Ужо на вуліцы Жэцкі звярнуўся да Шумана:
– Вельмі прыемныя гэтыя людзі з арыстакратыі…
– Хай іх д’яблы возьмуць!.. Няхай вас усіх д’яблы возьмуць з вашымі бязглуздымі забабонамі!.. – крычаў доктар, махаючы кулаком.
Вечарам пан Ігнацы падрыхтаваў пісталеты і зайшоў да Вакульскага. Той быў адзін і піў гарбату. Жэцкі наліў сабе і сказаў:
– Бачыш, Стасю, гэта людзі з вялікім гонарам. Барон, а ён, як ты ведаеш, вельмі безуважны, гатовы прынесці табе свае прабачэнні…
– Ніякіх прабачэнняў.
Жэцкі змоўк. Ён піў гарбату і паціраў лоб. Пасля доўгае паўзы ён прамовіў:
– Вядома, ты паклапаціўся пра справы… на выпадак…
– Нічога са мною не здарыцца, – гнеўна адказаў Вакульскі.
Пан Ігнацы пасядзеў яшчэ з чвэрць гадзіны моўчкі. Гарбата была нясмачная яму, галава балела. Ён дапіў шклянку, зірнуў на гадзіннік і выйшаў з пакоя прыяцеля са словамі:
– Заўтра выязджаем а палове на сёмую раніцы.
– Добра.
Калі пан Ігнацы пайшоў, Вакульскі сеў да стала, напісаў на аркушы для лістоў некалькі радкоў і паклаў у канверт з адрасам Жэцкага. Здавалася яму, што ён усё яшчэ чуе непрыемны голас барона: “Цешуся, кузінка, што трыумфуюць твае паклоннікі… Прыкра мне толькі, што за мой кошт…”
А куды б ён ні зірнуў, паўсюль бачыў прыгожы твар панны Ізабэлы, пунсовы ад сораму.
У сэрцы яго кіпела глухое шаленства. Ён адчуваў, што рукі яго робяцца як жалезныя брускі, а цела набірае гэткае неверагоднае цвёрдасці, што, хіба, няма такое кулі, якая б не адскочыла ад яго. Мільганула яму ў галаве слова “смерць”, і ён усміхнуўся. Ён ведаў, што смерць не нападае на адважных, яна толькі становіцца насупраць іх, як злы сабака, і глядзіць зялёнымі вачыма: ці не змружаць яны павекі.
У тую ноч, як, зрэшты, і ў кожную іншую, барон гуляў у карты. Марушэвіч таксама быў у клубе і нагадваў яму пра двубой і а першай, і а другой, каб той ішоў спаць, бо раніцаю яго разбудзяць а сёмай. Безуважны барон адказваў: “Зараз! Зараз!..”, але прасядзеў ажно да трэцяе, пакуль адзін з яго партнёраў не заявіў:
– Баста, бароне! Паспі хоць пару гадзін, бо будуць трэсціся рукі і спудлуеш.
Гэтыя словы, а яшчэ больш тое, што партнёры выйшлі з-за століка, ацверазілі барона. Ён вярнуўся з клуба дадому і загадаў свайму камердынеру Канстанты абудзіць яго а сёмай рана.
– Ясны пан, пэўна, робіць нейкае глупства!.. – буркнуў абражаны слуга. – Што яшчэ такое?.. – пытаўся ён, злосна распранаючы барона.
– А, блазан! – абурыўся барон. – Ты мяркуеш, што я буду табе нешта тлумачыць? У мяне двубой, ясна?.. Бо мне гэтак хочацца. А дзясятай раніцы буду страляцца з нейкім шаўцом ці цырульнікам, зразумеў?.. Можа, ты мне забароніш?..
– А няхай ясны пан страляецца нават са старым д’яблам! – адказаў Канстанты. – Толькі хацеў бы я ведаць, хто па вэксалях яснага пана заплаціць? А за кватэру… на гаспадарку?.. З-за таго, што ясны пане кожны квартал мае цікаўнасць да Павонзак, гаспадар насылае на нас натарыусаў, і я баюся, каб нам з голаду не памерці… Добрая служба!..
– Пайшоў прэч!.. – закрычаў барон і, схапіўшы чаравік, шпурнуў яго ў камердынера, які адскочыў. Чаравік трапіў у сцяну і ледзьве не зваліў бронзавую фігурку Сабескага.
Паквітаўшыся з адданым слугою, барон лёг у ложак і задумаўся пра сваё гаротнае становішча.
“Дажыўся! – уздыхаў ён. – Каб мець двубой з купчыкам! Калі я яго падстрэлю, дык буду, як той паляўнічы, што выйшаў на мядзведзя, а забіў селяніну цельную карову. Калі ён мяне падстрэліць, атрымаецца, нібы мяне перацягнуў пугаю фурман брычкі. Калі абодва спудлуем… Не, мусім жа страляцца да крыві. Хай мяне затопчуць, а лепш бы перапрасіць таго асла, нават у канцылярыі натарыуса, апрануўшы на гэту ўрачыстасць фрак і белы гальштук. Ах, подлы ліберальны час!.. Мой бацька загадаў бы гэткага зуха наставіць на розум на сваёй псярні, а я мушу даваць яму сатысфакцыю, нібы сам цынамонам гандлюю… Хай бы ўжо і прыйшла тая дурная сацыяльная рэвалюцыя, якая вынішчыць або нас, або лібералаў…”
Ён пачаў засынаць, і яму мроілася, што Вакульскі яго забіў. Ён бачыў, як ягоны труп два пасыльныя нясуць у кватэру жонкі, як жонка млее і кідаецца яму на акрываўленыя грудзі… Як яна выплачвае ўсе яго даўгі, асігнуе тысячы рублёў на пахаванне і… як ён паўстае з мёртвых ды забірае тыя тысячы рублёў сабе на дробныя выдаткі…
Шчаслівая ўсмешка зайграла на змарнелым твары барона, і ён заснуў, як дзіця.
А сёмай ледзьве дабудзіліся яго Канстанты з Марушэвічам. Барон ніяк не хацеў уставаць, а мармытаў, што лепш няхай яго заб’юць і зняславяць, чым ён падымецца гэтак рана. Толькі від графіна з халоднай вадою вярнуў яго ў прытомнасць. Барон ускочыў з ложка, выцяў Канстанты, насварыўся на Марушэвіча і пакляўся ў душы, што Вакульскага заб’е.
Але калі ўжо апрануты ён выйшаў на вуліцу, дзе было цудоўнае надвор’е, і калі прыйшло яму ў галаву, што бачыць світанак, нянавісць да Вакульскага аслабла, і ён пастанавіў толькі прастрэліць таму нагу.