Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Яму стала прыкра, ён апусціў галаву на рукі і з заплюшчанымі вачыма маракаваў: “Што ж я раблю?.. Свядома дапамагаю махляру красці. Каб я сёння памёр, дык грошы тыя мусіў бы вярнуць Кшэшоўскі… Не, гэта Марушэвіч пайшоў бы ў астрог… Ну, гэтага яму не мінуць…”

Хутка агарнуў яго яшчэ горшы песімізм.

“Чатыры дні таму я ледзь не забіў чалавека, сёння іншаму збудаваў мост у вязніцу і ўсё гэта дзеля яе за адно merci… Ну, дзеля яе таксама я зарабіў маёнтак, даю працу сотням людзей, памнажаю багацце краю… Чым жа я быў бы без яе? Дробным галантарэйным купцом. А сёння гаворыць пра мяне ўся Варшава. Анягож!.. Кавалак вугалю рухае карабель, які нясе сотні людзей, а каханне рухае мною. А калі яно спаліць мяне, што застанецца толькі жменя попелу?.. О Божа, які нэндзны гэты свет… Мае рацыю Ахоцкі. Кабета – паганая жывёліна: бавіцца тым, чаго нават зразумець не можа…”

Ён быў гэтак паглыблены ў сваю балесную медытацыю, што не пачуў, як адчыніліся дзверы ў пакой і пачуліся хуткія крокі. Апрытомнеў ён толькі ад дотыку чыёйсьці рукі. Павярнуў галаву і ўбачыў мецэната з вялікай папкаю пад пахаю ды змрочным выразам на твары.

Вакульскі ўскочыў, збянтэжаны, пасадзіў госця ў фатэль, а славуты адвакат абапёрся на стол і, хутка паціраючы сабе карак, прамовіў прыцішаным голасам:

– Пане… пане… пане Вакульскі! Каханы пане Станіславе!.. Што ты… што ты творыш, пан дабрадзей?.. Пратэстую… пярэчу… складаю апеляцыю на вяльможнага пана Вакульскага, легкадумнага пана Станіслава, які з хлопца на пабягушках стаў вучоным і меўся рэфармаваць нам замежны гандаль. Пане… пане Станіславе – гэтак няможна!

Кажучы гэта, ён цёр сабе карак і моршчыўся, нібы наеўся хініну.

Вакульскі апусціў вочы і маўчаў, адвакат казаў далей:

– Дарагі пане, адным словам, кепска. Граф Саноцкі, памятае яго пан, той прыхільнік ашчаджаць кожны грош, хоча зусім выйсці з суполкі. А ведае пан, чаму? З дзвюх прычын: найперш з-за таго, што бавішся, пан, скачкамі, ды яшчэ і абходзіш яго. Разам з панскаю кабылаю скакаў і яго конь ды прайграў. Граф вельмі раззлаваны і бурчыць: “Якога д’ябла мне траціць грошы? Каб даваць купцам магчымасць спаборнічаць са мною і хапаць узнагароды ў мяне з-пад носу?..”

– Дарэмна я пераконваў яго, – працягваў адвакат пасля кароткае паўзы, – што скачкі таксама з’яўляюцца гэткім жа добрым інтарэсам, як і кожны іншы, а нават яшчэ лепшым, бо за некалькі дзён на васьмістах рублях зарабіў пан трыста, але граф адразу заткнуў мне рот:

“Вакульскі, – сказаў ён, – усю выйграную за каня суму аддаў дамам на прытулак, і, апроч таго, Бог ведае, колькі ён заплаціў Юнгу ды Мілеру…”

– Дык мне нават гэтага рабіць нельга! – не стрымаўся Вакульскі.

– Можна, пане, можна, – соладка дазволіў славуты адвакат. – Можна рабіць, але калі пан гэта робіць, дык толькі паўтарае чужыя грахі, якія, зрэшты, іншыя ўмеюць рабіць значна лепш. Але ні я, ні князь, ні тыя графы не дзеля таго зблізіліся з панам, каб слухаць старыя казкі, а дзеля таго, каб ты паказаў нам новыя шляхі.

– Дык няхай выходзяць з суполкі, – буркнуў Вакульскі, – я іх не цягну…

– І выйдуць, – сказаў адвакат, махаючы рукою, – зрабі, пан, яшчэ хоць адну памылку…

– Нібы я іх гэтак шмат нарабіў!..

– Не, пан – проста цуд, – злаваўся адвакат. – А хоць ведае пан, што казаў граф Ліціньскі, той нібы-англічанін, той “тэк”?.. Ён казаў: “Вакульскі – гэта гатовы джэнтльмен, страляе як Німрод140, але які з яго кіраўнік купецкае справы? Бо сёння ён кіне мільёны ў прадпрыемства, а заўтра выкліча некага на двубой і паставіць усё пад удар…”

Вакульскі аж адсунуўся разам з фатэлем. Гэты папрок нават не прыходзіў яму ў галаву. Мецэнат, заўважыўшы такое ўражанне, вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае.

– Дык калі не жадаеш, каханы пане Станіславе, сапсаваць гэтак добра пачатую справу, спыніся. А перадусім не купляй камяніцу Ленцкіх. Бо калі ўкладзеш у яе дзевяноста тысяч рублёў, даруй, але суполка развеецца, як дым з люлькі. Людзі, як пабачаць, што ты змяшчаеш столькі грошай пад шэсць або сем працэнтаў, страцяць веру ў тыя працэнты, якія ты ім абяцаў, а нават… Разумееш?.. Яны гатовыя падазраваць…

Вакульскі ўскочыў.

– Не жадаю я ніякіх суполак!.. – крыкнуў ён. – Не жадаю нічые ласкі, хутчэй, гэта я сам раблю яе іншым. Хто мне не давярае, няхай праверыць усё… няхай пераканаецца, што не было ніякае містыфікацыі, але – не будзе ўжо ён маім супольнікам. Графы і князі не маюць манаполіі на фантазію… У мяне свае фантазіі, і мне не падабаецца, каб мне заміналі…

– Паволі… паволі… супакойся, каханы пане Станіславе, – улагоджваў яго адвакат, усаджваючы назад у фатэль. – Дык не адмаўляешся ад пакупкі?..

– Не. Тая камяніца больш для мяне значыць, чым суполка з панамі ўсяго свету.

– Добра, добра… Дык, можа б, на нейкі час падставіў замест сябе некага. У скрайнім выпадку, нават я гатовы пазычыць табе імя, а пра забеспячэнне ўласнасці не трэба клапаціцца. Галоўнае, не адштурхнуць людзей, якія ўжо ёсць. Арыстакратыя, калі рассмакуе публічныя справы, можа, уцягнецца, а праз год, праз палову года станеш, пан, і намінальным гаспадаром камяніцы. Што, згода?

Перейти на страницу:

Похожие книги