жыццё. У той жа час можна меркавасць, што вобраз д’ябла адлюстроўвае патрэбу чалавечага розуму мець перад сабою вобраз ворага дзеля дынамікі мыслення.
Змяя як універсальны сімвал цікавіла шмат якія філасофскія школы, напрыклад, гностыкаў ранняга Сярэднявечча і асабліва прыхільнікаў так званай секты наасенаў (ад naas — змяя), якія лічылі «змяю» існуючай ва ўсіх прадметах і істотах. Гэта набліжае іх да індыйскіх ёгаў з іх вераю у змяю Кундаліні — вобраз ўнутранай сілы. Сапраўды, Кундаліні, якая ляжыць у самых нізкіх аддзелах спінога мозгу, але паднімаецца ажно да галавы, раскрываючы 3-яе вока, можа разумецца як сіла, якая узыходзіць ад вобласці, што кантралюецца полавымі органамі, да ўзрозню думкі [48, 198]. Вось чаму фрэйдысты разглядаюць Кундаліні як сімвал сублімацыі. Але ўсё ж больш верагодная іншая версія: змяя — злая, грахоўная прырода чалавека, якую ён павінен пераадолець у сабе.
Увогуле ж К.Г. Юнг мае рацыю, калі лічыць змяю архетыпам — гэта значыць, універсальна-глабальным сімвалам, што выяўляецца ва ўсіх людзей на падсвядомым узроўні і дае жыццё іншым сімвалам. Сапраўды, гэта той бог ранніх касмагоній, які стаў адпраўным пунктам для розных духоўных і псіхалагічных інтэрпрэтацый. Змей — у вышэйшай ступені складаны, амбівалентны сімвал. Як істота забіваючая, яна азначае смерць, але паколькі перыядычна змяняе скуру, — жыццё. Гэта і сонечны пачатак, і цемра, дабро і зло, мудрасць і сляпы эратызм, лекі і атрута, захавальнік і разбуральнік. У цэлым змяя — праяўленне сілы, энергіі на любым узроўні, выток усяго патэнцыяльнага як у матэрыяльнай сферы, так і у духоўнай. Змяя можа быць культурным героем і міфічным продкам. Яна заўсёды звязана з Вялікай Багіняй — Зямлёй-Маці і таму нясе ўрадлівасць, а на ўзроўні псіхалагічным азначае каварства, хітрасць, грэх. Слушна піша вядомы міфолаг М. Эліадэ (праўда, на іншы конт): «Што раздзелена і антаганістычна ў касмічнай рэальнасці, тое злучана, абагулена ў божышчы» [123, 284] — у дадзеным выпадку ў такім выключна складаным вобразе, як Змей.
Што тычыцца непасрэдна года 2001, а таксама будучага 2013, то ясна, што характар самой істоты, якая сімвалізуе гады, падказвае і іх характарыстыку: яны будуць выключна супярэчлівыя, багатыя і на добрае, і на ліхое. Можна параіць кожнаму, асабліва людзям старэйшага веку, успомніць сябе (ды і нашу гісторыю) у іншыя гады Змяі: 1929, 1941, 1953, 1965, 1977, 1989. Чаго набіраецца больш?
Конь
Пяцьсот мільёнаў год таму Зямля выглядала зусім інакш, чым цяпер. Клімат быў цёплы, суша і акіяны мелі зусім іншыя абрысы, і ўсюды раслі трапічныя вільготныя лясы. Па тых балоцістых лясах бадзялася маленечкая істота, падобная да невялікага барсука, — эогіпус. Быў ён гарбаценькі (як казачны Канёк-гарбунок) і паласаты, на ножках меў па тры пальцы. Нічым гэтая жывёліна не нагадвала сучаснага каня.
Але змяняўся клімат, а з ім — і фаўна. Праз некалькі этапаў развіцця эогіпус ператварыўся ў вытанчанага гіпарыёна, які бегаў ужо на адным пальцы — так зручней, а падобны быў да осліка. Незлічоныя статкі гіпарыёнаў засялялі стэпы Еўразіі і Амерыкі — косткі іх знаходзяць ледзь не па ўсім свеце [31, 66–68].
І далей з продкамі каня адбываліся нейкія цікавыя працэсы. Так, археолагі знаходзяць астанкі коней літаральна багатырскіх — большых за самага вялікага сучаснага цяжкавоза, і адначасова трапляюцца іншыя — меншыя за самага маленькага поні. Бадай, можна гаварыць пра расы коней, як і пра чалавечыя расы. Незразумелыя прыродныя катаклізмы прывялі да таго, што ў Афрыцы ацалелі толькі зебры і аслы, а ў Амерыцы коні ўвогуле поўнасцю зніклі і зноў былі завезены ўжо іспанцамі ў ХVІ ст. Цікава, што ў міфах індзейцаў захаваліся нейкія цьмяныя ўспаміны пра коней, хоць вучоныя сцвярджаюць, што тыя вымерлі яшчэ да з’яўлення ў Амерыцы чалавека.
У выніку доўгіх і надзвычай складаных трансфармацый прырода ўрэшце выляпіла дзівоснае гарманічнае стварэнне — літаральна твор мастацтва — каня, і жыццё яго на тысячагоддзі знітавала з лёсам чалавецтва.