Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Ён падняўся з фатэля і пачаў глядзець у іншы бок, што дазволіла Марушэвічу крыху ўтаймаваць пачуцці. Малады чалавек хутка развітаўся з Вакульскім, выйшаў з кватэры і паімчаў па сходах, думаючы: “Ну, ці чуў хто?! Нейкі крамнік будзе рабіць на мяне ўражанне! Быў момант, слова гонару, хацелася мне выцяць яго кіем… Дзікун, слова гонару… Гатовы падумаць, што я баюся яго, слова гонару… О, Божа, як цяжка караеш мяне за легкадумнасць!.. Падлюкі-ліхвяры насылаюць на мяне каморніка, праз пару дзён мушу заплаціць ганаровы доўг, а гэты купчык, гэты лайдак!.. Хацеў бы я толькі ведаць, што яму прымроілася, чаго ён навыдумляў пра мяне?.. Нічога ўжо не трэба… Але, слова гонару, ён, мусіць, некага забіў, бо такога позірку не можа мець чалавек прыстойны. Вядома, нядаўна ж ён ледзь не забіў Кшэшоўскага. Ах, нахабнік!.. Ён меў нахабства гэтак глядзець на мяне… на мяне, Богам клянуся!..”

Нягледзячы на гэта, назаўтра ён зноў прыехаў з візітам да Вакульскага, а калі не заспеў яго дома, дык загадаў рамізніку ехаць да крамы.

У краме яго прывітаў пан Ігнацы, які гэтак шырока раскінуў перад ім рукі, нібы ўсю краму прапаноўваў яму. Але ўнутраны голас падказваў старому крамніку, што гэты госць не купіць нічога, што каштавала б даражэй за пяць рублёў, і хто ведае, ці не загадае запісаць сабе на рахунак.

– Пан Вакульскі?.. – спытаў Марушэвіч, не здымаючы капелюша.

– Хутка будзе, – адказаў пан Ігнацы з нізкім паклонам.

– Што значыць хутка?..

– Сама позна праз чвэрць гадзіны, – адказаў Жэцкі.

– Я пачакаю. Загадай, пан, вынесці рубель рамізніку, – казаў малады чалавек, лена падаючы на крэсла. Ногі, сапраўды, не трымалі яго ад хвалявання, што стары крамнік можа не загадаць вынесці рубель рамізніку. Але Жэцкі распараджэнне выканаў, хоць кланяцца ўжо госцю перастаў.

Праз некалькі хвілін увайшоў Вакульскі.

Марушэвіч, убачыўшы ненавісную фігуру купчыка, зазнаў гэткія супярэчлівыя пачуцці, што не толькі забыўся, што казаць, але нават пра што думаць. У памяці засталося толькі, што Вакульскі завёў яго ў кабінет у глыбіні крамы, дзе стаяла жалезная каса, і ён не мог зразумець, чаго больш адчувае пры выглядзе Вакульскага: знявагі або пагарды. Пазней ён прыгадаў, што стараўся схаваць гэтае ўражанне за вытанчанай ветлівасцю, якая нават у яго ўласных вачах выглядала прыніжанасцю.

– Да паслугаў пана, – сказаў Вакульскі, калі яны селі.

Марушэвіч не змог заўважыць моманту гэтага перамяшчэння ў прасторы, але ён пачаў гаварыць, злёгку запінаючыся:

– Я хацеў бы шаноўнаму пану даць довад зычлівасці… Пані баранеса Кшэшоўская, як пан ведае, хоча купіць дом панства Ленцкіх… Дык вось, яе муж, барон, наклаў вета на пэўную частку яе сродкаў, без якіх пакупка не можа адбыцца… Вось… сёння… барон часова мае дробныя клопаты… Не стае яму… не стае яму тысячы рублёў… хацеў бы пазычыць… бо… бо, разумее пан, не зможа энергічна супрацьстаяць волі жонкі…

Марушэвіч выцер з ілба пот, убачыўшы, што Вакульскі зноў пачаў дапытліва глядзець на яго.

– Дык гэта барону патрэбныя грошы?

– Так, – хутка адказаў малады чалавек.

– Тысячу рублёў я не дам, хіба, трыста… чатырыста… І распіску мне ад барона.

– Чатырыста, – міжвольна паўтарыў малады чалавек і таропка дадаў: – Праз гадзіну прывязу распіску ад барона… Пан тут будзе?

– Буду.

Марушэвіч выйшаў з кабінета і праз гадзіну, сапраўды, вярнуўся з распіскаю ад барона Кшэшоўскага. Вакульскі прачытаў дакумент, паклаў яго ў касу і ўзамен даў Марушэвічу чатырыста рублёў.

– Барон пастараецца як мага хутчэй… – мармытаў Марушэвіч.

– Нічога пільнага, – адказаў Вакульскі. – Падобна, барон хворы?

– Так… крыху… Заўтра або паслязаўтра выязджае… Верне як мага хутчэй…

Вакульскі развітаўся з ім нядбалым рухам галавы.

Малады чалавек хутка выскачыў з крамы, нават забыў аддаць Жэцкаму рубель, які пазычыў на рамізніка. На вуліцы ён з палёгкаю ўздыхнуў, і ў галаве яго закруціліся думкі: “Ах, паганы купчык!.. Хапіла нахабства даць мне чатырыста рублёў замест тысячы… Божа, як сурова караеш мяне за легкадумнасць… Каб мне толькі адыграцца, слова гонару, шпурну яму гэтыя чатырыста ды тыя дзвесце… Божа, як нізка я ўпаў…”

Прыгадаліся яму кельнеры ў рэстаранах, маркеры пры більярдзе і швейцары ў гатэлях, у якіх ён таксама рознымі спосабамі здабываў грошы. Але аніводзін з іх не падаваўся яму гэткім ненавісным і вартым пагарды, як Вакульскі.

“Слова гонару, – думаў ён, – я сам улез яму ў брыдкія лапы… Божа, як караеш мяне за легкадумнасць…”

А Вакульскі, калі Марушэвіч пайшоў, быў задаволены.

“Здаецца мне, – думаў ён, – што гэта махляр, якіх пашукаць, і які выкрутлівы. Хацеў атрымаць у мяне пасаду, але сам яе знайшоў: сочыць за мною і даносіць, каму трэба. Мог бы нарабіць мне клопатаў, каб не гэтыя чатырыста рублёў, якія ён узяў, я ўпэўнены, па фальшывай распісцы. Кшэшоўскі пры ўсіх сваіх дзівацтвах ды лайдацтве чалавек сумленны… (Ці лайдак можа быць сумленным?..) У кожным разе, не стаў бы ён пазычаць у мяне грошы на свае справы ці з-за капрызаў жонкі…”

Перейти на страницу:

Похожие книги