Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– За дзесяць гадоў я па вушы начытаўся, як бэсцяць нас за збытак, і хацеў быў ужо выправіцца ды прадаць стайню. Тым часам бачу, што чалавек, які ўчора дарабіўся маёнтку, сёння выстаўляе каня на скачкі… І нашы маралісты, калі атрымаецца, зробяць тое самае?.. Дык вось, я таксама не выпраўлюся, не прадам стайню, не…

Яго таварыш, які раптам заўважыў Вакульскага, крануў прамоўцу, і той спыніўся на паўслове. Карыстаючыся момантам, Вакульскі хацеў іх абмінуць, але высокі пан затрымаў яго.

– Перапрашаю, – крануў ён свой капялюш, – што я дазволіў сабе рабіць гэткія заўвагі… Я – Ужасіньскі…

– З прыемнасцю слухаў іх, – адказаў з усмешкаю Вакульскі, – бо ў душы я кажу сабе тое самае. Зрэшты, я ўдзельнічаю ў скачках першы і апошні раз у жыцці.

Яны з высокім спартсменам падалі адзін аднаму рукі, і той, калі Вакульскі ўжо адышоў на пару крокаў, буркнуў:

– Хвацкі мужык…

Вакульскі, нарэшце, купіў праграму і з пачуццём нейкага сораму прачытаў, што ў трэцім забегу ўдзельнічае кабыла Султанка ад Аліма і Клары, якая належыць Х. Х. Скача на ёй жакей Юнг у жоўтай куртцы з блакітнымі рукавамі. Узнагарода – трыста рублёў, а калі конь выйграе, ён на месцы будзе прададзены.

“З глузду з’ехаў”, – прамармытаў Вакульскі, накіроўваючыся ў бок галерэі. Ён спадзяваўся, што панна Ізабэла там, і ўжо намерваўся адразу ж вярнуцца дадому, калі яе там не знойдзе.

Апанавалі яго чорныя думкі. Кабеты падаваліся яму брыдкімі, іх каляровыя строі дзівачнымі, іх какецтва жахлівым. Мужчыны былі няўклюднымі, натоўп прастацкі, музыка вісклівая. Пакуль ён падымаўся на галерэю, было яму гідка ад рыпення прыступак і парэпаных сцен з бруднымі падцёкамі ад дажджу. Знаёмыя яму кланяліся, кабеты яму ўсміхаліся, і ўсе кругом шапталі: “Зірні, зірні!..” Але ён ні на што не зважаў. Спыніўся ён на самым версе галерэі і па-над стракатым шумным натоўпам узіраўся праз ларнетку на дарогу, ажно да рагаткі, бачачы толькі хмары жоўтага пылу.

“Што гэтая галерэя робіць цэлы год?” – думаў ён. І яму здалося, што на спарахнелых лавах засядаюць тут кожную ноч усе памерлыя банкруты, поўныя раскаяння какоткі, розныя лайдакі ды прайдзісветы, якіх выгналі нават з пекла, і пры смутным бляску зорак назіраюць яны за скачкамі шкілетаў тых коней, што паздыхалі на гэтых бегавых дарожках. Здавалася яму, што ён у гэту хвіліну нават бачыць перад сабою збуцвелыя строі і чуе прытхласць.

Абудзілі яго воклічы натоўпу, званок і апладысменты… Гэта скончыўся першы заезд. Раптам ён кінуў позірк на дарогу і ўбачыў, як за агароджу заязджае карэта графіні, у якой была сама графіня побач са старшынёвай, а спераду – пан Ленцкі з дачкою.

Вакульскі сам не заўважыў, як ён збег з галерэі і як увайшоў у кола. Некага ён штурхануў, нехта пытаўся ў яго пра білет… Ён імкнуўся наперад і адразу наскочыў на карэту. Лёкай графіні пакланіўся яму з козлаў, а пан Ленцкі выгукнуў:

– Вось і пан Вакульскі!..

Вакульскі прывітаўся з панямі. Старшынёва са значэннем сціснула яго руку, а пан Ленцкі спытаў:

– Ці сапраўды пане Станіславе купіў кабылу Кшэшоўскага?

– Так.

– Ну, ведаеш, забаўна ты паддзеў яго і маёй дачцэ справіў неспадзяванку.

Панна Ізабэла з усмешкаю павярнулася да яго:

– Я пайшла з цёткаю ў заклад, – сказала яна, – што барон не ўтрымае свае кабылы да скачак, і выйграла, а другі раз паспрачалася з пані старшынёвай, што кабыла выйграе…

Вакульскі абышоў карэту і наблізіўся да панны Ізабэлы, якая працягвала:

– Насамрэч, мы прыехалі толькі на гэты заезд: пані старшынёва і я. Бо цётка ўдае, што яе злуюць скачкі… Ах, пане, павінны пан выйграць…

– Калі пані пажадае, выйграю, – адказаў Вакульскі, пазіраючы на яе з захапленнем…

Ніколі яна не здавалася яму такой прыгожай, як зараз, у гэтым сваім парыве. Ён нават не марыць не мог, каб яна гэтак ласкава размаўляла з ім.

Ён паглядзеў на прысутных. Старшынёва была вясёлая, графіня ўсміхалася, пан Ленцкі ззяў. Лёкай графіні на козлах ішоў у заклад з фурманам, што Вакульскі выйграе. Навокал віравала радасць і весялосць. Радаваўся натоўп, галерэя, каляскі. Кабеты ў рознакаляровых строях былі прыгожыя, як кветкі, і жвавыя, як птушкі. Музыкі гралі фальшыва, але хвацка, коні іржалі, спартсмены спрачаліся, гандляры расхвальвалі сваё піва, апельсіны і пернікі. Радавалася сонца, неба і зямля, а ў Вакульскага з’явілася гэткае дзіўнае адчуванне, што ўсіх і ўсё ён хацеў бы схапіць у абдымкі.

Адбыўся другі заезд, музыка зноў зайграла. Вакульскі пабег да трыбуны, а спаткаўшы Юнга, які з сядлом пад пахаю якраз вяртаўся з вагаў, ціха сказаў яму:

– Пане Юнг, мусім выйграць… Сто рублёў звыш умовы… Нават калі кабыла здохне…

– Вох!.. – прастагнаў жакей, гледзячы на яго з выразам суровага здзіўлення.

Вакульскі загадаў, каб яго каляска пад’ехла бліжэй да графіні, і вярнуўся да паняў. Уразіла яго, што каля іх нікога не было. Маршалак і барон, праўда, наблізіліся да іх каляскі, але, холадна прынятыя паннай Ізабэлай, хутка адышлі. Толькі маладыя людзі кланяліся здалёк і не затрымліваліся.

Перейти на страницу:

Похожие книги