Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Першы раз яна зусім яго не бачыла, адчувала толькі набліжэнне нейкага вялізнага ценю.

Быў нехта, які кінуў некалькі тысяч рублёў на дабрачыннасць і на прытулак яе цёткі, потым нехта гуляў з яе бацькам у карты ў рэсурсе і кожны дзень прайграваў, потым быў нехта, які выкупіў вэксалі яе бацькі (можа, гэта не Вакульскі?..), пасля – яе сервіз, а потым даставіў розныя рэчы на ўпрыгожанне Труны Гасподняе.

Тым некім быў зухаваты нуварыш, які ўжо год як не спускаў з яе вачэй у тэатрах і на канцэртах. Быў гэта цынічны дзікун, які дарабіўся маёнтку на сумнеўных спекуляцыях з мэтаю купіць сабе рэпутацыю ў людзей, а яе, панну Ізабэлу Ленцкую – у яе бацькі!..

З тае пары яна памятала толькі ягоную груба высечаную фігуру, чырвоныя рукі і шорсткае абыходжанне, якое ў параўнанні з ветлівасцю іншых купцоў выглядала нязносным, а на фоне веераў, сакваяжаў, парасонаў, кійкоў ды іншае галантарэі – проста смешным. Гэта быў хітры і нахабны купчык, які ў сваёй краме рабіў выгляд міністра ў адстаўцы. Быў ён гнюсны, нават да смерці ненавісны, бо наважыўся дапамагаць ім: купіў сервіз і прайграваў у карты бацьку.

Яшчэ сёння, думаючы пра гэта, панна Ізабэла пачынала драпаць і камячыць на сабе сукенку. Часам яна кідалася на шэзлонг, біла па ім кулакамі і шаптала:

– Нікчэмнік!.. Нікчэмнік!..

Ужо адна перспектыва той нядолі, у якую занепадала іх сям’я, выклікала роспач. А што казаць, калі нехта ўлез за заслону яе самых патаемных сакрэтаў і насмельваўся бінтаваць яе раны, якія яна хацела б схаваць ад самога Бога. Яна ўсё магла прабачыць, апроч гэтага ўдару, які атрымала па сваім гонары.

Тут дэкарацыі раптам змяніліся. Выступіў іншы чалавек, які без ценю сумневаў заявіў ёй, што купіў іх сервіз, каб зарабіць на ім. Значыць, ён адчуваў, што раны панны Ізабэлы Ленцкай гаіць нельга, а каб ён нават гэта і зрабіў, дык не толькі не шукаў бы розгаласу або ўдзячнасці, але не наважыўся б і думаць пра гэта.

Той самы чалавек выгнаў з крамы Мрачэўскага, які меў нахабства без пашаны пра яе выказацца. Дарэмна ворагі панны Ізабэлы – барон і баранеса Кшэшоўскія – заступаліся за гэтага маладзёна, дарэмна закінула за яго слова цётка-графіня, якая мала калі дзякавала і яшчэ менш калі прасіла. Вакульскі не саступіў… Але адно слова яе, панны Ізабэлы, перамагло непераадольнага чалавека, ён не толькі адступіў ад свайго рашэння, але нават даў Мрачэўскаму лепшую пасаду. Не робіцца гэтакіх саступак кабеце, якую не шануюць.

Шкада толькі, што амаль адразу ж у яе паклонніку азваўся сапраўдны нуварыш, які кінуў на квесце цэлы скрутак паўімперыялаў. Ах, як гэта было па-купецку!.. І як ён ані слова не разумее па-англійску, нават уяўлення не мае пра мову, гэтак модную цяпер!..

Трэцяя фаза. Яна пабачыла Вакульскага ў салоне цёткі на першы дзень Вялікадня і заўважыла, што ён на галаву вышэйшы за ўсіх у таварыстве. Арыстакраты самі імкнуліся пазнаёміцца з ім, а ён, гэты брутальны нуварыш, адрозніваўся ад іх, як агонь ад дыму. Хадзіў ён там нязграбна, але ўпэўнена, нібы салон быў яго неаспрэчнаю ўласнасцю, і са змрочным выглядам слухаў кампліменты, якія гучалі з усіх бакоў. Потым паклікала яго да сябе самая важная з матрон, старшынёва, і праз некалькі хвілін размовы горка заплакала… Няўжо гэты нуварыш з чырвонымі рукамі?

Раптам панна Ізабэла зразумела, што Вакульскі мае незвычайны твар. Рысы выразныя і дакладныя, кароткія валасы натапыраныя нібы ад гневу, невялікія вусы і бародка, манументальная фігура, позірк ясны і праніклівы… Каб гэты чалавек замест крамы меў зямельную ўласнасць – быў бы вельмі прывабным, каб нарадзіўся князем – быў бы велічна прыўкрасным. Ва ўсякім разе, нагадваў бы Тросці, палкоўніка стральцоў, і, сапраўды, скульптуру гладыятара-пераможцы.

Тым часам ад панны Ізабэлы аддаліліся амаль усе.

Праўда, старыя паны яшчэ засыпалі яе кампліментамі пра яе прыгажосць і элегантнасць, затое маладыя, асабліва тытулаваныя ды заможныя, ставіліся да яе з прахалодаю і стрымана, а калі яна, стомленая ад адзіноты і банальнасцяў, крыху жывей да некага з іх азывалася, дык той пазіраў на яе з яўным страхам, нібыта баяўся, што яна схопіць яго за карак і зараз жа пацягне да алтара.

Салоннае жыццё панна Ізабэла любіла да смерці, сысці з яго магла толькі ў магілу, але з кожным годам, а нават месяцам, яна ўсё больш пачынала пагарджаць людзьмі, бо не разумела, як кабету гэткае прыгажосці, дабрыні і выхавання свет пакідаў толькі з-за таго, што яна засталася без грошай!..

“Што за людзі, Божа міласэрны!..” – шаптала яна не раз, пазіраючы з-за фіранак на каляскі фарсуноў, якія, праязджаючы, старанна адварочвалі галовы ад яе вокнаў, каб не кланяцца. Няўжо яны мяркуюць, што яна глядзіць на іх?..

Але, сапраўды, яна глядзела на іх!

Тады гарачыя слёзы набягалі ёй на вочы, яна кусала ад злосці прыгожыя вусны і аж рвала шнуркі, засланяючы вокны фіранкамі.

“Што за людзі!.. Што за людзі!..” – паўтарала яна, саромеючыся сама перад сабою ўжыць у дачыненні да іх нейкі больш востры эпітэт, бо яны ж належалі да свету. Нікчэмнікам, паводле яе ўяўлення, можна было назваць толькі Вакульскага.

Перейти на страницу:

Похожие книги