– Няхай так, – згадзіўся Вакульскі.
– Так, – пацвердзіў адвакат, – так будзе лепш. Каб пан сам купіў той дом, дык апынуўся б у фальшывым становішчы нават у адносінах да панства Ленцкіх. Нам звычайна не падабаюцца тыя, каму дастаецца нешта пасля нас, гэта адно. А другое – хто дасць гарантыю, што не пачалі б у іх галовах ўяўляцца розныя камбінацыі?.. Пачнуць думаць: купіў ён задорага або затанна?.. Калі задорага, дык як смее рабіць нам ласку, а калі затанна, дык тады – нажываецца на нас…
Апошніх слоў адваката Вакульскі амаль не чуў, захоплены ўжо ўласнымі думкамі, якія апанавалі яго яшчэ мацней, калі госць выйшаў.
“Дык, – казаў ён сабе, – адвакат мае рацыю. Людзі пра мяне гавораць і нават асуджаюць, але робяць гэта ў мяне за спінаю, таму я нічога не ведаю. Да сённяшняга дня я не зважаў на некаторыя акалічнасці. Ужо з тыдзень купцы, з якімі ў мяне справы, маюць кіслыя міны, а праціўнікі трыумфуюць. У краме таксама нешта дзеецца… Ігнацы ходзіць маркотны, Шлянгбаўм задуменны. Лісецкі стаў яшчэ больш бурклівы, чым раней, нібы дапускае, што я хутка згарну інтарэс. У Клейна засмучаны від (сацыяліста злуюць скачкі і двубоі), а франт Зэмба ўжо пачынае круціцца каля Шлянгбаўма… Можа, ён чуе ў ім будучага гаспадара крамы?.. Ах, даражэнькія вы мае!..”
Ён выйшаў з кабінета і кіўком паклікаў Жэцкага за сабою. Стары крамнік, сапраўды, быў не падобны да сябе і не глядзеў свайму кіраўніку ў вочы.
Вакульскі паказаў яму на крэсла, а сам пару раз прайшоўся па цесным пакоі і запытаўся:
– Стары!.. Скажы праўду, што пра мяне гавораць?
Жэцкі развёў рукі.
– Ах, Божа, што гавораць…
– Кажы як ёсць, – заахвочваў яго Вакульскі.
– Як ёсць?.. Добра. Адны кажуць, што пачынаеш вар’яцець…
– Брава!..
– Іншыя, што… рыхтуеш нейкую авантуру…
– А каб іх…
– А ўсе разам, што збанкрутуеш, і вельмі хутка.
– Каб іх яшчэ раз… – паўтарыў Вакульскі. – А ты, Ігнацы, сам што думаеш?
– Я думаю, – без вагання адказаў той, – што ўлез ты ў нейкую магутную авантуру… з якое цэлым не выйдзеш… Хіба, калі адступіш своечасова, на што, зрэшты, павінна хапіць табе розуму…
Вакульскі выбухнуў гневам.
– Не адступлю! – выгукнуў ён. – Чалавек, які пакутуе ад смагі, не адступіць ад крыніцы. Калі маю загінуць, дык загіну, але нап’юся… Чаго вы хочаце ад мяне?.. Змалку жыў, як птах у сілках: у слугах, у турмах, а хоць бы і ў тым няшчасным шлюбе, у які прадаўся… А сёння, калі выраслі ў мяне крылы, гергечаце на мяне, як хатнія гусі на дзікага, які рвецца ляцець… Што мне нейкая там крама або суполка!.. Я хачу жыць так, як хачу…
У гэты момант нехта пастукаўся ў дзверы кабінета. Увайшоў Мікалай, слуга Ленцкага, з лістом. Вакульскі ліхаманкава схапіў ліст, разарваў канверт і прачытаў:
“Шаноўны Пане! Дачка мая абавязкова жадае бліжэй пазнаёміцца з Панам. Воля кабеты святая, дык я прашу Пана заўтра да нас на абед (а шостай), і нават не спрабуй, Пан, шукаць адгаворак. Прашу прыняць запэўніванні ў шанаванні.
Т. Ленцкі”.
Вакульскі адчуў такую слабасць, што мусіў сесці. Прачытаў ліст другі, трэці, чацвёрты раз… Нарэшце ён апрытомнеў і адпісаў пану Ленцкаму, а Мікалаю даў пяць рублёў.
Пан Ігнацы тым часам на пару хвілін выбег у краму і вярнуўся да Вакульскага, калі Мікалай ужо выйшаў на вуліцу. У працяг папярэдняй размовы ён сказаў:
– Заўсёды, аднак, каханы Стаху, трэба добра агледзецца, што да чаго, дык, можа, і сам адступіш…
Вакульскі, ціха пасвістваючы, насунуў капялюш і, абапёршыся на плячо старога прыяцеля, адказаў яму:
– Паслухай. Каб мне зямля разышлася пад нагамі… разумееш?.. Каб мне неба мела зваліцца на галаву, я не адступлю, разумееш?.. За такое шчасце аддам жыццё…
– За якое шчасце?.. – спытаў Ігнацы.
Але Вакульскі ўжо выйшаў праз тыльныя дзверы.
ДЗЯВОЧЫЯ МАРЫ
Ад Вялікадня панна Ізабэла часта думала пра Вакульскага, і ва ўсіх гэтых роздумах дзівіла яе пэўная акалічнасць: чалавек гэты бачыўся ёй штораз іначай.
Панна Ізабэла мела шматлікія знаёмствы і добра ўмела даваць характарыстыкі людзям. Дык вось, да гэтае пары кожны з яе знаёмых меў нейкую ўласцівасць, якая дазваляла сцісла ахарактарызаваць яго адным словам. Князь быў патрыётам, яго адвакат – спрытнюгам, граф Ліціньскі ўдаваў з сябе англічаніна, яе цётка была ганарыстай, старшынёва – добрай, Ахоцкі – дзіваком, а Кшэшоўскі – карцёжнікам. Словам, кожны чалавек – нейкая вартасць або недахоп, часам заслуга, часцей, тытул або маёнтак – з галавой, рукамі, нагамі і апрануты больш ці менш модна.
Толькі ў Вакульскім сутыкнулася яна не проста з новаю асобаю, а з невядомаю з’яваю. Немагчыма было вызначыць яго адным словам і нават сотняю сказаў. Быў ён не падобны ні да каго, а калі, наогул, і можна было яго з чымсьці параўнаць, дык, хіба, з нейкім краем, які не праедзеш за дзень, дзе ёсць раўніны і горы, лясы і лугі, воды і пустыні, вёскі і гарады. І дзе з туману на самым небакраі выступаюць яшчэ нейкія няясныя перспектывы, не падобныя ўжо ні да адной з вядомых рэчаў. Яна неўразумела задавалася пытаннем: ці гэта толькі гульня ўзрушанае фантазіі, ці, сапраўды, гэта істота звышчалавечая, прынамсі, пазасалонная?
Тады яна пачала парадкаваць свае ўражанні.