“Ага!.. – думаў ён. – Стрэлю, а ён будзе кульгаць да канца жыцця і расказваць: гэту смяротную рану я атрымаў у двубоі з баронам Кшэшоўскім!.. Дажыўся… Што яны нарабілі, каханыя мае секунданты?.. Калі ўжо нейкі купчык гвалтам хоча страляць у мяне, дык хай страляе, прынамсі, як я іду на шпацыр, а не на двубоі… Жахлівае становішча!.. Уяўляю сабе, як мая дарагая жонка будзе апавядаць, што я б’юся з купцамі…”
Пад’ехалі каляскі. У адну сеў барон з графам-англічанінам, у другую – маўклівы егіптолаг з пісталетамі і хірургам. Рушылі ў бок Бялянаў, а праз некалькі хвілін паімчаў за імі лёкай барона, Канстанты, у брычцы. Адданы слуга лаяўся на чым свет стаіць і кляўся, што ўдвая заплаціць яму пан за гэту прагулку. Быў ён, аднак, устрывожаны.
У бялянскім ляску барон і трое яго таварышаў знайшлі партыю праціўніка і двума групамі пайшлі на бераг Віслы. Доктар Шуман быў злы, Жэцкі суровы, Вакульскі пахмурны. Барон, паціраючы сваю рэдкую бараду, пазіраў на яго і думаў: “Ён, пэўна, добра харчуецца, гэты купчык. Я ў параўнанні з ім выглядаю, як аўстрыйская цыгара побач з быком. Каб мяне д’яблы забралі, калі я не стрэлю гэтаму блазну ў галаву або… зусім не буду страляць… Гэтак будзе найлепш…”
Але ён зноў прыгадаў, што двубой павінны быць да першае крыві. Тады барон раззлаваўся і канчаткова вырашыў забіць Вакульскага на месцы.
“Раз і назаўсёды адвучыць гэтых лыкаў137
выклікаць нас,” – казаў сабе барон.За нейкі дзясятак крокаў ад яго Вакульскі, як маятнік, хадзіў паміж дзвюма хвоямі. Цяпер ён не думаў пра панну Ізабэлу, ён слухаў птушынае шчабятанне, ад якога кіпеў лес, і плюскат Віслы, якая падмывала бераг. На фоне гукаў спакойнага шчасця прыроды дзіўна гучала шчоўканне затвораў пісталетаў ды трэск куркоў. У Вакульскім абудзіўся драпежнік, увесь свет знік з яго вачэй, а застаўся толькі адзін чалавек, барон, труп якога ён меў прывалачы да ног абражанае панны Ізабэлы.
Паставілі іх да бар’ера. Барон быў усё яшчэ заклапочаны, бо не ведаў, што зрабіць з купчыкам, і канчаткова вырашыў прастрэліць яму руку. На твары Вакульскага адбівалася гэткая дзікая заядласць, што здзіўлены граф-англічанін падумаў: “Тут, бадай, не кабыла і не штурханіна на скачках!..”
Егіптолаг, які дагэтуль маўчаў, скамандаваў. Праціўнікі паднялі пісталеты і рушылі. Барон прыцэліўся Вакульскаму ў правую ключыцу і, апускаючы пісталет, далікатна прыціснуў курок. У апошні момант ссунулася яму пенснэ, пісталет схібіў на волас, выстрал – куля праляцела на цалю ад пляча Вакульскага.
Барон прыкрыў твар пісталетам і, гледзячы з-пад яго думаў: “Не трапіць гэты асёл… Мерыцца ў галаву…”
Раптам ён адчуў моцны ўдар у скронь, зашумела яму ў вушах, чорныя птахі паляцелі перад вачыма… Ён выпусціў з рукі зброю і ўкленчыў…
– У галаву!.. – крыкнуў нехта.
Вакульскі кінуў пісталет на зямлю і адышоў ад бар’ера. Усе пабеглі да барона, які стаяў яшчэ на каленях і, замест таго, каб паміраць, пранізліва крычаў:
– Неверагодны выпадак! Маю дзюрку ў твары, зуб выбіты, а кулі не відно… Не праглынуў жа я яе…
Тады егіптолаг падняў і старанна агледзеў пісталет барона.
– А!.. – выгукнуў ён. – Усё ясна… Куля – у пісталет, а затвор – у сківіцу… Пісталет сапсаваны; вельмі цікавы стрэл…
– Ці задаволены пан Вакульскі? – спытаў граф-англічанін.
– Так.
Хірург перавязаў твар барону. З-за дрэваў прыбег спалоханы Канстанты.
– А што?! – гаварыў ён. – Я ж казаў, дайграецца ясны пан.
– Маўчы, блазан!.. – прашапяляў барон. – Едзь зараз жа да пані баранесы і скажы кухарцы, што я цяжка паранены…
– Прашу праціўнікаў падаць адзін аднаму рукі, – урачыста прамовіў граф-англічанін.
Вакульскі падышоў да барона і паціснуў яму руку.
– Добры стрэл, пане Вакульскі, – з цяжкасцю казаў барон, моцна паціскаючы яму руку. – Дзівіць мяне, што чалавек з прафесіяй пана… Але, можа, гэта абражае пана?..
– Зусім не!
– Дык вось, што чалавек з прафесіяй пана, вельмі, зрэшты, шаноўнай, гэтак добра страляе… Дзе маё пенснэ?.. Ах, тут… Пане Вакульскі, прашу на адно слова…
Ён абапёрся на руку Вакульскага і адышоў з ім на некалькі крокаў у бок лесу.
– Я знявечаны, – казаў барон, – выглядаю, як старая малпа з флюсам. Другога скандалу з панам я б не хацеў, бо бачу, што пану шанцуе… Дык скажы мне, пан: за што я, уласна, стаў калекам?.. Хіба не за тое, што штурхануў… – дадаў ён, зазіраючы ў вочы.
– Абразіў пан кабету… – ціха адказаў Вакульскі.
Барон адступіў на крок.
– Ах!..
– І пан мне прабач, бароне, – адказаў Вакульскі.
– Драбяза… Калі ласка… Нічога, – казаў барон, кранаючы яго за плячо. – Не застануся, хіба, знявечаным, а што да зуба… Дзе мой зуб, доктар?.. Прашу загарнуць яго ў паперку… А што да зуба, дык даўно ўжо трэба было паставіць сабе новыя. Не паверыш, пане Вакульскі, якія ў мяне папсаваныя зубы…