Читаем ЛЯЛЬКА полностью

“Разумею, – падумаў Вакульскі. – Астудзіла іх пыл навіна пра аўкцыён дома. А цяпер, – звярнуўся ён у думках да панны Ізабэлы і пазіраючы на яе, – пераканайся сама, хто насамрэч цябе кахае, а не твой маёнтак”.

Зазванілі на трэці забег. Панна Ленцкая паднялася з сядзення, а на твары ў яе выступіла чырвань.

Паблізу ад яе з мінаю знуджанага чалавека праехаў Юнг на Султанцы.

– Будзь спрытнаю! Ты – красуня!.. – крыкнула ёй панна Ізабэла.

Вакульскі ўскочыў у сваёй калясцы і адкрыў ларнетку. Ён гэтак засяродзіўся на заездзе, што на момант нават выпусціў з віду панну Ізабэлу. Секунды расцягваліся яму ў гадзіны, здавалася, што ён злучаны з трыма коньмі, што рыхтаваліся да старту, і што кожны іх нязначны рух ён адчувае ўсім целам. Яму здавалася, што яго кабыла недастаткова гарачая, што Юнг занадта нядбалы. Да яго даляталі абрыўкі размоваў:

– Юнг возьме…

– Але… Зірні, пан, на таго гнядога…

– Даў бы дзесяць рублёў, каб Вакульскі выйграў… Заткнуў бы графаў за пояс…

– Кшэшоўскі ашалеў бы…

Званок. Тры коні з месца рушылі ў галоп.

– Юнг першы…

– Нічога…

– Ужо прайшлі паварот…

– Першы паварот, а гняды ўжо за ім…

– Другі… Зноў вымкнуўся…

– Але гняды ідзе…

– Пунсовая куртка ззаду…

– Трэці паварот… Але ж Юнг на іх не зважае…

– Гняды даганяе…

– Гляньце!.. Гляньце!.. Пунсовы пераганяе гнядога…

– Гняды апошні… Прайграў пан…

– Пунсовы пераганяе Юнга…

– Не дагоніць, ужо пасылае каня…

– Але… Але… Брава, Юнг!.. Брава, Вакульскі!.. Кабыла бяжыць, як вада!.. Брава!..

– Брава!.. Брава!..

Званок. Юнг выйграў. Высокі спартсмен узяў кабылу за аброць, падвёў да трыбуны суддзяў і загукаў:

– Султанка!.. Жакей Юнг!.. Гаспадар ананім…

– Які ананім?!. Вакульскі… Брава, Вакульскі!.. – выбухнуў натоўп.

– Гаспадар пан Вакульскі! – паўтарыў высокі спартсмен і адправіў каня на аўкцыён.

Натоўп з шалёным энтузіязмам вітаў Вакульскага. Аніводзін забег яшчэ гэтак не ўзрушаў гледачоў, яны цешыліся, што варшаўскі купец пабіў двух графоў.

У гэты момант прыбег высокі спартсмен.

– Пане Вакульскі, – сказаў ён, – вось грошы. Трыста рублёў – узнагарода, а восемсот – за кабылу, якую я купіў…

Вакульскі з пачкам банкнотаў павярнуўся да панны Ізабэлы:

– Ці дазволіць пані, каб я ў яе рукі склаў гэтае ахвяраванне на прытулак?

Панна Ізабэла прыняла пачак з усмешкаю і мілым позіркам…

Тут нехта штурхануў Вакульскага. Гэта быў барон Кшэшоўскі. Зялёны ад злосці ён падышоў да каляскі і па-французску звярнуўся да панны Ізабэлы:

– Цешуся, кузінка, што твае паклоннікі трыумфуюць… Прыкра мне толькі, што за мой кошт… Вітаю паняў! – дадаў ён, кланяючыся графіні і старшынёвай.

Твар графіні спахмурнеў, пан Ленцкі збянтэжыўся, панна Ленцкая пабляднела. Барон нярвова паправіў пенснэ, якое спадала ў яго з носа, і працягваў, не зводзячы вачэй з панны Ізабэлы:

– Гэтак… Мне асабліва шанцуе на аматараў кузінкі…

– Бароне, – з перасцярогаю звярнулася да яго старшынёва.

– Я ж нічога кепскага… Кажу толькі, што мне шанцуе на…

Вакульскі, які стаяў ззаду, таргануў яго за плячо.

– На адно слова, пане, – сказаў ён.

– Ах, гэта пан, – адказаў барон, узіраючыся ў яго.

Яны адышлі ў бок.

– Пан мяне штурхануў, пане бароне…

– Вельмі перапрашаю…

– Мне гэтага недастаткова…

– Ці не сатысфакцыі пан хоча? – запытаўся барон.

– Менавіта.

– У такім выпадку, я да паслугаў, – сказаў барон, шукаючы візітоўку. – Ах, халера! Не ўзяў з сабою візітовак… Можа, пан мае нататнік з алоўкам?..

Вакульскі падаў яму візітоўку і нататнік, у якім барон напісаў свой адрас і прозвішча, не прамінуўшы зрабіць росчырк.

– Мне будзе прыемна, – дадаў ён, кланяючыся Вакульскаму, – разлічыцца за маю Султанку.

– Пастараюся задаволіць пана барона.

Яны абмяняліся самымі ветлівымі паклонамі і разышліся.

– Сапраўды, скандал! – прамовіў засмучаны пан Ленцкі, які бачыў гэты абмен ветлівасці.

Разгневаная графіня загадала ехаць дадому, не чакаючы сканчэння скачак. Вакульскі ледзьве паспеў вярнуцца да каляскі і развітацца з дамамі. Да таго, як коні рушылі, панна Ізабэла выхілілася і, падаючы Вакульскаму канцы пальцаў, ціха прамовіла:

– Merci, monseur

Вакульскі аслупянеў ад радасці. Ён застаўся яшчэ на адзін забег, нічога не бачачы навокал, а ў перапынку з’ехаў.

Проста са скачак Вакульскі паехаў да Шумана.

Доктар сядзеў каля адчыненага акна ў падраным шлафроку на ваце і ўносіў папраўкі ў трыццацістаронкавую этнаграфічную брашурку, на напісанне якое спатрэбіліся тысячы назіранняў і чатыры гады жыцця. Гэта было даследаванне пра колер і форму валасоў насельнікаў Польскага Каралеўства. Вучоны доктар уголас сцвярджаў, што гэтая праца разыдзецца не больш чым у некалькіх дзясятках экземпляраў, але паціху загадаў надрукаваць чатыры тысячы асобнікаў і быў упэўнены ў другім выданні.

Апроч кпінаў над сваім улюбёным заняткам і нараканняў, што ён нікога не цікавіць, у глыбіні душы Шуман быў перакананы, што ў цывілізаваным свеце няма чалавека, які б у найвышэйшай ступені не быў зацікаўлены пытаннем колеру валасоў і таго, як даўжыня суадносіцца таўшчынёю. Менавіта ў гэтую хвіліну ён вырашаў, ці не варта было б напачатку даследавання напісаць афарызм: “Пакажы мне свае валасы, і я скажу, хто ты”.

Перейти на страницу:

Похожие книги