Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Прайшла палова гадзіны, гадзіна, дзве – трэба было ўжо вяртацца дадому, а Вакульскі не прыходзіў. Нарэшце пані селі ў карэту: графіня абыякавая, як заўсёды, старшынёва крыху расхваляваная, а панна Ізабэла разгневаная. Яе абурэнне не зменшылася, калі ўвечары бацька сказаў ёй, што пасля полудня ён быў на сесіі ў князя, дзе Вакульскі прадставіў праект грандыёзнае гандлёвае суполкі і выклікаў сапраўднае захапленне ў знуджаных магнатаў.

– Я даўно прадчуваў, – завяршыў пан Ленцкі, – што з дапамогаю гэтага чалавека вызвалюся ад сямейнае апекі і зноў стану тым, кім мушу быць!

– Але на суполку, тата, патрэбныя грошы, – заўважыла панна Ізабэла, злёгку паціскаючы плячыма.

– Таму якраз я і дазваляю прадаць нашу камяніцу. Праўда, даўгі забяруць шэсцьдзясят тысяч, але застанецца яшчэ, сама мала – сорак.

– Цётка казала, што за камяніцу ніхто не даць больш за шэсцьдзясят…

– Ах, цётка!.. – абурыўся пан Тамаш. – Яна заўжды кажа так, каб напалохаць мяне або прынізіць. Шэсцьдзясят тысяч дае Кшэшоўская, якая ўтапіла б нас у лыжцы вады… мяшчанка!.. Але, вядома, цётка ёй падтаквае, бо тут ідзе пра мой дом, пра маё становішча…

Ён пачырванеў і засоп, але, не жадаючы гневацца пры дачцэ, пацалаваў яе ў лоб і пайшоў у свой кабінет.

“А можа, бацька мае рацыю?.. – думала панна Ізабэла. – Можа, ён сапраўды больш практычны за ўсіх тых, хто гэтак сувора яго асуджае? Бацька ж якраз першы і разгледзеў гэтага… Вакульскага… Але які нахабнік гэты чалавек! Не прыйшоў у Лазенкі, хоць старшынёва, дакладна, мусіла яго ангажаваць. Зрэшты, можа гэта і лепш: як бы мы выглядалі, каб нехта са знаёмых спаткаў нас на шпацыры з галантарэйным купцом!”

Некалькі дзён панна Ізабэла з усіх бакоў чула пра Вакульскага. У салонах з языка не сыходзіла яго прозвішча. Маршалак прысягаў, што Вакульскі мусіць паходзіць са старажытнага роду, а барон, знаўца мужчынскае прыгажосці (сам ён па паўдня праводзіў каля люстэрка), сцвярджаў, што Вакульскі “зусім… зусім…” Граф Саноцкі гатовы быў пайсці ў заклад, што гэта першы разумны чалавек у краі, граф Ліціньскі абвяшчаў, што гэты купец належыць да тыпу англійскіх прамыслоўцаў, а князь толькі паціраў рукі ды ўсміхаўся, кажучы: “Ага!”.

Нават Ахоцкі, калі наведаў днямі панну Ізабэлу, расказаў ёй, што яны з Вакульскім былі на шпацыры ў Лазенках.

– Пра што ж вы размаўлялі?.. – запыталася яна здзіўлена. – Не пра лятальныя ж машыны…

– А! – задуменна прамовіў кузін. – Вакульскі, хіба, адзіны чалавек у Варшаве, з якім можна пра гэта паразмаўляць. Вось цікава…

“Адзіны разумны… адзіны купец… адзіны, які можа пагутарыць з Ахоцкім? – думала панна Ізабэла. – Што ж гэта за чалавек насамрэч? Ах! Я ведаю…”

Ёй здавалася, што яна разгадала Вакульскага. Гэта амбітны спекулянт, які, жадаючы ўбіцца ў салоны, задумаў ажаніцца з ёю, збяднелаю паннаю знакамітага роду. Не было ў яго іншае мэты, калі ён стараўся спадабацца яе бацьку, графіні-цётцы і ўсёй арыстакратыі. А варта было яму пераканацца, што і без яе ўціснецца ён да вялікіх паноў, дык раптам астыла ягонае каханне і… нават не прыйшоў у Лазенкі!

“Яго можна павіншаваць, – казала яна сама сабе. – Мае ўсе якасці, патрэбныя для кар’еры: нябрыдкі, здольны, энергічны, а галоўнае, бессаромны і нікчэмны… Сапраўды, гэтыя нуварышы апярэджваюць нас нават у няшчырасці… Які нягоднік!”

Абураная, яна хацела ўжо загадаць Мікалаю, каб той не пускаў Вакульскага на парог салону… не далей за кабінет гаспадара, калі той прыйшоў бы да іх па справе. Але калі прыгадала, што Вакульскі і не напрошваўся да іх, пачырванела ад сораму.

Раптам яна даведалася ад пані Мэлітан пра чарговы канфлікт барона Кшэшоўскага з жонкаю, і што тая купіла ў яго кабылу за восемсот рублёў, але, відаць, верне яе, бо праз некалькі дзён – скачкі, а барон нарабіў шмат закладаў.

– Можа, гэта нават памірыць барона з баранесаю, – заўважыла пані Мэлітан.

– Ах, нічога б я не пашкадавала, каб барон не атрымаў сваю кабылу і прайграў усе заклады!.. – не стрымалася тады панна Ізабэла.

А праз некалькі дзён яна пад вялікім сакрэтам даведалася ад панны Фларэнтыны, што барон не атрымаў сваю кабылу, бо яе купіў Вакульскі…

Гэта было яшчэ таямніцаю ад усіх, бо калі панна Ізабэла пайшла з візітам да цёткі, дык пачула якраз, што графіня радзіцца са старшынёвай, як памірыць панства Кшэшоўскіх з дапамогаю гэтае кабылы.

– Нічога не выйдзе, – засмяялася панна Ізабэла. – Барон не атрымае сваю кабылу.

– Закладзёмся? – абыякава запыталася графіня.

– Хіба, калі выйграю ў цёткі гэты бранзалет з сапфірамі…

Цётка згадзілася, у выніку чаго і сама графіня, і панна Ізабэла былі моцна зацікаўленыя скачкамі.

Быў момант, калі панна Ізабэла спалохалася, бо пачула, што барон дае Вакульскаму чатырыста рублёў адступнога, і граф Ліціньскі ўзяўся ўлагодзіць справу. У салоне графіні нават шапталіся, што Вакульскі не з-за грошай, а дзеля графа мусіць згадзіцца на гэта. І тады панна Ізабэла падумала: “Згодзіцца, калі ён хцівы нуварыш, а калі не згодзіцца, дык…”

Яна не мела адвагі скончыць гэтую фразу. Выручыў яе Вакульскі. Ён не прадаў кабылу, а сам выставіў яе на бегавую дарожку.

Перейти на страницу:

Похожие книги